Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто гарант незалежнасьці?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Толькі цяпер, праз два месяцы, робіцца трохі больш зразумелай таямнічая сустрэча Лукашэнкі з амэрыканскімі палітолягамі. Тады, у студзені, выглядала дзіўным ня столькі само спатканьне, колькі тое, што навукоўцы ЗША пачалі ў духу беларускай прапаганды ганіць няправільную, несправядлівую палітыку Захаду адносна беларускага рэжыму.

І вось на сайце Радыё Свабода надрукаваная размова супрацоўніка Фонду Маршала ў Нямеччыне, вядомага рупліўца беларускай дэмакратыі Паўла Дэмэша з адным з удзельнікаў той сустрэчы, аналітыкам амэрыканскага Джэймстаўнскага фонду Ўладам Сокарам.

Трэба адзначыць, што амэрыканскія аналітычныя цэнтры (а Джэймстаўнскі фонд – адзін зь іх) – даволі ўплывовыя структуры. Яны ня толькі выпрацоўваюць палітычную лінію для органаў улады, але нярэдка іх прадстаўнікі займаюць высокія пасады ва ўладных інстытутах. Дастаткова ўзгадаць дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Буша Кандалізу Райс, якая перад тым працавала ў Стэнфардзкім унівэрсытэце.

Дык вось Улад Сокар лічыць, што палітыка ЗША і Захаду ўвогуле адносна Беларусі – няправільная, бо яна імкнецца найперш да дэмакратызацыі краіны. А трэба, на яго погляд, імкнуцца да ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі, якой пагражае Расея. Вось галоўныя тэзы сп. Сокара:

«Мы былі заклапочаныя тым, як Расея выкарыстоўвае дзеля сваіх інтарэсаў ізаляцыю Беларусі Захадам. Палітыку ўсяго Захаду паралізавала дэмакратычная ідэалёгія... Нельга ўвесьці дэмакратыю ў грамадзтве, якое да гэтага не падрыхтаванае... Дэмакратыю ня ўводзяць з-за мяжы... Калі ў Беларусі мы ўвесь час будзем мець сытуацыю, у якой дзяржаўнасьць знаходзіцца пад пагрозай з боку Крамля, дык там ніколі ня будзе ні поўнага сувэрэнітэту, ні дэмакратыі... Прэзыдэнт Лукашэнка ў нечаканым павароце гістарычнага працэсу стаў гарантам беларускага сувэрэнітэту. У сытуацыі, калі Расея спрабуе абмежаваць або падарваць сувэрэнітэт Беларусі, нам трэба падтрымаць цяперашняе кіраўніцтва гэтай краіны, гэта значыць, і прэзыдэнта Лукашэнку, калі ён будзе супраціўляцца паглынаньню Расеяй. Немагчыма выйграць, калі вы будзеце падтрымліваць апазыцыю, якая выступае супраць Лукашэнкі, які супраціўляецца паглынаньню Беларусі Расеяй... Бо я лічу, што безагаворачная падтрымка для беларускай апазыцыі, якая прайграла па ўсіх пунктах, зьяўляецца цалкам контрапрадуктыўнай».

У сваіх разважаньнях сп. Сокар не арыгінальны. Менавіта такі настрой панаваў сярод заходніх палітыкаў у 2008–2010 гадах, падчас палітыкі дыялёгу Беларусі з ЭЗ. Тады назіраўся моцны канфлікт паміж Лукашэнкам і Крамлём. І Эўразьвяз з геапалітычных меркаваньняў імкнуўся скарыстаць момант, каб павярнуць Беларусь на Захад, ахвяраваўшы дзеля гэтага беларускай дэмакратыяй. Эўрапейскія палітыкі махнулі рукой на апазыцыю і пачалі наўпрост размаўляць з Лукашэнкам. То бок якраз рабілі тое, да чаго цяпер заклікае амэрыканскі аналітык.

Але ён забыў, чым скончылася тая палітыка. Ня толькі пагромам беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, але і ўзнаўленьнем шчыльнага сяброўства паміж Менскам і Масквою, новай халоднай вайной паміж Беларусьсю і Захадам.

Дарэчы, падобныя меркаваньні існуюць і ў асяродзьдзі беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Іх магчыма зьвесьці да двух тэзісаў, якія можна адначасова лічыць вялікімі беларускімі мітамі:

1. Калі замест Лукашэнкі да ўлады прыйдзе нейкі іншы палітык, то нельга выключаць, што гэта будзе горш для беларускай справы, бо ён можа здаць Беларусь Расеі, а Лукашэнка абараняе незалежнасьць.

2. Ня трэба ціснуць на рэжым Лукашэнкі з Захаду (уводзіць санкцыі і інш.), бо ёсьць небясьпека заштурхаць Беларусь у Расею.

Найперш пра дэмакратыю. Няма народаў, якія б увогуле не былі гатовыя да дэмакратыі. Можна казаць пра розную ступень гатоўнасьці. Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што вялізная большасьць беларусаў (у тым ліку – шмат хто з прыхільнікаў Лукашэнкі) хацелі б, каб у краіне існавала дэмакратыя, дзейнічалі дэмакратычныя мэханізмы і працэдуры. У гэтым сэнсе насельніцтва даўно перарасло рэжым. Праўда, змагацца за гэтую дэмакратыю беларусы не гатовыя, яны б хацелі, каб нехта звонку яе прынёс. Але гэта ўжо іншая справа.

Цяпер пра Лукашэнку як абаронцу незалежнасьці. Для беларускага лідэра адстойваньне сувэрэнітэту дзяржавы ёсьць пабочны вынік яго змаганьня за абсалютную ўладу. І ў гэтым палягае небясьпека, бо ягоныя ўяўленьні пра ўладу, уласныя палітычныя інтарэсы могуць не супадаць зь беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі. Як гэта было ў 1990-я гады, калі Лукашэнка, спадзеючыся захапіць крамлёўскі пасад, усяляк падштурхоўваў Расею да аб'яднаньня ў адну дзяржаву. Сп. Сокар пра гэта, мусіць, проста ня ведае.

Другая небясьпека палягае ў тым, што цяпер беларускую незалежнасьць абараняюць не дзяржаўныя інстытуты (які паралізаваныя, існуюць фармальна), не грамадзтва (якое пазбаўлена магчымасьці хоць неяк выяўляць сваю волю), а адзін чалавек. А гэта вельмі хісткая гарантыя. А раптам зь ім нешта здарыцца? Увогуле, паўплываць на чалавека значна лягчэй, чым на дзяржаўныя інстытуты ці на ўвесь соцыюм.

І апошняе. У чым прычыны сёньняшняй вялікай залежнасьці Беларусі ад Расеі? У нерэфармаванасьці беларускай эканомікі. З-за гэтага яна ня можа нармальна існаваць без расейскіх энэргетычных ільготаў, крэдытаў. А менавіта Лукашэнка ўсяляк супраціўляецца рынкавым рэформам, а замест гэтага патрабуе ад Расеі ўсё новых субсыдыяў.

Толькі пры дэмакратыі ў Беларусі паўстануць дзяржаўныя інстытуты, якія стануць сапраўднымі гарантамі незалежнасьці, зьявіцца сучасная эканоміка, здольная існаваць без расейскай дапамогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG