Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ён сказаў: «Паехалі!»


І махнуў рукой. Праз дваццаць тры хвіліны пра тое, што паехалі, і пра тое, як махнуў, ужо ведалі ў Пэнтагоне: спрацавала амэрыканская радарная станцыя на Алеуцкіх выспах. А махнуў ён на ўсё: на небясьпеку і невядомасьць, на гравітацыю і граніцы, а таксама на папярэджаньне ўлюбёнага героя савецкіх людзей адстаўнога дворніка Мікіты Прахіна, які лічыў, што «чалавек хадзіць мусіць, а ня лётаць», а хто лётае, таго трэба пазбавіць пакоя ў камуналцы.

12 красавіка 1961 году старшы лейтэнант савецкіх вайскова-паветраных сілаў Юры Гагарын на працягу ста васьмі хвілін выконваў абавязкі бога, абляцеўшы грэшную зямлю і вярнуўшыся на яе ў раёне горада Энгельса. Вонкава зь Зямлёй за час палёту нібыта нічога ня здарылася — але нешта ў сьвядомасьці чалавецтва ў гэты дзень усё ж вельмі моцна зьмянілася. Палёт Гагарына зрабіўся новай вэрсіяй першароднага граху: чалавецтва пабачыла сябе ягонымі вачыма, звонку, з пустаты і цемры, пабачыла сваю крохкасьць і прыгажосьць, сваю слабасьць і моц, сваю адзіноту, і не знайшлося анёла, які б пагрукаў у ілюмінатар Гагарына і спытаў, па якому такому праву ён тут лётае і дзе ягоны мандат. І вось жа цікава: празь сем гадоў, перад сваёй гібельлю, Гагарын, адно з увасабленьняў антырэлігійнай прапаганды, будзе ўпотай езьдзіць да адной манахіні, якая скажа яму амаль тое, што дворнік Прахін: ня лётай, нельга табе лётаць. Ня ўсё там было так проста, у тым космасе.

Максымальная вышыня, на якую ён падняўся, склала трыста дваццаць сем кілямэтраў. Гэта прыкладна тое самае, калі паставіць тарчма трасу ад Менску да Жабінкі. У палёце Гагарын еў і піў — хаця не адчуваў ні голаду, ні смагі, проста заданьне было такое: паесьці, папіць і паглядзець, адразу ён памрэ ці яшчэ памучыцца^; а таксама запісваў на магнітафон свае ўражаньні. Не пазбаўленыя паэтычнасьці, яны потым будуць растыражаваныя на ўвесь сьвет:

«Я адарваўся ад крэсла і павіс паміж стольлю і падлогай кабіны, адчуваючы выключную лёгкасьць... Калі гравітацыя пачала зьнікаць, я адчуў сябе цудоўна, усё адразу стала рабіць лягчэй, і рукі, і ногі, і ўсё цела зрабіліся быццам не маімі. Кроплі вадкасьці, якія праліліся з шлянга, вольна перамяшчаліся ў прасторы і, дакрануўшыся да сьценкі кабіны, прыліпалі да яе, як раса на кветцы».

12 красавіка 1961 году ўсё прайшло як мае быць — нават нягледзячы на пэўныя хібы ў абсталяваньні ракеты, дзякуючы якім астранаўт ледзь не загінуў (на такі выпадак ужо было гатовае паведамленьне ТАСС). Праблемы пачаліся на Зямлі, якая, ледзь прыняўшы на борт свайго сына, пачала яго паіць, і ня толькі сьвежым бярозавікам. Бясконцыя банкеты, пацалункі і ўручэньні ключоў і мэдалёў зрабіліся перагрузкай мацнейшай за тыя, што яму давялося перажыць падчас касьмічнага старту.

Шчасьлівыя былі, аднак, ня ўсе. Інтэлектуалы, далёкія ад тэмаў сялянскіх хлопцаў у космасе, крывіліся. Вядомае выслоўе маладога Бродзкага: «Ды які космас? Стары самалёт быў прынамсі да чалавека падобны». Ён расстаўляў рукі ў бакі: «Праўда, падобны? А гэтыя ракеты не падобныя ні да чаго, апрача бомбаў».

І ўсё ж у пантэоне савецкіх герояў Гагарын быў і застаецца самай сымпатычнай постацьцю. Бо надта ўжо моцна ён вылучаўся з тых шэрагаў, у якія яго паставілі адразу ж па вяртаньні. Па-першае, нікога не забіваў — што з героямі здараецца рэдка. Па-другое, усьміхаўся шчыра, нават стоячы на Маўзалеі. Не зрабіў ніводнага даносу. Па-трэцяе, сапраўды сказаў «Паехалі!» і махнуў — подзьвіг неаспрэчны. Ну, і тое, што яго забралі іншаплянэтнікі (а ніхто пакуль што не давёў, што гэта ня так), сьведчыць, што яны прызналі ў ім свайго. У фальшывым савецкім пантэоне засталася дзірка памерам з бога.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG