Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Сініца і журавель


Блог Юрыя Дракахруста «Як плённа прайграць выбары», нягледзячы на сваю арыгінальнасьць, вызначаецца рацыянальным падыходам, які шмат каму можа падацца цынічным. Цяжка спрачацца з тым, што ў палітыцы трэба ставіць прагматычныя мэты. Прагматыкі ў параўнаньні зь летуценьнікамі ня толькі ў палітычным, але і ў звычайным жыцьці значна часьцей выйграюць. А палітыка, як усім вядома, — гэта мастацтва магчымага. Таму, на думку Юрыя, калі б апазыцыя ставіла задачу падчас прэзыдэнцкіх выбараў не перамагчы Лукашэнку, а выбраць толькі лідэра апазыцыі, то яна атрымала б шмат плюсаў.

Тым ня менш хацеў бы ня тое што аспрэчыць гэтую канцэпцыю, а проста адзначыць, што ў ёй ёсьць свае хібы. Найперш — пра галоўную зь іх. Прапанова Ю. Дракахруста грунтуецца на гіпотэзе, што шанцы перамагчы Лукашэнку ў 2015 годзе блізкія да нуля. І таму, маўляў, лепш ставіць прыземленыя мэты.

Шанцаў сапраўды няшмат. Але хітрасьць гісторыі ў тым, што яна робіць часам нечаканыя павароты, якія немагчыма пралічыць загадзя. Як казаў паэт зь іншай нагоды, «нам не дано предугадать...» Мы маем шмат прыкладаў, калі, здавалася б, моцныя, непрыступныя рэжымы нечакана развальваліся як картачныя домікі. І грамадзтва, якое дагэтуль спала, раптам прачыналася.

Да таго ж сацыялёгія даводзіць, што ніколі раней не было такога недаверу да дзейнага беларускага рэжыму і яго лідэра, як цяпер. І гэтая сытуацыя цягнецца ўжо два гады. А разбудзіць людзей могуць якраз прэзыдэнцкія выбары, якія заўсёды моцна палітызуюць грамадзтва.

А калі апазыцыя апрыёры ставіць задачу не перамагчы, не дагнаць, а толькі сагрэцца, то яна загадзя адмаўляецца выкарыстаць нават невялікія шанцы. А як казаў клясык рэвалюцыі, гісторыя не даруе рэвалюцыянэрам, якія маглі перамагчы сёньня...

У гэтым зьвязку згадваецца адзін сюжэт. У 2009 годзе я на запрашэньне МЗС Нямеччыны езьдзіў на сьвяткаваньні 20-годзьдзя падзеньня Бэрлінскага муру. Шмат было сустрэчаў зь відавочцамі тых падзеяў. На адной зь іх тагачасны гэдээраўскі дысыдэнт распавядаў, як недзе за два тыдні да падзеньня сьцяны праціўнікі камуністычнага рэжыму арганізавалі ў Бэрліне мітынг. На Аляксандэрпляц сабралася недзе каля мільёна чалавек. Былі выступы з патрабаваньнем дэмакратыі, свабоды слова, запалілі сьвечкі. І... разышліся. Я спытаўся ў гэтага мудрага чалавека, які шмат перажыў за сваё жыцьцё: а чаму вы разышліся? Маючы мільён пратэстоўцаў, можна было рабіць што заўгодна: браць будынак «штазі» ці ЦК партыі, прарваць праход у Бэрлінскім муры і інш. То бок — можна было браць уладу. Бо з такой колькасьцю людзей ніякае войска нічога ня зробіць. Маё пытаньне аказалася для яго нечаканым. Былы дысыдэнт на момант задумаўся, а потым сказаў: нам тады гэта нават у голаў не прыходзіла. Мы былі настолькі зачараваныя моцай той сыстэмы, што пра ўладу не маглі нават думаць.

Чую адразу пярэчаньні: што ты параўноўваеш, ну калі б у нас выйшаў на вуліцу мільён... Але я не пра колькасьць людзей на плошчы, я пра псыхалёгію. Бо псыхалёгія дысыдэнтаў, якой моцна заражаныя лідэры беларускай апазыцыі, стала адной з прычын падзеньня даверу да іх, перашкодай для выкарыстаньня нават невялікіх шанцаў.

Ю. Дракахруст піша: "Гарантавана зьяўленьне на гэтых выбарах фактару, які ўскладніць і так вельмі малаверагодны посьпех альтэрнатывы. Гаворка ідзе аб намечаным на 2015 год утварэньні Эўразійскага саюзу. Стаўленьне да гэтага саюзу стане праблемнай восьсю выбараў 2015 году, і фактычна на іх апазыцыйным кандыдатам давядзецца супрацьстаяць ня толькі А. Лукашэнку, але і У. Пуціну«.

Меркаваньне спрэчнае. Можа, для асобных палітыкаў гэтае пытаньне і стане «праблемнай восьсю», але не для грамадзтва, якое за шмат гадоў бясконцай інтэграцыі моцна стамілася ад усіх гэтых аб’яднаньняў і слаба рэагуе на новыя ініцыятывы. Вось той жа Мытны зьвяз — ядро Эўразійскага зьвязу — якраз ствараўся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Аднак гэтае пытаньне мала прысутнічала ў парадку дня тых выбараў. Чаму цяпер нешта павінна памяняцца? Чаму падпісаньне чарговых папер аб чарговым аб’яднаньні (абывацель ужо зьбіўся зь ліку) можа кагосьці ўзбудзіць? Да таго ж — вельмі верагодна, што дату ўтварэньня Эўразійскага зьвязу давядзецца пераносіць. Бо і Лукашэнка, і Назарбаеў даволі скептычна ставяцца да новага этапу інтэграцыі. І, магчыма, Пуціну будзе якраз супрацьстаяць Лукашэнка.

Пойдзем далей. Ю. Дракахруст вылучае наступны тэзіс: "Лукашэнка ня лічыцца зь нязгоднай зь ім меншасьцю ня толькі з прычыны кепскіх якасьцяў яго натуры, але і таму, што ня бачыць прадстаўніка гэтай меншасьці«.

Але за амаль 19 гадоў кіраваньня Лукашэнкі былі розныя часы. На пачатку гэтага пэрыяду былі даволі выразныя і прызнаныя прадстаўнікі гэтай меншасьці. Напрыклад, апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Памятаеце, што ён зрабіў з апазыцыйнымі дэпутатамі-галадоўнікамі ў кастрычніку 1995 году? Потым у Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня была фракцыя «Грамадзянскае дзеяньне». Пасьля рэфэрэндуму 1996 году апазыцыю прадстаўлялі рэшткі таго Вярхоўнага Савету. У 2005–2007 годзе Аляксандар Мілінкевіч быў усімі прызнаным прадстаўніком пратэстнага электарату. Але Лукашэнка не прызнаваў увогуле існаваньня меншасьці. Дый сёньня не прызнае — маўляў, ёсьць толькі «пятая калёна».

Яшчэ адзін момант. Ю. Дракахруст прапануе, што той кандыдат, які набярэ на прэзыдэнцкіх выбарах больш галасоў, павінен быць прызнаны лідэрам апазыцыі. І тут узьнікае пытаньне: хто ж будзе лічыць? Ярмошына? Але ў сытуацыі, калі Ярмошына павінна будзе вызначыць лідэра апазыцыі, чаму вы думаеце, што ўлада не скарыстаецца момантам і не налічыць большасьць галасоў найслабейшаму кандыдату? Ці нейкаму падстаўному? Ці, напрыклад, Гайдукевічу? Як вам спадабаецца Сяргей Васільевіч у ролі лідэра апазыцыі?

Можаце сказаць, што Ярмошыну можна праверыць з дапамогай незалежнай сацыялёгіі. Так. Але ўзгадайце, якія жарсьці выклікалі дадзеныя НІСЭПД наконт удзелу ў парлямэнцкіх выбарах. А пытаньне пра лідэра — больш палітычна вострае.

І, нарэшце, апошняе. Чаму дамовіцца пра лідэра апазыцыі будзе лягчэй, чым пра адзінага кандыдата? У другім выпадку можна апэляваць да высокіх пачуцьцяў (маўляў, на карту пастаўлены лёс Бацькаўшчыны). А да чаго апэляваць пры выбары лідэра, калі кожны з апазыцыйных кіраўнікоў бачыць сябе на гэтым месцы?

Дарэчы, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч каля двух гадоў меў рэйтынг больш за 10%. Аднак іншыя апазыцыйныя лідэры ў 2007 годзе адмыслова арганізавалі Кангрэс дэмакратычных сілаў, каб пазбавіць Мілінкевіча гэтага статусу. І тое, што ён не перамог Лукашэнку, было толькі зьнешняй падставай для гэтага.

Таму плённа прайграць наўрад ці ўдасца. Не заўсёды сініца ў руцэ лепшая, чым журавель у небе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG