Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ідзе шляхам Маўродзі


«Дэпазытнай бурбалкай» называюць экспэрты дэпазытную стратэгію ўладаў Беларусі.

Літаральна за тры апошнія месяцы 2012 году стаўка па рублёвых дэпазытах для фізычных асобаў павялічылася на 13,6 працэнта. Цяпер яна складае 42,6% гадавых. Расейскае выданьне «Камэрсант» у сёньняшняй публікацыі наўпрост параўнала гэтую дэпазытную палітыку з пабудовай фінансавай піраміды. Ці сапраўды дзяржава, прапануючы прывабныя працэнты, выманьвае грошы з «заначак» простых беларусаў, і як доўга можна гуляцца ў азартныя гульні з уладай Беларусі?

Расейскія экспэрты папярэджваюць, што пятнаццаць гадоў таму падобная сытуацыя скончылася ў Расеі дэфолтам, банкі збанкрутавалі, памяняўся ўрад, а пазьней і прэзыдэнт. Такі ж лёс можа чакаць і Беларусь.

Журналіст «Камэрсанта» Максім Швэйц лічыць, што ідэю, як прымусіць беларусаў дастаць валютныя запасы, перавесьці іх у беларускія рублі і аддаць беларускім банкам, пазычылі ў сумна вядомага заснавальніка МММ Сяргея Маўродзі. У траўні 2011 у інтэрнэце быў зьмешчаны ягоны відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Маўродзі прапанаваў прэзыдэнту Беларусі «перадышку на тры гады»: Маўродзі прасіў дазволіць яму выпусьціць аблігацыі з «нулявой надзейнасьцю». Маўляў, дзякуючы гэтаму можна будзе прыцягнуць вялізныя грошы.

Але ўлада Беларусі абрала іншы шлях: камэрцыйныя банкі даюць надзвычай высокія працэнты па рублёвых дэпазытах. Дзякуючы гэтаму у 2012 годзе беларусы павялічылі рублёвыя ўклады на 75%, а рублёвыя дэпазыты павялічыліся на 58% і складаюць цяпер каля 54 трлн. рублёў.

Эканаміст Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня Нацбанку, лічыць, што піраміда сапраўды ёсьць: «Я б сказаў, што фінансавая піраміда, дэпазытная піраміда, існуе. Калі пакласьці ўклады пад 70%, што было ня так даўна, 10 мільёнаў, то праз год будзе 17 мільёнаў. Ідзе нарошчваньне пухіра, які можна лопнуць. Гэта кепская зьява. Яна зьвязаная з інфляцыяй, гэта вынік нізкаэфэктыўнай эканомікі. Піраміда ёсьць. Валавы прадукт у мінулым годзе вырас на 1, 5%, уклады, дэпазыты павялічваліся на 162%. Гэта ненармальна, гэта і ёсьць піраміда».

Аднак паводле Багданкевіча, улада такім чынам ратуе сытуацыю.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
Багданкевіч: «Мэты не махлярскія, а высакародныя. Каб утрымаць грашовую масу ад спажывецкага рынку і каб цэны ўсё ж больш-менш стабілізаваць. І каб гэтыя грошы не пайшлі на валютны рынак, а пайшлі на ўклады. Інакш быў бы абвал валютнага курсу. Зразумела, чаму так робіцца, але не зразумела, чаму ўлады не прымаюць мер, каб зацугляць інфляцыю і падняць эфэктыўнасьць эканомікі. Гэта ж галоўнае. Дэпазытная бурбалка – гэта вынік скрайне нізкай эфэктыўнасьці эканомікі пры высокім узроўні інфляцыі».

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Менску Вадзім Іосуб кажа, што любая дзяржава натуральна зацікаўленая ў тым, каб падвышаць цікавасьць да нацыянальнай валюты: «Ніхто нікога не прымушае, а проста робяць так, каб было выгадней захоўваць грошы ў беларускіх рублях. Такую палітыку можна толькі вітаць».

Ратуе, але не ўратуе, – пераконвае Багданкевіч: «Улада дагэтуль галоўным паказчыкам лічыць рост валавага прадукту. Таму нарошчваюць грашовую масу. Гэтая палітыка неразумная. Улада мусіць галоўным пытаньнем паставіць, каб рост цэн быў ня болей за 3-5% у год. Вось у ЭЗ за мінулы год цэны вырасьлі на 2%, а ў нас па афіцыйных зьвестках на 22%, а фактычна ў два разы вышэй”.

У кароткатэрміновай пэрспэктыве такая сытуацыя яшчэ можа працягвацца. Але ў будучым грашова-валютнага крызысу не пазьбегнуць, – лічыць Багданкевіч.

А вось фінансаваму аналітыку Вадзіму Іосібу высновы аўтараў артыкула пра пэрспэктыву беларускага дэфолту падаюцца «дзіўнымі». Магчыма, таму, што аўтар кепска знаёмы зь беларускімі рэаліямі, – мяркуе аналітык.

«Вось пералічаюцца нашы праблемы ў эканоміцы, – кажа Іосуб. – А ў нас няма дэфіцытнага бюджэту: даходы супадаюць з расходамі. Згадваюць фіксаваны курс – а гэта наўпроста супярэчыць рэчаіснасьці. Няма ў нас фіксаванага курсу».

Асабліва не падабаецца яму параўнаньне з МММ. Па меркаваньні Іосуба, ніякай піраміды ў дзеяньнях уладаў Беларусі няма: «Гэта проста той выпадак, якім варта карыстацца. Любы пэрыяд выхаду гіпэрінфляцыі заўжды зьвязаны з такімі высокімі стаўкамі, – сьцьвярджае Іосуб. – Тыя, хто хоча браць крэдыты пад 100% і аплочваюць прыбытак тых, хто кладзе грошы на дэпазыт. І яшчэ крыху застаецца банкам, – адказвае аналітык на пытаньне, адкуль бяруцца гэтыя грошы».

Высокія стаўкі па дэпазытах уздымаюць уверх і стаўкі па крэдытах, якія расейскія экспэрты называюць «шалёнымі». Крэдыты цяпер прапануюцца пад 70, а то і 120 працэнтаў. Проста ў крамах прапануюць атрымаць крэдыт на невялікую суму пад тысячу працэнтаў. І людзі гэтым карыстаюцца. Бо спадзяюцца на хуткую дэвальвацыю.

Паводле фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба, так працуе «рынак у чыстым выглядзе».

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб
Іосуб: «Можна ўзяць любы фінансавы рынак. Нехта валюту купляе, нехта прадае. У выніку, нехта апынецца ў плюсе, а другі – у мінусе. Так працуе рынак. Калі нават на дадзеную сытуацыю паглядзець абсалютна абстрактна, то відавочна, што нехта кладзе дэпазыты ў спадзеве зарабіць, а нехта бярэ крэдыт у спадзеве дэвальвацыі».

«З восені 2011 году ў нас сур’ёзна зьмянілася сыстэма курсаўтварэньня – быў уведзены плаваючы курс. Гэта ня значыць, што ў нас ніколі ня будзе праблемаў. Але аднамомантавыя дэвальвацыі, якія ў нас былі раней, у прынцыпе ня могуць адбыцца».

«Рублёвыя ўкладчыкі прачнуліся і страцілі большую частку сваіх ашчаджэньняў, – такога ня бачу ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, – кажа Іосуб. – Аб’ектыўных эканамічных повадаў для гэтага няма».

Само зьяўленьне дэпазатыранай бурбалкі аналітыкі зьвязваюць зь недахопам ліквіднасьці. Але намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі Нацбанку Міхаіл Журавовіч сьцьвярджае, што зь ліквіднасьцю ў нас усё ў парадку, а да працэнтаў па дэпазытах Нацбанк увогуле ня мае дачыненьня – маўляў, гэта вырашаюць самі камэрцыйныя банкі.

Аднак паводле Багданкевіча, бурбалка можа лопнуць у любы момант, і тады разьлічвацца па ўкладах давядзецца менавіта прэзыдэнту праз Нацыянальны банк. Адкуль возьмуцца гэтыя грошы – ад новых крэдытаў ці ад продажу буйных прадпрыемстваў, – можна толькі меркаваць.

А простым грамадзянам эканаміст ня раіць гуляць у азартныя гульні з уладай. Пакуль адны баяцца дэвальвацыі, ратуючы свае грошы на дэпазытах, другія чакаюць яе, спадзеючыся на меншыя выплаты па крэдытах. Але і тое, і другое небясьпечна ў непрадказальнай беларускай эканоміцы, лічыць Багданкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG