Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рацыя Гамэра


31 траўня 1873 году на ўзараным уздоўж і ўпоперак узгорку Гісарлык у Турцыі сьвята. Ужо а восьмай раніцы жонка гаспадара раскопак, гэтага хворага на галаву ці то немца, ці амэрыканца, ці то расейца, што шукае тут нейкія скарбы, раптам крычыць рабочым «Пайдос!» — а гэта значыць, працоўны дзень, які толькі пачаўся, ужо скончаны. Абвяшчаецца, што яны могуць атрымаць грошы і ісьці дахаты. Гаспадара, Гайнрыха Шлімана, тут ня тое што ня любяць — не, чалавек ён неблагі і плаціць сумленна, але нядаўна вось забараніў перакуры: ну ці ж не вар’ят? І гаворыць пры гэтым ледзьве не на дзесяці мовах — які чалавек у сваім розуме будзе марнаваць час на такое? А дачку ў яго ведаеце, як завуць? Андрамаха! Ха-ха-ха!

Рабочыя сыходзяць, застаецца толькі турэцкі чыноўнік, які мусіць сачыць за ходам раскопак, але ён сьпіць, як пшаніцу ў Стамбуле прадаўшы. Шліман з жонкай застаюцца адны і сьпяшаюцца туды, дзе пад не да канца ачышчаным ад зямлі шасьцімэтровым мурам гадзіну таму бліснула нешта, што прымусіла сэрца археоляга-самавучкі біцца часьцей. Ён бярэ нож і асьцярожна пачынае капаць. Празь нейкі час на сьвет божы зьяўляюцца кінжалы, сякеры, мячы, шчыт, наканечнікі дзідаў зь медзі, кубак з электрону, кацёл, міса, а яшчэ залатыя кубкі, срэбраныя зьліткі і нейкі аплаўлены прадмет, падобны да вялікага ключа... Ключа ад палацу, пад якім ён адшукаў Прыямавы скарбы. А значыць, Гамэр нічога ня выдумаў! Яго Троя існавала, і ён яе знайшоў!

Так, прынамсі, лічыць сам Шліман. Жонка — ягоная другая жонка, якую ён купіў за сто пяцьдзясят тысяч франкаў, зрабіўшы ёй папярэдні іспыт па антычнай літаратуры, а ўжо потым закахаўся ў яе бяз памяці — кладзе ўсё гэта ў свае кошыкі, а што не зьмясьцілася, загортвае ў шаль. Неўзабаве Шліманы хуценька зьедуць адсюль, парушыўшы дамоўленасьць з асманскім урадам адносна таго, што ўсе скарбы мусяць быць падзеленыя напалову паміж археолягам і дзяржавай, а пра знаходку Шлімана загавораць на ўсіх мовах сьвету. Згрызоты сумленьня будучага бацьку археалёгіі ня мучаюць. Па-першае, яго тут ужо і самога падманвалі і абкрадалі, па-другое, гэта ягоная Троя, яго і нічыя больш — той Іліён, пошукі якога зрабіліся сэнсам яго жыцьця. Яшчэ ў школе ён напісаў сачыненьне на тэму Траянскай вайны і з тае пары марыў знайсьці яе, на свае вочы ўбачыць тое, што некалі так узрушыла і сьнілася яму потым дзесяцігодзьдзямі. І вось мара ўвасобілася ў жыцьцё — Шліман сам не разумее, плакаць яму ці сьмяяцца.

Затое сур’ёзныя вучоныя не пераймаюцца ягоным выбарам паміж сьмехам і сьлязьмі, яны проста абураныя. Ды які, маўляў, археоляг з чалавека, які разбагацеў на кантрабандзе прускай салетры ў Расею? Раскопкамі ён займаўся па-шкалярску, ніякага дачыненьня да Прыяма знойдзеныя ім «гаршкі» ня маюць. «Падзяліўся б лепш сваімі мільёнамі з сапраўднымі вучонымі», — бурчыць адзін венскі прафэсар. — «Мо тады б і заслужыў месца ў гісторыі — гісторыі мэцэнацтва».

Так, ён знайшоў Трою — але ня тую: вывезены ім з Турцыі скарб быў на тысячу гадоў старэйшы за Гамэравы часы. Высьветліцца, што Гамэраву Трою ён проста зьнішчыў — гэты пласт ляжаў занадта блізка да паверхні, і Шліман не зьвярнуў на яго ўвагу. Перад раскопкамі мільянэр, які так і ня скончыў гімназію празь беднасьць бацькоў, слухаў лекцыі ў Сарбоне — але не даслухаў, кінуў, надта ўжо мудрагеліста і тэарэтычна, а ён хацеў дзейнічаць, не губляючы моманту, як у выпадку з салетрай, як некалі з каліфарнійскім золатам. І разбурыў палову Гісарлыку дзеля аднаго скарбу... Дзеля Гамэравай Троі, у ахвяру якой былі прынесеныя шмат іншыя Трояў, ня менш рэальных.

Пазьней скажуць, што скарбу, хутчэй за ўсё, ніякага не было. Шліман проста паціху зьбіраў усё, знойдзенае падчас раскопак за некалькі гадоў, да кучы — каб у пэўны дзень абв ясьціць, што нечакана знайшоў Прыямавы багацьці. Скажуць, што Грэцыяй ён зацікавіўся толькі ў шасьцідзясятыя. Яму прыгадаюць мноства розных дробных падманаў і містыфікацый. Але ніхто ня зможа аспрэчыць ягонай апантанасьці і ягонай Троі. Гамэр меў рацыю — і ён злавіў яе далёкі сыгнал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG