Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск асабліва не зацікаўлены ў вырашэньні візавага пытаньня»


Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
Рух «За свабоду», грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і Партыя БНФ прынялі сумесную заяву пад назвай «Больш Эўропы для Беларусі».

«Мы лічым, што для ўмацаваньня стабільнасьці ў рэгіёне і незалежнасьці нашай краіны Эўрапейскі Зьвяз ужо цяпер можа распачаць шэраг крокаў, якія адначасова будуць спрыяць большай адкрытасьці беларускага грамадзтва і правядзеньню неадкладных эканамічных рэформаў», — заяўляюць аўтары заявы.

Яны заклікалі Эўразьвяз, сярод іншага, у аднабаковым парадку максымальна спрасьціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі, пашырыць для беларусаў магчымасьці атрымліваць эўрапейскую адукацыю, пашырыць падтрымку арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў, якія працуюць унутры Беларусі.

Наколькі рэалістычная гэтая ініцыятыва беларускіх палітыкаў? Што перашкаджае эўрапейцам зрабіць такія крокі? Як афіцыйны Менск рэагуе на аднабаковыя крокі з боку Эўразьвязу? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

Цыганкоў: «Здаецца, ужо ня першы раз беларускія дэмакратычныя сілы заклікаюць Эўразьвяз спрасьціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі — але гэта ня робіцца. Можа, у эўрапейцаў ёсьць нейкія грунтоўныя прычыны, якія перашкаджаюць ім рабіць такія крокі?»

Мельянцоў: «Такое патрабаваньне беларускіх палітычных сілаў ня новае і досыць наіўнае, — таму Эўразьвяз адпаведна на гэта і рэагуе. Аднак парадаксальным чынам гэтае патрабаваньне палітычна правільнае.

Што я маю на ўвазе? У візавым пытаньні мяч цяпер сапраўды на беларускім баку. Зыходзячы зь міжнароднага прынцыпу ўзаемнасьці, Менск абавязаны падпісаць і дамовы пра фасілітацыю, і дамовы пра рэадмісію. Толькі ў такім выпадку можа спрасьціцца візавы рэжым.

Аднак калі не падымаць гэтае пытаньне на палітычным узроўні, адпаведна і да Беларусі, і да візавай праблематыкі ня будзе такой цікавасьці, якая павінна быць дзеля таго, каб увесь час штурхаць гэтае пытаньне і ціснуць на беларускія ўлады».

Цыганкоў: «Як афіцыйны Менск рэагуе на ранейшыя аднабаковыя крокі Эўразьвязу? Ці ўспрымае іх пазытыўна, ці, наадварот, раздражняецца?»

Мельянцоў: «Тое, што можа зрабіць Эўразьвяз, — гэта, хутчэй, пэўныя неафіцыйныя захады. Скасаваць кошт візаў для беларусаў яны ня могуць. Бо тады паўстане пытаньне — а што рабіць з Украінай і Малдовай, якія пакутліва праходзяць увесь шлях выкананьня ўсіх патрабаваньняў? Узьнікне пытаньне — чым беларусы такія адметныя, каб ім адмяніць плату за візы?
Узьнікне пытаньне — чым беларусы такія адметныя, каб ім адмяніць плату за візы?

Але што можа зрабіць Брусэль — гэта, карыстаючыся тымі паслабленьнямі, што ёсьць у візавым кодэксе, спрашчаць візавыя працэдуры групам грамадзянаў і канкрэтным грамадзянам. Цяпер консулы краінаў ЭЗ могуць самі аднаасобна вырашаць, ці даваць візу за грошы, ці бясплатна, даваць аднаразовую альбо шматразовую. І тое, што Беларусь выйшла на першае месца па колькасьці шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва, — гэта заслуга такіх дзеяньняў кансулятаў краінаў Эўразьвязу».

Цыганкоў: «Цяпер, калі зноў зьявіліся размовы пра магчымае пацяпленьне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем, ці можна чакаць, што беларускія ўлады будуць гатовыя зрабіць хаця б сымбалічныя крокі наперад у непалітычных пытаньнях — такіх, як візы, магчымасьці для адукацыйных праграмаў і гэтак далей?»

Мельянцоў: «Адукацыйныя і навучальныя абмены, у тым ліку з удзелам дзяржаўных экспэртаў, не залежаць ад крокаў афіцыйнага Менску і адбываюцца па-за палітычнымі зьменамі. Што да візавага пытаньня, то афіцыйны Менск асабліва не зацікаўлены ў яго разьвязаньні. У тым ліку з малым памежным рухам.

Таму нават калі здарыцца нейкая палітычная лібэралізацыя, то ня факт, што ў візавым пытаньні адбудзецца нейкі прагрэс».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG