Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняе крэсла


Так, менавіта ў гэты вясновы дзень і пачалася ягоная сумная гісторыя. У пятніцу 15 красавіка 1927 году...

«...Іпаліт Мацьвеевіч, як звычайна, прачнуўся а палове на восьмую і адразу ж прасунуў нос у старамоднае пэнснэ з залатой дужкай. Акуляраў ён не насіў. Аднойчы, вырашыўшы, што насіць пэнснэ негігіенічна, Іпаліт Мацьвеевіч накіраваўся да оптыка і купіў акуляры без аправы, з пазалочанымі аглоблямі. Акуляры зь першага разу прыйшліся яму да спадобы, але жонка (гэта было незадоўга да яе сьмерці), сказала, што ў акулярах ён — выліты Мілюкоў, і ён аддаў акуляры дворніку. Дворнік, хаця й ня быў блізарукі, з акулярамі звыкся і насіў іх з задавальненьнем.

„Бонжур!“ — прасьпяваў Іпаліт Мацьвеевіч самому сабе, спускаючы ногі з ложка. „Бонжур“ сьведчыла пра тое, што Іпаліт Мацьвеевіч прачнуўся ў гуморы. Прамоўленае падчас прабуджэньня „гут морген“ зазвычай значыла, што печань сваволіць, што пяцьдзясят два гады — гэта ня жарты і што на двары сёньня вогка».

Спроба двух журналістаў напісаць авантурны сатырычны раман скончылася зьяўленьнем на сьвет самай сьмешнай і самай антысавецкай кнігі ў савецкай літаратуры. Тэкерэйшчына канца нэпу, бляклы бляск былой эпохі напярэдадні першай пяцігодкі, «гразь зьзяе ў сьвятле месяца, як антрацыт». Раман, у якім усіх любіш і нікога не шкада.

Дзень, у які жыцьцё Іпаліта Мацьвеевіча зьмянілася такім карэнным чынам, быў для Савецкага Саюзу не такі ўжо і звычайны. Зрэшты, у самой кнізе вельмі добра перададзена тое, што звычайных дзён у тую вар’яцкую эпоху проста не існавала. 15 красавіка 1927 Савецкі Саюз усталяваў дыпляматычныя стасункі з Швэйцарыяй (і адразу прыгадваецца кравец Журкевіч, які ў вялікім доме «Наркоминдела» «строчыць фракі» для савецкіх дыпляматаў). Сталін у часопісе «Бальшавік» адказвае тав. Ян-скаму пра тры асноўныя лёзунгі партыі па сялянскім пытаньні. Газэты пішуць пра пераварот у Кітаі. Працягваецца барацьба зь «левай апазыцыяй» Троцкага — пакуль яшчэ ў межах унутрыпартыйнай палемікі, але ўжо зь ледзь прыхаванай прагай крыві. Праз тры дні адкрыецца зьезд Саветаў, на якім будуць вызначаныя прынцыпы пяцігадовага плянаваньня эканомікі. У гэты дзень таксама публікуецца пастанова СНК СССР «Аб узмацненьні дзейнасьці Народнага Камісарыяту Працы Саюзу ССР, народных камісарыятаў працы саюзных рэспублік і іх мясцовых органаў у галіне аховы працы і рэгуляваньня заробку». А грамадзянін І.М. Вараб’янінаў, які пачуваецца даволі няўтульна сярод усёй гэтай вакханаліі няўклюдных абрэвіятураў і трохпавярховых летуценьняў, ходзіць туды-сюды па пакоі, у якім памірае цешча, і на душы ў яго гідка.

Што цяпер азначае для нас гэтая кніга? Ці састарэла яна і патрабуе «глязэтавай труны з кісьцямі»? Ці перажыве яна апошняга савецкага чалавека? Можна меркаваць, што так. Бо і тады, калі апошні савецкі чалавек памрэ (а да гэтага яшчэ далёка), цуду літаратуры ў ёй хопіць яшчэ на тысячагодзьдзе. Цікава было б прачытаць яе вачыма сучаснага шаснаццацігадовага камсамольца — з чаго ён сьмяецца і ці сьмяецца, чытаючы яе, наогул. Але страшна. Раптам ён ужо ня ўмее — сьмяяцца, чытаць, думаць. І ўвесь цуд будзе змарнаваны, як апошняе крэсла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG