Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывейшы за жывых


Яго называлі першым камуністам, першым касманаўтам, першым гіпі... Лухта, вядома, але дзіўна: чамусьці вельмі хочацца верыць, што ён сапраўды існаваў. Што яму часам балелі зубы, што калі ён прастуджаўся, дык смаркаўся, што ён бачыў сны, баяўся адзіноты, з задавальненьнем насіў дзяцей на плячах і быў ня супраць выпіць халоднага віна з авечым сырам. Што ён ня быў супэрмэнам, таемным агентам дабра і ісьціны, бо кіно нам, урэшце, хапае і безь яго. Што ён жыў, гучаў, пахнуў. Некаторым, самым прасунутым, так моцна хочацца верыць у ягоную рэальнасьць і гістарычнасьць, што яны нават вызначылі дакладную дату ягонай гібелі: 3 красавіка 33 году нашай эры. Дзень, калі па экране густа пайшлі тытры.

Вядома ж, гаворка пра Хрыста. Ён — сакрэтная зброя хрысьціянства, спрадвеку ягоны вобраз выклікаў давер нават там, дзе сканчалася ўсялякая павага да рэлігіі: два тысячагодзьдзі мінула, а ён як новенькі. Самыя адпетыя атэісты і блюзьнеры, якія ў выразах не саромеюцца, не знаходзілі і не знаходзяць прыдатнага слова, каб яго абразіць і зьнішчыць, адгукаючыся пра Ісуса кожны па-свойму, але заўжды безь нянавісьці, а часьцей за ўсё зь нейкай спагадлівай сымпатыяй. Дзіўным чынам усе сыходзяцца на тым, што Ён быў неблагі хлопец, зь якім можна ісьці ня толькі ў разьведку, але і ў самаволку. Хрыстос і праўда ўяўляе сабой нейкі цёплы чалавечы кампраміс, ня толькі яму ёсьць справа да нас усіх, але і кожнаму з нас ёсьць што сказаць пра яго, што бывае нячаста.

А гавораць рознае.

Курт Вонэгут, напрыклад, назваў Ісуса адным з пацыентаў вар’ятні, якую называюць Зямлёй. Пацыентам, якога іншыя хворыя прыбілі да драўлянага крыжа, ды так, каб нават самаму нізенькаму было відаць, як той наверсе мучыцца.

Ну, гэта, так бы мовіць, канстатацыя факту. А вось Джон Ленан, ляпнуўшы неяк, што Бітлз, маўляў, папулярнейшыя за Хрыста, празь некалькі гадоў пачаў апраўдвацца, што не хацеў такім чынам нікога пакрыўдзіць, і прызнаў, што Ісус быў файны, толькі вось пасьлядоўнікі ў яго нейкія тупаватыя.

Іншы Джон, Элтан, ня так даўно абвясьціў, што Ісус быў геем. Ня простым геем, а «звышінтэлігентным, спагадлівым геем, які разумеў чалавечыя праблемы, які хацеў, каб мы любілі і разумелі адно аднаго. Паспрабуйце быць геем на Блізкім Усходзе — можаце лічыць, што вы труп...»

Невядомы гумарыст, якога можна лічыць голасам сучаснага фальклёру: «Калі б Ісус жыў у наш час, яго б зноў забілі, і людзі б цяпер хадзілі з маленькімі электрычнымі крэсельцамі на грудзях».

Оскар Ўайлд лічыў, што Ісус памёр не для таго, каб нас выратаваць — а для таго, каб мы навучыліся ратаваць адно аднаго. То бок, ягоныя задачы прыкладна супадалі з задачамі міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Выдатную фразу прыпісваюць Сымону Балівару:

«Самыя нудныя постаці, якіх я ведаю, гэта Хрыстос, дон Кіхот і я».

Баюся, аднак, што мужнага рэвалюцыянэра і палкаводца пераблыталі з Сымонай дэ Бавуар — ёй гэтыя словы пасуюць неяк лепш, бо нуднейшы за яе толькі яе муж. Добра яшчэ, што самога Хрыста не пераблыталі з Хрыста Стоічкавым.

Апазыцыйны беларускі сьпявак Мэрылін Мэнсан зь веданьнем справы кажа, што «Хрыстос такі знакаміты, бо яго забілі. У кожнай рэлігіі ёсьць такі Ісус, якога забіваюць. Людзям трэба ў кагосьці верыць, бо яны ня вераць у сябе».

Пра Хрыста выказваўся нават Гітлер, які прымерваў на сябе ролю новага Збаўцы. «Гэтыя абшчыны, якія назвалі сябе першымі хрысьціянскімі цэрквамі — яны здраджвалі Хрысту, яны сказілі сьвятую ідэю хрысьціянскага сацыялізму! Яны забілі яе так, як яўрэі прыбілі Хрыста да крыжа!»

Сымона Вайль шчыра казала, што калі думае пра Хрыста, то ўпадае ў грэх зайздрасьці. А вось якія словы знайшоў для Ісуса аўтар моладзевых раманаў Бэгбэдэр:

«Ісус — найлепшы ў сьвеце рэкляміст, аўтар несьмяротных слоганаў: „Палюбі бліжняга свайго“, „Апошнія зробяцца першымі“, „Спачатку было слова“... А, не, гэта ня ён сказаў, гэта ягоны баця».

Ну, ён і сам хутчэй рэкляміст, чым пісьменьнік. І бацька ў яго не такі ўплывовы, як у Ісуса. Іншы француз, Мішэль Уэльбэк, адгукнуўся пра Хрыста значна больш цікава:

«У маладосьці я часам пачуваўся захопленым гісторыяй Хрыста. Але звычайна гэта працягвалася не даўжэй за дзесяць хвілін. Варта мне было выйсьці на вуліцу, як усё зьнікала».

Гаворачы пра Хрыста, кожны кажа пра сваё. Напэўна, ён і праўда жыў — бо каб прыдумаць такога пэрсанажа зь нічога, мала быць трошкі больш таленавітым за Бэгбэдэра, трошкі большым геем за Элтана Джона і трошкі нуднейшым за дона Кіхота. Трэба быць геніем. Прыкладна такім, якім, напэўна, і быў Хрыстос.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG