Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 красавіка: дзень жартаў і розыгрышаў


1 красавіка адзначаецца Дзень сьмеху. Гісторыя гэтага сьвята бярэ пачатак з рымскага Prima aprilis. Менавіта пад такой назвай адзначала яго шляхта старажытнай Беларусі. Што да простага люду, днём вясёлага шкодніцтва спрадвеку ў Беларусі лічылася Купальле. Тады гарэзьлівая моладзь за ноч рабіла ў вёсцы сапраўдны вэрхал. Але традыцыя розыгрышаў, жартачак, кпінаў і прыколаў на 1 красавіка як жыла ў савецкія часы, так трывае і дагэтуль. Ці купляліся вядомыя беларусы на розыгрышы сяброў, калег і сваякоў?

Палітык, прафэсар-фізык Станіслаў Шушкевіч кажа, што больш за ўсё жартаў і розыгрышаў у яго жыцьці было падчас выкладаньня ў Белдзяржунівэрсытэце. Кпілі з выкладчыкаў і студэнты, і самі выкладчыкі. Але нейкіх інтэлектуальных розыгрышаў ці занадта брутальных не было, калі не лічыць гэтага:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
«У нас быў адзін такі жартаўнік-навуковец, ён падыходзіць да мяне, а ў яго такая таблічка ў руках (ня буду называць прозьвішчы сапраўдныя): Іваноў — 15 рублёў, Мікалаеў — 12 рублёў, яшчэ нехта — 10 рублёў. Кажа: тут такое няшчасьце, памёр выкладчык Кісьлякоў. Не паверыць, бачачы такую табліцу, да таго ж ён трымае ў руках грошы, — немагчыма. Яшчэ адзін прафэсар 10 рублёў даў, ну і я дзясятку даў. А потым вечарам нас запрашаюць: „Мы ладзім банкет з нагоды 1 красавіка“. Гэта быў жарт, асабліва для таго, хто нібыта памёр. І яго ж запрасілі, больш за ўсё сьмеху было!»

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч — чалавек сур’ёзны. Раней заўсёды хадзіў у капелюшы. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году адседзеў за Плошчу 12 сутак на Акрэсьціна. Выпускалі на волю яго якраз 1 красавіка. Сябры вырашылі зрабіць сюрпрыз: сустракаць з ізалятара прыйшло чалавек 30, і ўсе — у капелюшах. Што да розыгрышаў, спадар Янукевіч узгадаў такі выпадак:

«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году тэлефануюць мне з офіса праваабарончага цэнтру „Вясна“. Яны там былі вялікай кампаніяй. Тэлефануе мне на мабільны іх перакладчык, размаўляе па гучнай сувязі, па-ангельску назваўся карэспандэнтам брытанскай газэты „Daily Mail“ і пачаў браць у мяне інтэрвію. Гэта працягвалася доўга — хвілін 20 ён мне задаваў пытаньні пра палітычную сытуацыю, я вельмі дэталёва і падрабязна адказваў. Ну, а ўсе, хто быў побач зь ім і чуў нашу размову, вельмі моцна весяліліся і сьмяяліся».

Яўген Крыжаноўскі
Яўген Крыжаноўскі
Мастацкі кіраўнік Тэатру сатыры і гумару «Хрыстафор» Яўген Крыжаноўскі часьцяком разыгрывае людзей сам. Вось і сёньня ў Дзень сьмеху калектыў тэатру паехаў у Віцебск на канцэрт. Але летась сябры разыгралі і яго:

«Хлопцы ўзялі ключы ад машыны, пакуль я быў на сцэне, і зьнялі руль адмысловым прыстасаваньнем. Пасьля канцэрту я сеў у машыну, а руля няма. Ну, а далей, вядома, — вырачаныя вочы, зьдзіўлены твар і рогат з усіх бакоў».

Адам Глобус
Адам Глобус
Літаратар і выдавец Адам Глобус — чалавек даверлівы і лёгка вядзецца на жарты блізкіх людзей:

«Я веру людзям. Блізкім людзям веру, хіба такая ў мяне ёсьць. Кожны раз купляюся на такія простыя рэчы. Мяне цяжка падмануць зь нейкімі вялікімі рэчамі: там газэты, радыё, тэлевізар, інтэрнэт — тут я не павядуся. А вось на такія добрыя сямейныя жарты, розыгрышы — тут я вядуся. Разыгралі мяне і сёньня. Сказала жонка, што нешта пад вокам у мяне: ці то апухла, ці нейкі прышч сеў. Я пабег у люстэрка глядзець.Жонка мяне так разыграла жорстка. Але я адразу ж ёй адказаў. Кажу: блакітніца, такая прыгожая птушка, вось ужо прыляцела, сядзіць, чакае, калі ты ёй семак насыплеш. І яна паляцела хутчэй глядзець у вакно, а птушка яшчэ не прыляцела».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG