Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі зь пекла


Тысяча сямсот дзевяносты год. У Францыі віруе і паруе, курэе і паціху карае каралеўскіх недабіткаў рэвалюцыя. 15 сакавіка дэкрэтам рэвалюцыйнага ўраду адмяняюцца фэадальныя павіннасьці і спадчыннае права, а 2 красавіка з турмаў адпушчаныя ўсе, хто быў зьняволены старым рэжымам без суду і сьледзтва. «Марсэльеза» яшчэ не напісаная, і нават «Са іра!» на вуліцах яшчэ не пяюць. Затое ў выглядзе рукапісаў ужо існуюць «120 дзён Садому» ды іншыя сумнеўныя кнігі, якія пакуль што яшчэ ніхто не называе літаратурай... Разам з стракатым натоўпам на волі ў гэты красавіцкі дзень апынаецца і іхны аўтар, пісьменьнік Данасьен Альфонс Франсуа дэ Сад — ці то маркіз, ці то граф, але «маркіз» гучыць неяк эратычней. Той самы маркіз, якога нашчадкі пасьля сьмерці (вось дзе сапраўдныя вычварэнцы) ажэняць зь бедным львавянінам Мазохам. Вэнэра і Жустына сустрэнуцца ў адным меху, і ніхто ня выйдзе зь яго жывым. На пацеху шаноўнай публіцы зь яе семкамі — сучасным аналягам шпанскай мушкі.

У тым насычаным жарсьцямі красавіку 1790-га дэ Сада трымалі ў псыхіятрычнай лячэбніцы Шарантон-Сэн-Марыс — якая ў сапраўднасьці была звычайнай турмой пры манастыры: чымсьці гэта нагадвае савецкія часы, калі іншадумцаў спрабавалі вылечыць ад іншадумства нэўралептыкамі. Маркіза перавялі туды з Бастыліі: адчуваючы, як сытуацыя ў горадзе ўсё больш выходзіць з-пад кантролю, ён крычаў мінакам з вокнаў знакамітага астрогу пра тое, што, маўляў, каралеўскія кáты зьбіраюцца іх усіх тут перабіць, і таму, дарагія парыжане, ці не маглі б вы там трохі паварушыцца? Празь некалькі дзён Бастылію возьмуць штурмам, але дэ Сад будзе ўжо ў Шарантоне і ў самы ўрачысты момант у гісторыі пэнітэнцыярнай сыстэмы ніхто не абдыме яго са сьлязьмі, ніхто не начэпіць яму на сурдут чырвоную стужачку і не сфатаграфуецца зь ім на фоне турэмных руінаў. Хаця ў палітвязьні яго на нейкі час запішуць, і ён нават зробіцца рэвалюцыянэрам... Будзе засядаць у камісіях як грамадзянін Сад... Галасаваць... Прымаць рэзалюцыі... Цяжка ўявіць сабе дэ Сада за гэтым заняткам. Хаця праславутая «лібэртэ» ў вядомым лёзунгу даволі лёгка замяняецца на «лібэртынаж». Магчыма, маркіз знаходзіў адмысловую асалоду і ў рэвалюцыйнай бюракратыі. Зьбіраюцца ж людзі дагэтуль на партыйныя зьезды, па дваццаць чатыры гадзіны сядзяць у душных ДК, давяцца распушчальнай кавай, падымаюць членскія білеты і слухаюць стогны дакладчыкаў. І нічога, выходзяць адтуль задаволеныя.

Ніякім палітвязьнем маркіз, вядома ж, ня быў. І нават доўгія гады, праведзеныя ў Вэнсане, Бастыліі, Шарантоне і іншых турмах, па якіх ён мог бы вадзіць экскурсіі, былі не галоўным у ягоным жыцьці зьняволеньнем. Ён быў вязьнем самога сябе. Пасаджаны, як і кожны чалавек, у адзіночную камэру сваіх патаемных жаданьняў, за кратамі табу і двайной маралі, ён, у адрозьненьне ад большасьці, не ішоў ні на якія перамовы з, так бы мовіць, турэмнай адміністрацыяй. Не спрабаваў «скасьціць» сабе тэрмін, прызначаны яму грамадзтвам. Спрабаваў быць вольным — з папраўкай на час, гэта значыла: вольным за кошт іншых. І без папраўкі таксама. Час даказаў рацыю Сада: нягледзячы на ўсе рэвалюцыі, людзі заўжды будуць дзяліцца на тых, хто пануе, і тых, хто падпарадкоўваецца. Кім бы яны сябе ні называлі.

«Калі б у бібліятэках было сваё Пекла, кнігі маркіза акурат для яго...» Марыс Бляншо, адзін з тых, хто праз паўтара стагодзьдзя разгледзеў у легендарным псыхапаце і пэрвэрце не абы-якога пісьменьніка, пісаў пра Сада:

«Калі бачыш захады перасьцярогі, ужытыя гісторыяй, каб ператварыць Сада ў калясальную загадку, калі думаеш пра дваццаць сем гадоў у турмах, пра забароненае існаваньне ў зьняволеньні, калі пазбаўленьне волі захоплівае ня толькі прыжыцьцёвае існаваньне, але і замагільнае, міжволі пытаешся ў сябе: ці не былі цэнзары і слугі Сада ў яго на службе, выконваючы самыя вялікія патрабаваньні ягонага лібэртынажу, яго спадзеў на таемства падпольнага жыцьця. Сад на дзясяткі ладоў фармуляваў ідэю, што самыя вялікія чалавечыя празьмернасьці вымагаюць прыхаванасьці, цемры і бездані, недатыкальнай адзіноты камэры-кельлі. Дзіўная рэч: менавіта ахоўнікі маралі, асуджаючы яго на адзіночную камэру, зрабіліся паслугачамі самага відавочнага імаралізму».

Гэтую выснову Марыса Бляншо пацьвярджае і тое, як абышліся з маркізам пасьля яго сьмерці. Перад сконам дэ Сад прасіў пра магілу без апазнавальных знакаў — у лесе, прысыпаную жалудамі, каб ня дай божа не застацца ў памяці чалавецтва. Цэнзары і ахоўнікі маралі не паслухаліся і зрабілі па-хрысьціянску, пахаваўшы маркіза як мае быць. Быццам бы і праўда ён быў патрэбны ім ня менш, чым яны — яму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG