Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўчы і пі


Кожны год 14 сакавіка яны сустракаюцца пасьля заняткаў у прапахлай потам і анучамі настаўніцкай і маўкліва чакаюць, пакуль за дзьвярыма ня сьціхне вясёлы школьны гоман і апошняя геаграфічка ня сыдзе нарэшце дахаты. Іхныя рухі дакладныя, як лязо цырульніка, іхныя позіркі цяжкія, як каменьне бабілёнскай вежы, і вострыя, быццам цыркуль. Мройныя іхныя цені імкнуць праз паўзмрок у бясконцасьць — у кабінэт фізыка, адзінага, далучанага да іхнай таямніцы. Там, за надзейна замкнутымі дзьвярыма, сярод вядзерцаў Архімэда і насосаў Камоўскага, маномэтраў, баромэтраў і штатываў яны наліваюць сабе сьпірту і выпіваюць, ня чокаючыся. «За пі!» — чуецца нечы ўмольны голас, але сапраўдныя матэматыкі не запіваюць.

У цішыні добра чуваць, як цурчыць празрыстая вадкасьць, як прабягаюць недзе пад плінтусамі скразьнякі і прусакі, як мерае крокамі калідор самотны фізрук, як ён паныла ўздыхае і ўрэшце ідзе ўніз, да вахторкі — папіць гарбаты і паскардзіцца на раматус. Гэта не ягоны дзень — гэта дзень Пі, загадкавага ліку, зразумець увесь сакральны сэнс якога могуць толькі тыя, хто на сваёй скуры адчуў, што такое ірацыянальнасьць.

І калі б у гэтую хвіліну на школу напала раптам нейкая праверка, у матэматыкаў дый у фізыка было б неблагое апраўданьне — бо акурат на 14 сакавіка прыпадае дзень нараджэньня Альбэрта Айнштайна, імя якога вядома нават вахторкам, гардэробніцам і кантралёрам. Чаго ня скажаш пра пі... Гэтую, прабачце за выраз, «матэматычную канстанту, якая паказвае суадносіны даўжыні акружнасьці да даўжыні яе дыямэтру». Для чалавека, адзнака якога па матэматыцы ў школе часьцей за ўсё была роўная прыкладна 3,14, усё гэта гучыць вельмі таямніча. Здаецца, усе словы знаёмыя — а выглядае як фраза на замежнай мове, сэнс якой вядомы толькі яе прыродным носьбітам. Пі, пі... Так і хочацца сказаць: ну і што далей? І што з таго, што 14 сакавіка 1988, то бок 3.14.1988, у адным з музэяў Сан-Францыска каляндар у ягоным амэрыканскім варыянце ўпершыню скрыжавалі з матэматыкай?

І гэта будзе абсалютна няслушны падыход да праблемы, скажуць матэматыкі. Менавіта няправільны разьлік пі прывёў некалі да таго, што Бабілёнская вежа так і не была пабудаваная. А дапялі б да сутнасьці — можа, і не было б ніякіх замежных моваў... І перакладнікаў... І слоўнікаў... Адна Касталія навокал, у якой Дзень Пі мусіў бы абавязкова зрабіцца галоўным дзяржаўным сьвятам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG