Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаргінцоўскі адказ Гедройцю


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Сьвежая навіна: асабістая падзяка прэзыдэнта аб’яўлена старшыні ГА «Саюз пісьменьнікаў Беларусі» Мікалаю Чаргінцу – «за значны асабісты ўклад у сацыяльна-культурнае, грамадзка-палітычнае жыцьцё краіны, разьвіцьцё і прапаганду айчыннай культуры і літаратуры».

Можна было б, пераводзячы сухую інфармацыю ў прапагандысцкае рэчышча, сказаць больш кідка: кіраўнік палітычнага фронту адзначыў кіраўніка фронту літаратурнага. Зрэшты, спадар Чаргінец у падзячным сьпісе не на першым месцы. Спачатку будаўнікі, чыноўнікі, ёсьць мэдсястра.

Падзяка ня грошы, ясна. Але і з грашыма ў парадку ў старшыні СПБ. У той жа дзень даляцела з Масквы іншая прыемная навіна: Мікалай Чаргінец атрымаў «Зоркі садружнасьці» – «міждзяржаўную прэмію», а гэта два мільёны расейскіх рублёў, між іншым. «За дасягненьні ў галіне культуры і мастацтва». Так вось «сынхронна» атрымалася: Масква і Менск – у адзін голас! Тут падзякавалі, там чэк выпісалі. І цяпер ня толькі Уладзімер Някляеў будзе мець значную грашовую прэмію за свой досыць апазыцыйны раман, але і Мікалай Чаргінец – за раманы цалкам афіцыйныя. І грошы, зразумела, значна большыя…

Ускосна пацьвердзілася, што «наверсе» сьцялі зубы ад навіны, што палякі далі прэмію імя колішняга менчука Гедройця за «раман пра газіроўку». І, выходзіць, доўга не раздумляліся з адказам!

Не выключаю, што «асабістым укладам», аб якім гаворыцца ў прэзыдэнцкай падзяцы, мог стаць нарэшце першы беларускамоўны раман галоўнага пісьменьніка. Бачу сёньня ў кнігарні на вокладцы «Мікалай Чаргінец» і вачам ня веру. Ня можа быць! Няўжо перамог у сабе, так бы мовіць, комплекс непаўнацэннасьці? Ці, можа, аднафамілец раптам? Хаця якойсь наўзбочнай думкай пачынаеш амаль адразу кеміць, што сутыкнуўся з а-ля сакрэтам полішынэля. Так і ёсьць: маем пераклад на беларускую мову. І выклікае гэтае дробнае адкрыцьцё процьму супярэчлівых пачуцьцяў.

Трымаю ў руках гэтую тоўстую кнігу: «Сыны», 392 старонкі, раман пра савецка-афганскую вайну. Аказваецца, за мяжою бэстсэлер. Хто б мог падумаць! Чытаем ў анатацыі, што твор напісаў «вядомы беларускі пісьменьнік», што «перакладзены на многія мовы» (на якія – не сказана) і «не выпадкова стаў карыстацца такой вялікай папулярнасьцю», і вось цяпер нарэшце «выходзіць па-беларуску». Дачакаліся, словам!

У мяне пераймае «Сыноў» знаёмы паляк, гартае. Зьдзіўляецца: гэта накшталт Сяргея Пясэцкага? Які хоць і лічыў сябе пісьменьнікам польскім, але паходжаньня беларускага і пра беларускія рэаліі пісаў? Толькі апошнім часам, як вядома, па-беларуску стаў выходзіць, калі чалавека даўно няма. Не, кажу, гэта зусім іншы выпадак, палякам не зразумець.

Знаёмы расеец таксама азадачаны: на многія мовы перакладзены, а на роднай, у арыгінале толькі цяпер выйшаў? Як, чаму?! Ён бачыць маю скептычную ўсьмешку і робіць іншую здагадку: ён з эмігрантаў, каб пракарміцца мусіў пісаць на замежнай мове, на ангельскай напэўна? Як наш Набокаў, напрыклад… Не, і цяпер не!

Тады сам пачынаю разважаць: для чаго па-расейску напісаная і растыражаваная ў Беларусі яшчэ пры Гарбачове кніга надрукаваная сёньня ў беларускім перакладзе, зразумела дзяржавай, накладам 1100 асобнікаў. Навошта? І ў разьліку на якога чытача? Што гэта – «адказ Чэмбэрлену»? Маўляў, крытыкавалі, што мовай не карыстаюся, дык бярыце – чытайце!

Мне нават чыноўнікі прызнаваліся нейк: прыяжджае Чаргінец на дні беларускага пісьменства і як галоўны пісьменьнік выступае па-расейску. І яму няўцям, што людзям няёмка робіцца. Нават чыноўнік з такой нагоды раз на год наважваецца па-беларуску прамовіць. Толькі не кіраўнік пісьменьнікаў. Раз сам такі «прынцыповы» – толькі па-расейску, хай бы, кажуць, даручыў намесьнікам, а сам пастаяў збоку, паслухаў. Нельга ж уявіць, што ў яго беларускамоўных не засталося! Хіба што, зважаючы на моўны рыгарызм свайго начальніка, пабаяцца выступіць па-беларуску. Бо, як ні круці, «парушэньне субардынацыі», а тут ня просты пісьменьнік, яшчэ й генэрал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG