Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода слова і свабода адказу


Камісія ў справах этыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў разглядала заяву гісторыка Ігара Кузьняцова з нагоды блога Зянона Пазьняка на сайце svaboda.org і прыйшла да высновы, што блог утрымлівае парушэньні Кодэксу журналісцкай этыкі ГА «БАЖ».

Цалкам тэкст пастановы можна прачытаць тут.

Камісія адмовілася разглядаць зьмест і факты па-сутнасьці, матывуючы, што ня мае для гэтага рэсурсаў. І выказала меркаваньне, што найлепшы спосаб дзеяньня ў падобных сытуацыях — гэта даць месца для адказу другому боку. Камісія лічыць, што рабіць гэта трэба адначасна.

Рэдакцыя цалкам пагаджаецца з прынцыпам права на адказ, але ня лічыць адначаснасьць публікацыяў вызначальным патрабаваньнем. Напрыклад, як доўга трэба знаёміць аўтараў з адказамі на адказы — два, тры, дзесяць раз перад публікацыяй?..

Блог Пазьняка быў рэакцыяй на онлайн-канфэрэнцыю Кузьняцова на сайце Свабоды — як тут захаваць адначаснасьць? (Не заўсёды ясна, хто будзе апанэнтам, што рабіць, калі гэта група, і г. д.)) Публічныя дыскусіі звычайна разьвіваюцца ў часе, камэнтары і адказы паступаюць адзін за адным, галоўнае — адсутнасьць дыскрымінацыі, каб усе зацікаўленыя бакі мелі роўнае права выказацца.

Рэдакцыя менавіта так і зрабіла, атрымаўшы скаргу спадара Кузьняцова. Яму было адразу прапанавана надрукаваць яго адказ, на такім самым месцы і трымаць на сайце столькі ж часу, як і выступ спадара Пазьняка. Спадар Кузьняцоў адмовіўся ад прапановы, якая была зроблена яму некалькі разоў, патрабуючы ўзамен абвергнуць некаторыя ацэнкі і сьцьверджаньні спадара Пазьняка.

Ацэнкі і меркаваньні абвергнуць досыць складана — для некага адзін і той жа дзеяч ці ўчынак ёсьць геройскім, для некага здрадніцкім (яскравы прыклад — справа Паўліка Марозава). Ня ўсе факты рэдакцыі ў стане праверыць нават пры наяўнасьці рэсурсаў, некаторыя па вызначэньні носяць гіпербалічны характар, зьяўляюцца эмацыйным, а не фактычным аргумэнтам (як, да прыкладу, заява спадара Кузьняцова ў інтэрвію Свабодзе: «Ніхто з вучоных ня мае і ня меў доступу да архіваў КДБ.» Ці яго ж сьцьверджаньне «Беларусь — гэта адзіная Рэспубліка, дзе не ўсталявана дзяржавай ніводнага помніка ахвярам рэпрэсіяў, афіцыйна не выдадзеная ніводная кніга ахвярам рэпрэсіяў, не апублікаваныя сьпісы расстраляных». Усе гэтыя сьцьверджаньні не адпавядаюць рэчаіснасьці — шмат хто з вучоных з Акадэміі навук працаваў у архівах КДБ у канцы 80-х −90-я гады, а некаторыя кандыдаты навук працуюць і цяпер і публікуюць свае знаходкі ў афіцыйным друку. Няма афіцыйных помнікаў ахвярам рэпрэсій у Туркмэністане, у Беларусі афіцыйна выдадзены дзесяткі кніг пра рэпрэсіі, сьпісы ахвяраў публікаваліся ў афіцыйных кнігах «Памяць», у мясцовым друку...)

Найлепшы спосаб вырашэньня такіх канфліктаў — даць слова для адказу апанэнту. Гэтак было і зроблена — скарга Ігара Кузьняцова была цалкам апублікавана на сайце Свабоды ў тым самым месцы і на такі самы час, як блог Зянона Пазьняка.

З удзячнасьцю азнаёміўшыся з пастановай камісіі БАЖ, рэдакцыя таксама адзначае, што спадар Кузьняцоў, як і спадар Пазьняк, рэгулярна меў магчымасьць выказваць свае погляды і ацэнкі на сайце і ў эфіры Свабоды, у тым ліку ў жывых онлайн-канфэрэнцыях. Меркаваньні гэтых публічных асобаў заўсёды прыцягвалі ўвагу і выклікалі ажыўленую дыскусію аўдыторыі, і рэдакцыя спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG