Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабака стагодзьдзя


Сорак сем гадоў таму, 27 сакавіка 1966 году, лёнданец Дэвід Корбэт пайшоў у кіёск праз дарогу патэлефанаваць і ўзяў з сабой сабаку Піклза, каб той па дарозе зрабіў усе свае вялікія і малыя справы.

Малую справу Піклз зрабіў адразу ж, на суседзкі ровар, а для вялікай, сапраўды вельмі вялікай справы заставалася ўсяго некалькі хвілін. Вось яны рыхтуюцца перайсьці вуліцу, вось Піклз цягне гаспадара да прыпаркаванай каля ходніку машыны. Вось гаспадар бачыць, што проста побач зь пярэднімі коламі ляжыць скрутак, на які Піклз пачаў звонка і гучна брахаць, нібы намякаючы, што ні ў які кіёск сёньня яны ня пойдуць. Містэр Корбэт разгортвае скрутак і бачыць там не каўбасу і не сасіскі, і не адрэзанае вуха, і не парнаграфічныя фотаздымкі, а Кубак сьвету па футболе, скрадзены тыдзень таму ў Вэстмінстэр-Голе, за тры месяцы да пачатку чэмпіянату сьвету, які, як вядома, меўся прайсьці ў Лёндане.

Так чорна-белы дварняк Піклз зрабіўся сабакам стагодзьдзя. Праўда, яму давялося зрабіць яшчэ адну вялікую справу: выратаваць з пастарунку свайго гаспадара, які ў той самы дзень прынёс знаходку ў паліцыю і быў адразу ж арыштаваны — усю ноч яму сьвяцілі лямпай у вочы і патрабавалі прызнаньня. І толькі слава Піклза не дала пратрымаць містэра Корбэта ў камэры даўжэй за тыдзень. Але ні паліцыя, ні Піклз, ні містэр Корбэт ня ведалі, што ў роспачы Ангельская футбольная асацыяцыя ўжо замовіла ювэлірам дакладную копію скрадзенага кубка, што трымалася ў строгім сакрэце. Як ня ведалі яны і таго, што ў Кубка сьвету лёс быў такі — у 1983 годзе яго зноў скралі, і гэтым разам не знайшлося сабакі, які, робячы на дарозе малыя справы, быў бы здольны і на вялікую. Сам Піклз, атрымаўшы шэсьць тысяч фунтаў стэрлінгаў, бочку корму і зьняўшыся ў некалькіх фільмах, на наступны год загінуў у пагоні за коткай. І толькі містэр Корбэт кожныя дзесяць гадоў вымушаны зноў і зноў распавядаць журналістам, як ён пайшоў у кіёск праз дарогу патэлефанаваць і ўзяў з сабой сабаку Піклза, каб той па дарозе зрабіў усе свае вялікія і малыя справы, і...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG