Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоны касьцёл унясуць рэліквіі Яна Паўла ІІ


2 красавіка а 17-й гадзіне ў менскім Чырвоным касьцёле адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўнясеньня ў сьвятыню рэліквіяў папы Рымскага Яна Паўла ІІ — кроплі крыві, а таксама ягонай хустачкі.

Кропля крыві Яна Паўла ІІ — першая ў Беларусі рэліквія — часьцінка цела дабраслаўлёнага папы. Унясеньне яе прымеркавана да восьмай гадавіны сьмерці Яна Паўла ІІ, паведаміў Свабодзе пробашч касьцёла сьвятых Сымона і Алены Ўладыслаў Завальнюк:

«Адбудзецца ўрачыстая працэсія з удзелам мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, унясеньне рэліквіяў у храм, імша і адмысловае набажэнства да дабраслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Адбудзецца таксама дабраслаўленьне рэліквіямі, і яны будуць пададзеныя для ўшанаваньня.

Гэтак папа прыйшоў у Беларусь — я гэта прапаведаваў, так і буду гаварыць. Не было дадзена папу прыехаць у Беларусь падчас жыцьця зямнога, ён прыехаў да нас як дабраслаўлёны. Гэта азначае, што папа прыйшоў у Беларусь, і гэта вельмі важная падзея».

Паводле Ўладыслава Завальнюка, рэліквіі застануцца ў Чырвоным касьцёле Менску і будуць даступныя для малітоўнага ўшанаваньня штодзень.

Кроў Яна Паўла ІІ у менскі Чырвоны касьцёл перадаў мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, былы асабісты сакратар папы Яна Паўла II, а хустачка — дар кардынала Мар’яна Яворскага.

Кроплі крыві дабраслаўлёнага захаваліся ў невялікай ампуле. У апошнія дні хваробы папы асабісты лекар пантыфіка ўзяў у яго кроў і перадаў у Цэнтар пераліваньня крыві рымскай клінікі «Bambino Gesu».

Рэліквіі знаходзяцца ў невялікім рэлікварыі і будуць захоўвацца ў бакавым алтары сьвятыні, дзе ўжо больш за 6 гадоў знаходзяцца іншыя памяткі — шапачка-піуска і крыж — дабраслаўлёнага Яна Паўла ІІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG