Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігальскі і Шцясны зьвяртаюцца да сумлення хакейных спонсараў


Міжнародная ініцыятыва Change.org ініцыявала чарговую кампанію на перанос у іншую краіну чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году, які маецца адбыцца ў Беларусі.

Раней блізу 20 тысяч чалавек з розных куткоў сьвету падпісаліся пад зваротам да Міжнароднай фэдэрацыі хакею з патрабаваньнем пазбавіць рэжым Лукашэнкі задавальненьня прапіярыцца на спартовым мерапрыемстве, аднак кіраўніцтва фэдэрацыі ня бачыць падставаў зьмяняць месца прапіскі ўсясьветнага першынства. Гэтым разам арганізатары спрабуюць дастукацца да сумленьня тытульных спонсараў. Ігар Карней.

Пасьлядоўнымі праціўнікамі правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету-2014 у Беларусі ня першы год застаюцца эўрадэпутаты ад Польшчы і Славаччыны — палітык Марэк Мігальскі і славуты хакеіст, чэмпіён сьвету Пэтэр Шцясны адпаведна. Паколькі спробы заснаванай імі плятформы на сайце Change.org паўплываць на Міжнародную фэдэрцыю хакею і яе кіраўніка Рэнэ Фазэла, які не хавае свайго прыязнага стаўленьня да Аляксандра Лукашэнкі, пакуль бясплённыя, дэпутаты Эўрапарлямэнту заявілі пра пачатак новай акцыі.

Так, яны заклікаюць неабыякавых людзей зьвяртацца непасрэдна да спонсараў чэмпіянату сьвету-2014, без падтрымкі якіх мерыпраемства такога рангу папросту не адбудзецца. У пераліку такія вядомыя кампаніі як чэская «Skoda», аўстрыйскі «RaiffeisenBank», швайцарскія «InfrontSports&Media» і «Tissot». Адмысловая пэтыцыя заклікае фундатараў адмовіцца ад удзелу ў сумнеўным мерапрыемстве, якое можа запляміць імідж усясьветна вядомых вытворцаў.

Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка лічыць, што пастаянны напамін пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ўжо парадкам падарваў аўтарытэт ўладаў, таму шанцы на посьпех у ініцыятараў акцыі дастаткова высокія:

Уладзімер Даўжэнка
Уладзімер Даўжэнка
«На маё меркаваньне, сёньня шанцаў супрацьстаяць гэтаму чэмпіянату сьвету куды больш, чым яны былі калісьці. Гэта відавочна, і ад таго досыць радасна. Прычым, заўважце: супраць правядзеньня ўсясьветнага першынства ў Беларусі цяпер выступаюць ня толькі нейкія адзінкі, як мы назіралі дагэтуль, а, літаральна кажучы, толькі лянівы не ўздымае гэтае пытаньне. А скідваць пратэставыя настроі з рахункаў ніяк не выпадае».

Арганізатары кампаніі на перанос чэмпіянату сьвету-2014 зь Беларусі ў іншую краіну заклікаюць падпісацца пад зваротам да спонсараў турніру, у якім, сярод іншага, адзначаецца: «Нельга дапусьціць, каб такое важнае спартовае мерапрыемства прайшло на тэрыторыі апошняга дыктатара Эўропы». У тэксьце таксама падкрэсьліваецца, што пакуль у Беларусі застаюцца палітвязьні і ня ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне, падтрымліваць такі рэжым па меншай меры амаральна.

Найперш прапануецца пакідаць паведамленьні на старонках «Skoda», «RaiffeisenBank», «Tissot» у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Пры гэтым можна скарыстацца гатовым шаблёнам. Па-другое, адначасова накіроўваць паведамленьні ўсім спонсарам у акаунт «Твітэр».

Ідэю пераносу чэмпіянату сьвету ці яго байкоту падтрымалі ўжо многія эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі і грамадзкія дзеячы. На перакананьне аўтарытэтных асобаў, недапушчальна праводзіць такое мерапрыемства ў дзяржаве, дзе цягам амаль двух дзясяткаў гадоў маюць месца рэпрэсіі. Але пазыцыя Міжнароднай фэдэрацыі хакею пакуль застаецца непахіснай.

У самой Беларусі любімы Аляксандрам Лукашэнкам хакей перажывае востры крызіс. Нацыянальная зборная ня здолела адабрацца на зімовую Алімпіяду 2014 году ў Сочы і няма асаблівых падставаў разьлічваць на ўдалы выступ падчас травеньскага чэмпіянату сьвету ў Швэцыі і Фінляндыі. Цалкам правалілі сэзон у Кантынэнтальнай хакейнай лізе і Вышэйшай хакейнай лізе Расеі менскія «Дынама» і «Юнацтва».

На думку спартовага камэнтатара Аляксандра Пуцілы, наўрад ці станоўча паўплываюць на хакейныя справы і новыя кадравыя прызначэньні:

Аляксандар Пуціла
Аляксандар Пуціла
«Чыноўнікі, прызначаныя кіраваць спартовай галіной пры канцы кастрычніка 2012-га, яшчэ толкам нават не пасьпелі папрацаваць на сваіх пасадах, але ўжо хуценька, як той жа міністар спорту Аляксанадр Шамко, вызначылі галоўныя арыентыры. Маўляў, у спорце найперш павінна працаваць ідэалёгія і ў такім выпадку нібыта будуць добрыя вынікі і за нацыянальную хакейную зборную, і за менскае „Дынама“ — прынамсі ў тых, хто нарадзіўся ў Беларусі. Але, мяркуючы па ўсім, гэтыя ілюзорныя ўяўленьні ніяк не адаб’юцца на выніках зборнай каманды Беларусі на бліжэйшым чэмпіянаце сьвету ў Швэцыі і Фінляндыі».

Тым часам галоўны трэнэр зборнай Нямеччыны прадэманстраваў беларусам прыклад нацыянальнай годнасьці. Пасьля таварыскай гульні на «Менск-Арэне» 5 красавіка канадзкі настаўнік немцаў Пэт Карціна павіншаваў свайго калегу Андрэя Скабелку зь мінімальнай перамогай па булітах. Што адметна — па-беларуску: «Віншую майго калегу!». Газэта «Прессбол» піша, што ў размове з журналістам выданьня Карціна пацікавіўся: ці ёсьць ў беларусаў свая мова, бо чамусьці вакол гучыць расейская? Пачуўшы адказ, што родная мова, канечне, ёсьць, госьць даў зразумець: бяз мовы няма нацыянальнай годнасьці: «Людзі павінны ганарыцца тым, хто яны такія, адкуль родам...».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG