Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мангол шуудан


Чалавецтву давялося адаслаць мільярды лістоў, цыдулак, пакетаў і бандэроляў, перш чым яно дадумалася да такой простай і зручнай рэчы, як паштовая марка. Іншымі словамі, для таго, каб пачаць лізаць клей, людзям трэба было спачатку навучыцца гнаць віно і курыць тытунь. І гэта пры тым, што ўжо старажытны Рым меў нейкае падабенства мабільнай сувязі: тагачасная эсэмэска, адпраўленая ў выглядзе бадзёрага раба ў дні студзеньскіх календаў, даходзіла да адрасата акурат на сакавіцкія іды. Існавалі, праўда, і іншыя тарыфы: маратонскі, напрыклад... Затое было над чым падумаць, было чаго чакаць, можна было сьмела цалаваць паштара, не баючыся, што ён абвінаваціць цябе ў сэксуальных дамаганьнях. Быў час пашкадаваць пра тое, што вось напісаў камусьці, а можа, і ня варта было брацца за стылас; затое чалавек быў цярплівейшы і ўмеў радавацца простаму — зусім як мы цяпер радуемся, атрымаўшы папяровы ліст у капэрце з прыгожай маркай... І гатовыя забіць беднага паштара, высьвятляючы, што гэта чарговы рахунак, які трэба аплаціць да панядзелка.

Першыя паштовыя маркі ў сучасным разуменьні гэтага слова былі выпушчаныя 1 траўня 1840 году ў Вялікай Брытаніі, а «прабіў» іхнае ўвядзеньне чалавек, якога звалі Роўлэнд Гіл. І хаця афіцыйна яны пачалі прадавацца толькі празь пяць дзён, існуюць лісты з гэтымі маркамі, атрыманыя адрасатамі ўжо 2 траўня — частка накладу была ўжо гатовая, і нехта, відаць, пасьпяшаўся закупіцца маркамі проста ў друкарні, з чорнага ходу. Гэтыя першыя брытанскія маркі і самі былі чорнага колеру, а каштавалі яны адзін пэні — адсюль і іхная легендарная пірацкая назва «Чорны пэні». Упрыгожваў тую марку профіль самай вялікай маралісткі ў гісторыі Брытаніі — каралевы Вікторыі, пазнавальны і патрабавальны, як ражок паштара.

Праўда, спробы наладзіць вытворчасьць паштовых марак рабіліся і раней. Грэкі даўно запэўніваюць сьвет, што яны ўвялі ў сябе на пошце маркі яшчэ ў 1820-х, але ім ніхто ня верыць. Адзін швэдзкі лейтэнант прапанаваў Стакгольмскаму паштамту праект сваіх марак, вельмі падобных да марак Гіла, і атрымаў адказ, што ягоная ідэя ўражвае сваёй недарэчнасьцю. Славенец, падданы Аўстра-Вугоршыны Лорэнц Кошыр, выдумаў марку, якую трэба наклейваць на капэрту, за чатыры гады да сэра Роўлэнда — і ягоная прапанова згінула ў цёмных бюракратычных завулках імпэрыі. А вось брытанскія маркі былі вельмі хутка ўзятыя на ўзбраеньне ўсім сьветам.

Марка любую, нават самую простую капэрту здольная ператварыць у музэй. Калі грошы — гэта нябачныя руканьні зь дзясяткамі тысяч незнаёмых людзей, то маркі — гэта амаль францускія пацалункі, дасланыя ім па пошце. І няхай марка, якая наклейваецца сама, так бы мовіць, «сухім» мэтадам, упэўнена перамагае старую добрую «марку на язык» — больш чым за паўтара стагодзьдзя чалавецтва добра-такі абмянялася сьлінай, заадно даведаўшыся дзякуючы маркам пра іншыя краіны, мовы і культуры столькі, колькі не даведалася б за тысячагодзьдзе. Чаго варты адзін «Монгол шуудан»... Марка — гэта заўжды сюжэт. Можна прыгадаць, што зрабіла з маленькай паштовай маркі Астрыд Ліндгрэн: той эпізод з гісторыі пра Малога і Карлсана, дзе марка з Чырвоным Каптурком спачатку засмоктваецца чалавекам з прапэлерам у пыласос, а потым дастаецца адтуль, як з ваўчынага чэрава. Марка — больш чым марка. Гэта пропуск у мару, мініятурная мадэль дывана-самалёта, што паляціць туды, дзе ты, магчыма, ніколі не пабываеш — і тым ня менш усё адно патрапіш туды, пакінуўшы на марцы адбіткі пальцаў, якімі толькі што незнарок правёў па яе вострых зубчыках. Проста так. У імя тактыльнага шчасьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG