Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейнаму «мінатаўру» выбіраюць імя: Шайбік, Зубі, Булі?


Нягледзячы на няпэўнасьць з правядзеньнем чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску, 10 красавіка пачаўся адлік галасаваньня за зацьвярджэньне імя і легенды афіцыйнага талісмана — зубраняці ў бел-чырвона-зялёнай форме зборнай Беларусі. Згодна з палажэньнем, біяграфія талісмана павінна адлюстроўваць асаблівасьці нацыянальнай культуры і быць зразумелай заўзятарам усяго сьвету. З амаль трох сотняў прапаноў экспэртнае журы адабрала 10 варыянтаў.

Выбарам мянушкі для безыменнага зубраняці займаецца адмысловая дзяржаўная камісія. Узначаліў яе старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Яўген Ворсін. У складзе экспэртнага журы — кіраўнікі афіцыйнага саюзу журналістаў, галоўныя рэдактары афіцыйных газэт, адмыслоўцы рэклямнага бізнэсу. З 289 прапаноў экспэрты выбралі дзясятку імёнаў, якія цяпер зьмешчаныя на адмысловым сайце talisman2014.by. Пасьля 10-дзённага галасаваньня мае застацца той варыянт, які набярэ найбольш галасоў.

Сябра журы Пётар Папялушка, кіраўнік рэклямнага холдынгу «SMG-Belarus», са зьдзіўленьнем глядзіць на фінальную дзясятку і прызнаецца, што быў прыхільнікам крыху іншых варыянтаў. Ягоная першая тройка — Асілак, Волат, Лявон:
Хтосьці вырашыў, што „Пушчык“ ці „Белавежык“ іншаземцы без праблемаў вымавяць

«Падчас сустрэчаў абмяркоўвалася як нацыянальная адметнасьць, так і тое, што назва талісмана павінна быць на слыху ня толькі ў расейска- ці беларускамоўных людзей, але і ў замежнікаў. Таму павінна быць фанэтычнае сугучча, якое лёгка ўспрымалася б замежнікамі. Але ў выніковай дзясятцы ўсё ж апынуўся шэраг слоў, якія будуць аб’ектыўна складанымі — кшталту Пушчык, Вежык, Белавежык. Гэта для вуха замежніка абсалютна непрымальна. Калі сядзелі за круглым сталом, усё гэта абмяркоўвалася. Але ў выніку дзясятка аказалася менавіта такой, як ёсьць. Значыць, хтосьці вырашыў, што „Пушчык“ ці „Белавежык“ іншаземцы без праблемаў вымавяць. Хоць для мяне гэта дзіўна. Атрымліваецца, што пагаварылі, але ў выніку склалася неяк па-іншаму».

У пераліку імёнаў дэкляраваных «асаблівасьцяў нацыянальнай культуры» няшмат. Хіба што Янка ды Волат цягнуць на нешта адметнае. Астатнія — Шайбік, Вежык, Белавежык, Пушчык, Зубрык, Булі, Зубі, Расьці. Апошняя мянушка, мяркуючы па ўсім, мае дачыненьне да трагічна загінулага ў авіякатастрофе хакеіста Руслана Салея, якога падчас выступаў у паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай хакейнай лізе звалі менавіта так. Ці карэктна называць такім імем талісман — камэнтуе кіраўнік спартовага парталу Goals.by Максім Беразінскі:
Нашым гасьцям шмат дзе давядзецца прызвычайвацца да слоў, якія цяжка вымаўляюцца

«Ёсьць забаўныя назвы, якія тым жа замежнікам будзе досыць складана вымавіць. Але пасьля таго, як у нас апублікавалі новую транскрыпцыю станцый мэтро, то нашым гасьцям шмат дзе давядзецца прызвычайвацца да слоў, якія цяжка вымаўляюцца. Асабліва глыбока гэты сьпіс не аналізаваў, але першае, што кінулася ў вочы, дык гэта імя Расьці, якое, я так разумею, непасрэдна зьвязана з Русланам Салеем. Шчыра кажучы, ня ведаю, наколькі правільна даваць такое імя талісману. А што тычыцца астатніх назваў, то там, вядома, ёсьць досыць дзіўныя варыянты. Янка, Волат — гэта зразумела, але Зубрык, Пушчык, Шайбік… Хакеша яшчэ трэба было дадаць, сама лепш было б. Сьпіс досыць дзіўны, можна, напэўна, так падсумаваць».

Пасьля першага дня галасаваньня за імя хакейнага талісмана ўпэўнена лідзіруе Волат, які напалову апярэджвае Булі і Расьці. Абсалютным аўтсайдэрам пакуль застаецца Шайбік.

Тым часам пытаньне хакейнага першынства ў Беларусі застаецца адкрытым. Шэраг палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад Міжнароднай фэдэрацыі хакею перанесьці чэмпіянат сьвету-2014 зь Беларусі ў іншую краіну. На іх думку, нельга праводзіць маштабную спартовую імпрэзу ў дзяржаве, дзе пашыраюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў, а за кратамі застаюцца палітзьняволеныя. Днямі адпаведны зварот быў накіраваны і на адрас афіцыйных спонсараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG