Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень перамогі


14 траўня 1995 году ў Беларусі народ сказаў «так». Коратка, проста і ясна, як у загсе. Насамрэч ён, вядома, сказаў ня «так», а «да», і не адзін раз, а чатыры, вось так: «да-да-да-да», проста Трыстан Цара нейкі ў квадраце, але з павагі да народу чаго толькі сабе ня ўявіш.

Напрыклад, некаторыя, і я ў тым ліку, яшчэ задоўга да таго «гістарычнага волевыяўленьня» выразна ўяўлялі сабе нейкі свой, пэрсанальны і партатыўны беларускі народ, які, калі спатрэбіцца, скажа цьвёрдае і рашучае «не» і выйдзе куды-небудзь шчыльнымі радамі ў крывавых муках. І не адзін раз скажа, а ўсе чатыры, хаця цяпер, у 2013-м, і адно народнае «не» ўспрымалася б як перамога. Але ў 1995-м народ сказаў «да-да-да-да», як быццам хацеў як мага хутчэй скончыць надакучлівую тэлефонную размову, і пайшоў сабе шчыльнымі радамі на работу. Бо заўтра быў панядзелак. І пасьлязаўтра. І праз год, і праз восем гадоў. Народ любіць панядзелкі. Ня менш за суботнікі.

Як вядома, на тым «рэфэрэндуме» перад народам былі пастаўленыя чатыры няпростыя пытаньні. І першае зь іх гучала прыкладна так:

«Ці згодныя вы, каб вам, а таксама вашым дзецям, унукам і праўнукам паадразалі вашы паганыя языкі? Каб вы, падлы, запомнілі нарэшце, з чым пішацца „жы“ і „шы“?»

«Да!» — радасна сказалі восемдзесят тры адсоткі беларусаў. «Хацім!»

Дэмакратыя, што паробіш. Давялося рэзаць. Другое пытаньне было трохі больш складанае. Сэнс яго зводзіўся прыкладна да наступнага: «Ці падтрымліваеце вы прапанову аб абавязковым і пагалоўным татуяваньні ўсіх беларусаў у нацыянальныя колеры Рэспублікі Гвінэі-Бісаў зь невялікімі зьменамі і аб прымусовай ампутацыі ў кожнага грамадзяніна РБ лімбічнай сыстэмы ягонага галаўнога мозгу?»

«Да!» — сказалі семдзесят пяць адсоткаў. — «Спасіба! Хацім!»

Пытаньне трэцяе. «Ці падтрымліваеце вы...»

«Хацім!» — сказалі беларусы, нават не даслухаўшы.

На чацьвёртае пытаньне можна было і не адказваць. Але народ усё адно сказаў «да», бо галоўнае ў жыцьці што? Пасьлядоўнасьць. Яна, пасьлядоўнасьць, здольная ў любы момант элегантна і хутка кампэнсаваць адсутнасьць любых іншых талентаў. А момант у траўні 1995-га быў якраз вельмі прыдатны. І калі б у суайчыньнікаў спыталі, ці гатовыя яны зараз жа перадушыць усіх немаўлятаў, зрабіць сабе харакіры, перайменавацца ў пінгвінаў або пачаць размнажацца пачкаваньнем, я ўпэўнены, яны не раздумваючы сказалі б: да. Бо яно карацей за «нет». Бо «я где-то чітала, что наш белорусскій язык самый красівый в міре после італьянского» — і таму давайце лепш ня будзем на ім гаварыць, вось быў бы на першым месцы, тады яшчэ падумалі б. Бо і так ясна, хто на каго плебісцыт, дык чаго ўжо тут. Бо кожная ўлада ад бога, а ён, як высьветлілася, за саюз з Расеяй, любіць насіць чырвонае зь зялёным і наогул данскі казак у душы.

Цікава сёньня глядзець на тых, хто ў 1995 годзе, у той дзень ганьбы, галасаваў адначасова супраць мовы і супраць улады. Цяпер яны, якія так ганарыліся сваім рацыяналізмам, нешта пачалі разумець і нават здольныя зьвязаць па-беларуску два словы. А часам і больш. Няўжо сувязь была такой цяжкаўлоўнай? Пасьля 14 траўня 1995-га стала магчымым паглядзець, як выглядае беларускі сорам. У тых, у каго ён яшчэ застаўся. Сказаўшы сваё да-да-да-да, людзі потым яшчэ доўга чырванелі і адварочваліся. Спрабавалі знайсьці сабе апраўданьне. Быццам забілі кагосьці, каб жыць далей.

14 траўня 1995 году ў Беларусі перамагла дымакратыя. Менавіта так, праз «ы». І хаця ніякіх асаблівых шэсьцяў з паходнямі каля райхстагу, ні вогнішчаў з кніг «на самам красівам пасьля італьянскага» заўважана не было, ілюзіі расталі, як дым ад пакрышкі МАЗа, дыхаць умомант стала немагчыма, а адчуваньне было рыхтык такое, як у бэрлінца 30 студзеня 1933-га. Адчуваньне, што цёмныя часы прыйшлі і яны надоўга. Пасьля 14 траўня 1995 году неяк зьнікла вера ў тое, што беларусаў у краіне жыве больш за восем мільёнаў чалавек. Нас не набярэцца і на адзін мільён. Затое мы ведаем, хто мы і не бярэм напракат ні мову, ні гонар, ні свабоду, ні чужыя перамогі. Хто такія астатнія 83 адсоткі, сказаць цяжка. Для іх прыдумана шмат вызначэньняў, часам несправядлівых і занадта агульных — але адно ясна: у іх свая дарога, у цябе свая. Пасьля 1995-га зьявілася новая гордасьць. Тая асалода супрацьстаяньня, якую ніколі не адчуць васьмідзесяці тром адсоткам. Гордасьць за тое, што належыш да меншасьці. За тое, што і тут, у васьмідзесяцітрохадсоткавай краіне, знайшліся тыя, хто не прамаўчаў. Дзякуй, народзе, за тое, што расставіў усё і ўсіх па сваіх месцах — з пэдантычнасьцю сапраўднага самагубцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG