Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Яроміна: вады багата, але ня той, што трэба


У зводках Гомельскай абласной управы надзвычайных сытуацый пра стан паводкі ў рэгіёне апошнім часам пастаянна фігуруе вёска Яроміна. Яна месьціцца абапал шашы Гомель-Магілёў непадалёк ад абласнога цэнтру. Вялікіх рэк тут няма, аднак талая вада прынесла шмат пакутаў мясцовым жыхарам, які жывуць і ў цэнтры, і на ўскрайку.

У аблозе вады стаіць дом № 98 на Савецкай вуліцы, дзе жыве Марыя Кастусёва, 84-гадовая ўдава вэтэрана вайны. Бабуля кажа, што калі быў жывы муж, то ўлады жвавей рэагавалі на падтапленьні — хоць вясновыя, хоць летнія ад моцнай залевы:
Дом Марыі Кастусёвай
Дом Марыі Кастусёвай

«Ніколі столькі вады не было! Бывала, зойдзе ў склеп, у падпольле, але ня так, як сёлета. Калі быў мой муж жывы — ён быў інвалідам вайны першай групы, на яго хоць нейкую ўвагу зьвярталі. І такога не было — чысьцілі канал, і вада сьцякала. А цяпер іх засьмецілі, і вада нікуды не ідзе, стаіць на адным месцы. Балота — і ўсё тут».
Марыя Кастусёва
Марыя Кастусёва

Праз суседку й дачку бабуля выклікала ратавальнікаў. І толькі сёньня да Марыі Васільеўны прыехаў прадстаўнік раённай ратавальнай службы:

«З МНС сказалі, што яны могуць толькі мяне эвакуяваць у Чонкі. Хочаце — адвязем вас у Чонкі. Але як дом кінуць і паехаць у Чонкі? Я пакуль адтуль прыеду, дык у доме нічога ня будзе. А даць нейкую іншую раду вадзе — яны ня маюць сілаў. Гэта ж дзівосы: адзін да аднаго пасылаюць, а толку ніякага».

Сталая пэнсіянэрка паказвае залітыя вадою падпольле, склеп, падворак і гарод, дзе сабралася процьма чаек. Яны з шумам носяцца над вадою альбо садзяцца на ваду, каб падсілкавацца якімі-кольвеч кузуркамі, што ажылі ў веснавой вадзе.
Склеп Марыі Кастусёвай
Склеп Марыі Кастусёвай

Цярпіць ад вады й суседка Кастусёвай Надзея Янушка. У яе таксама і панадворак заліты вадою, і пад падлогай у хаце вада, і ў склепе вады больш, як на мэтар.
Надзея Янушка
Надзея Янушка

Надзея: «Нас топіць таму, што забіты ліўнёвыя трубы ўздоўж вуліцы. Ніхто іх ня чысьціць. Нікому тут нічога ня трэба. Я гатова ўзяць лапату, пашкрабаць. Вада пойдзе па гэтай трубе, але ж там далей няма ёй выхаду. І ад Марыі Васільеўны вада сышла б у тое збудаваньне, на якое выдаткавана шмат дзяржаўных грошай — у меліярацыйныя каналы для асушэньня. Яны вось — літаральна трыста мэтраў».

І спадарыня Надзея, і іншыя жыхары Савецкай кажуць, што сотню-другую мэтраў пракапаць у нізіне — і талая вада сыдзе ў меліярацыйную сыстэму. Тут ня столькі грошай бракуе, колькі здаровага глузду ды ініцыятывы мясцовых начальнікаў.
Склеп Надзеі Янушкі
Склеп Надзеі Янушкі

Надзея: «Трэба, каб у сельскім савеце быў добры гаспадар. Каб ён сваімі вачыма бачыў, што дзе трэба, і працаваў з насельніцтвам, зь людзьмі».
На Савецкай вуліцы
На Савецкай вуліцы

Талая вада ня толькі запаланіла шэраг панадворкаў вяскоўцаў на вуліцах Савецкай, Вакзальнай, але й да ўзроўню зямлі заліла калодзежы. Вады багата вакол, але ня той, што трэба вяскоўцам.
З калодзежа піць нельга, але прыходзіцца
З калодзежа піць нельга, але прыходзіцца

Спадар Мікалай кажа, што спажываць ваду з кадодзежа небясьпечна: таго й глядзі патрапіш у інфэкцыйны шпіталь. Аднак у большасьці мясцовых жыхароў няма іншай вады, а ў краме яе не накупляеш за двухмільённую пэнсію:

«Вада ў нас — верхавая. Сапраўдны кісель. А мы ж, старыя, яе спажываем. А што нам рабіць? І як вы хочаце — каб мы выжылі? Ніхто ніякіх захадаў — як гарохам аб сьценку».

Ня так даўно ў Яроміне сталі пракладваць цэнтралізаваны вадавод, але спынілі. Пра гэта апавядае вяскоўка Сьвятлана:

«Колькі ўжо разоў здавалі ваду на экспэртызу — яе піць нельга. Пачалі тут нам пракладаць трубы, весьці водаправод — ваду абяцалі. І ня скончылі, кінулі. Я летась пыталася ў сельскім савеце, а яны: „Ой, крызіс!“ — ды ўсё такое пятае, дзясятае. Ніхто ня хоча адказваць на гэтае пытаньне канкрэтна: калі мы будзем з вадою?».

Жыхары Яроміна: вады багата, але ня той, што трэба
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG