Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе беларускія «злодзеі ў законе» сядзяць у турме


«Галаву крымінальнага сьвету Беларусі» Аляксандра Цімашэнку (мянушкі «Бор», «Цімоха Гомельскі») затрымалі 6 красавіка ў Расеі.

Факт затрыманьня пацьвердзіла Свабодзе прэс-служба Галоўнага ўпраўленьня МУС Расіі па Цэнтральнай фэдэральнай акрузе.

Супраць Цімашэнкі была раней заведзеная крымінальная справа за захоўваньне наркотыкаў у асабліва буйным памеры.

Цімашэнку 59 гадоў, зь іх каля 25 ён правёў у зьняволеньні.

Як адзначае рэсурс ПраймКрайм, беларускім праваахоўнікам удалося ў рэкордна кароткія тэрміны абясшкодзіць усіх «злодзеяў у законе» — «прычым на чужой тэрыторыі і не сваімі рукамі».

Пры канцы сакавіка ў Менску быў затрыманы «злодзей у законе» Дзьмітры Галееў (Галей). Дзьмітрыя Галеева затрымалі адразу пасьля пасадкі ў самалёт, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. МУС дадае, што беларуса дэпартавалі з адной з заходнеэўрапейскіх краінаў за парушэньне міграцыйнага заканадаўства.

Беларуская міліцыя абвясьціла Галея ў міжнародны вышук яшчэ ў 2005 годзе, бо двума гадамі раней абвінаваціла яго ў вымагальніцтве ў складзе злачыннай групы. Нібыта Галей разам з 4 падзельнікамі вымагаў 18 тысяч даляраў ад жыхара Жодзіна. Трох удзельнікаў вымагальніцтва затрымалі і асудзілі. А Галееву і Віталю Пухнарэвічу ўдалося ўцячы.

Раней у сакавіку беларускія і расейскія праваахоўныя органы ўжо арыштавалі чатырох новакаранаваных «злодзеяў» — Алега Герасімовіча (Муму), Аляксандра Мядзьведзева (Мядзьведзік Гомельскі), Паўла Алексіевіча (Пашцет Мінскі) і Руслана Лебедзева (Лебедзь Барысаўскі).

Судзіць іх будуць у Расеі. Ад Беларусі патрабаваньняў пра дэпартацыю гэтых асобаў не паступала. Аднак саму апэрацыю расейскія і беларускія праваахоўныя органы ажыцьцяўлялі сумесна.

Таксама вядома, што самы «ўплывовы» беларускі «злодзей у законе» Саша Кушнер па мянушцы «Беларус» асуджаны на два гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Кушнера затрымалі ў Маскве, а пасьля дэпартавалі ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG