Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірляндзкі шлях


13 красавіка 1906 году, прыкладна ў той самы час, калі Джэймс Джойс у сваім добраахвотным выгнаньні ў Трыесьце атрымаў ад выдаўца Рычардса ліст, дзе паведамлялася, што друкар адмаўляецца набіраць зборнік «Дублінцы», калі ў ім ня будуць зробленыя Адпаведныя Праўкі (о, гэтыя друкары — здаецца, яны былі тады страшнай сілай, больш страшнай за саміх выдаўцоў!) — менавіта ў гэты дзень недалёка ад Дубліну нарадзіўся Сэмюэл Бэкет, у якога праблем з выдаўцамі і друкарамі будзе ня менш. Ірляндзец з тварам марсіяніна, які пісаў па-ангельску і па-француску і якому было наканавана шмат у чым паўтарыць Джойсаў шлях, шлях Адысэя. І няма нічога дзіўнага, што ў канцы дваццатых дарогі Бэкета і Джойса перасекліся ў Парыжы — і яны нават зрабіліся чымсьці накшталт сяброў, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце і статусе і паталягічнае няўменьне або нежаданьне Джойса мець па-сапраўднаму цёплыя стасункі зь людзьмі. Гэта Джойсава падтрымка пераканала Бэкета, што варта працягваць займацца літаратурай — а ўсё магло скончыцца інакш: звонкай пустатой у гулкім Парыжы, дэпрэсіяй і нянавісьцю да сябе... Зрэшты, чаканьнем Гадо ўсё скончылася б так ці інакш.

Бэкет — файны прыклад таго, што непрызнаньне іншымі мала што значыць для талента, галоўнае — быць сабой: напісаны ім у трыццатых раман «Мэрфі» адмовіліся выдаваць больш за сорак выдавецтваў. Друкары, гэтыя першыя чытачы ўсяго на сьвеце, таксама ня мелі асаблівых падставаў любіць Бэкета — за ўсю тую галерэю хворых, мітусьлівых людзей на краі роспачы, зробленых з суцэльных ранаў і расчараваньняў, за адсутнасьць павярхоўнага сэнсу і дрымучую мову. За нянавісьць да любові ў тым выглядзе, у якім яна найлепш прадаецца: нянавісьць «да Вэнэры-кухаркі і сэксу а-ля сасіскі зь пюрэ». Але — «я не для вас, паны...» Да 1950-х гадоў ён выдаў некалькі нікім, апрача вузкага, амаль сямейнага, кола знаўцаў, не заўважаных кніг — а ў канцы шасьцідзясятых атрымаў Нобэлеўскую прэмію. І паваротам, напэўна, была вайна — дзе Бэкет зрабіўся ўдзельнікам Супраціву і пабачыў усе свае сны жыўцом. Ён не пакінуў Францыю, хаця мог, маючы ірляндзкі пашпарт — і гэта таксама называецца: быць сабой, тое, без чаго шлях наперад немагчымы. Прызнаньне прыйшло, як доўгачаканая кніга, але ён схаваўся ад яго, уцёк — не даваў інтэрвію і не паказваўся на публіцы. Нібыта прызнаньне — гэта нейкі канцлягер, абнесеная калючым дротам і вышкамі тэрыторыя для геніяў.

Сьвет Бэкета цёмны, але нейкі вельмі чалавечны. Яго чытаеш — нібы ідзеш праз вузкі тунэль, дзе на кожным кроку нечы дотык, але чый? Пэрсанажы Бэкета спрабуюць у гэтым разабрацца. Чалавецтва, паводле яго — гэта два вядры, адно зь якіх апускаецца, каб напоўніцца, а другое ў гэты час падымаецца, каб быць спустошаным. Гэта і праўда ня вырак людзям — гэта нагадваньне людзям, што яны асуджаныя жыць. Тэатар Бэкета праз дарогу ад тэатра Ёнэско — але калі ў тэатры Ёнэско боль умоўны — у тэатры Бэкета пэрсанажы ўвесь час мучацца і ўспрымаюць гэта як належнае. Шкада, што «антыгісторыя» пра Гадо зрабілася самым знакамітым творам Бэкета, ягоныя раманы не прачытаныя як сьлед, усё засланілі двое прыдуркаў, якіх і не сыграеш як мае быць — бо давядзецца граць саміх сябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG