Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгожая, як катастрофа


Неяк у траўні 1950 году будучы мэтр францускага кінэматографу, а тады усяго толькі малавядомы актор і асыстэнт рэжысэра Ражэ Вадзім падпрацоўваў мамкай у адной кіназоркі — за грошы сядзеў зь яе трохгадовым хлопчыкам. Малы прагнуў хлеба і відовішчаў і пагражаў залямантаваць на ўвесь Парыж, калі не атрымае іх зараз жа і не ўстаючы з канапы. Хлеб знайшоўся хутка, а вось зь відовішчамі было цяжэй. Што рабіць? На мамку-асыстэнта патрабавальна, як два жандары, глядзелі чыстыя і ясныя дзіцячыя вочы. Пачытаць яму Бадлера? Зацягнуць песьню «Doubinouchka» (Вадзім быў расеец з паходжаньня)? Кінуцца ўніз галавой з шостага паверху?

Хлопчык нахмурыўся. Вадзім пачаў ліхаманкава азірацца ў пошуках прыдатнага матэрыялу і заўважыў сэксісцкі часопіс «Elle», нумар 232 за 8 траўня, які валяўся пад столікам. «Тое, што трэба», — падумаў ён і вырваў з часопіса старонку, каб зрабіць зь яе папяровы караблік. Праўда, у выніку атрымаўся самалёцік, але што зробіш. Міжволі ён зірнуў на вокладку — і... І ўбачыў яе, «катастрафічна прыгожую», як будуць раз за разам называць гэтую жанчыну, што хавалася тады пад ініцыяламі Б.Б. Самалёцік узьняўся ў паветра, а Вадзім закахаўся так, як могуць толькі бедныя асыстэнты рэжысэра і мамкі па дзесяць франкаў за гадзіну.

Так пачалося ўзыходжаньне да славы Брыжыт Бардо. Дзяўчынкі з брэкетамі, якую ў школе дражнілі за зубы, як у зайца, і касавокасьць. Потым яна ня раз яшчэ будзе зьяўляцца на вокладках розных сэксісцкіх і іншых часопісаў і здымацца ў сэксісцкіх і іншых фільмах, ды з такой абаяльнасьцю, з такім талентам і жарсьцю, што міжволі падумаеш: а можа, ня ўсё так кепска было ў Францыі ў часы сэксізму? Будаваліся дарогі, быў парадак, і Брыжыт Бардо хадзіла проста ў бікіні. А ББ у бікіні — гэта ўжо тое, дзеля чаго варта трохі затрымацца на гэтай б... плянэце.

Як Бабэта на вайну, яна рашуча кінецца ў самы вір сэксуальнай рэвалюцыі і зробіцца яе сымбалем спачатку на адным, а потым і на другім баку акіяну. Пад постэрамі з Бардо будзе адбывацца палавое сасьпяваньне паловы мужчынскага насельніцтва чалавецтва. За адзін дотык Брыжыт, за адно яе слова можна было спакойна прадаць калі ня ўсю Радзіму цалкам, дык прынамсі некаторыя яе інтымныя месцы.

І тых, хто не задумваючыся пайшоў бы на гэта, можна зразумець. Ад позірку Вялікай Брыжыт здрыганецца нават Жалезная Заслона. На яе хацелі быць падобныя нашыя мамы, цёткі і стрыечныя бабулі, іхныя сяброўкі, каляжанкі, знаёмыя і незнаёмыя, а таксама некаторыя дзядзькі, якім за гэтае жаданьне пагражаў артыкул крымінальнага кодэксу. Значна пазьней такіх дзядзек Брыжыт Бардо назаве ў ліку самых ненавідных ёй пэрсанажаў сучаснага грамадзтва. Іх і яшчэ мусульманаў, якія жыўцом забіваюць авечак і эўрапейскую культуру, без папярэдняга аглушэньня палкай па галаве. Хаця тое, якім клопатам акружаюць мусульманак іхныя мужы, на думку Бардо ОК. Як і тое, якім бацькоўскім клопатам ахінуў Расею яе галоўны сэкс-, а таксама крэкс-, пэкс- і фэкс- сымбаль У.Пуцін — на думку зоркі, самы чалавечны чалавек, які «зрабіў для жывёлаў больш, чым усе францускія прэзыдэнты разам узятыя». Кажуць, яна нават зазьбіралася ў краіну балалайкі, бліжэй да тых міласэрных мясьцінаў, дзе людзей прынята аглушаць перад тым, як зрабіць зь іх матрошкі.

У 1940-м яна падабрала на вуліцы і прытуліла кацяня, якое назвала Крокусам — і гэта быў яе першы бой у справе змаганьня за правы жывёлаў. У васьмідзясятыя Бардо зробіцца адным з самых знакамітых барацьбітоў за братоў і сясьцёр нашых меншых. «Сваю прыгажосьць я аддала мужчынам, а сэрца — жывёлам», — скажа яна, з усьмешкай сплачваючы чарговы штраф за распальваньне міжнацыянальнай і іншай варожасьці. — «Я нарадзілася з гэтай любоўю і ў кіно пачала здымацца, каб выкупіць якую-небудзь бойню і выратаваць яе ахвяраў». Ну, мы, ідыёты, думалі, што гэта яна дзеля мастацтва пайшла здымацца, хаця невядома яшчэ, што лепей. Прынамсі, граць саму сябе ў ББ атрымліваецца ня горш, чым іншых за грошы. А значыць, той самалёцік у 1950-м паляцеў куды трэба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG