Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістам пагражалі расправай за інфармацыю пра пахаваньне Вайніцкага

абноўлена

Журналістам пагражалі расправай за інфармацыю пра пахаваньне Вайніцкага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:32 0:00
Наўпроставы лінк

Журналістам пагражалі расправай за інфармацыю пра пахаваньне Вайніцкага. Відэа: Белсат ТВ

У Вільні пахавалі аднаго зь лідэраў беларускай дыяспары ў Літве Рамана Вайніцкага. Журналістам беларускіх незалежных СМІ невядомыя пагражалі фізычнай расправай за фота- і відэарэпартажы аб пахаваньні.

Віленскі паліцэйскі камісарыят зафіксаваў скаргу журналістаў, літоўскіх грамадзянаў, акрэдытаваных МЗС ЛР для працы ў Літве, аб перашкодах іх прафэсійнай дзейнасьці. Захаваліся відэа і гуказапісы пагрозаў і абразаў.

У Вільні сёньня пахавалі Рамана Вайніцкага, намесьніка дырэктара Віленскай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, прэзыдэнта Асацыяцыі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў Літвы, кіраўніка клюбу «Сябрына», віцэ-старшыню Рады нацыянальных супольнасьцяў Літвы пры Міністэрстве культуры.

Ушанаваць яго памяць прыехалі беларусы з усёй Літвы, на цырымоніі сабралася каля сотні чалавек розных нацыянальнасьцяў, грамадзкіх дзеячоў, палітыкаў, афіцыйных асобаў, беларускіх дыпляматаў разам з амбасадарам РБ у Літве У. Дражыным.

У ганаровай варце пры труне па чарзе стаялі беларускія актывісты і лідэры беларускай дыяспары ў Вільні і рэгіёнах Літвы розных поглядаў на рэжым у Беларусі, у іх ліку - старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька. Побач - першы амбасадар Літвы ў Беларусі Альфонсас Аўгуліс.

Пахаваньне было арганізаванае пышна, з ганаровай вартай ля труны і з кранальнай цеплынёй: сярод мноства кветак і вянкоў стаялі разьвітальныя паштоўкі, зробленыя вучнямі гімназіі, са словамі падзякі і смутку.

Раман Вайніцкі ў Вільні запомніўся добрым і ветлівым чалавекам

Відэа: Белсат ТВ

Рамана Вайніцкага ў Вільні згадваюць як дзеяча, які не падтрымліваў ні рэжым у Беларусі, ні супраціў рэжыму, які імкнуўся аб’яднаць і прымірыць беларусаў Літвы незалежна ад іх палітычных поглядаў, як добрага і ветлівага да ўсіх чалавека. Усе цяпер прыгадваюць ягоныя словы як напамін, што найважнейшыя ня ўласныя амбіцыі, а любоў да Беларусі: «Нас шмат, але Беларусь у нас адна, так што нам няма чаго дзяліць».

Калі людзі пачалі выходзіць з залі, да журналістаў, якія стаялі прыкладна за 100 м ад выйсьця з будынку Пахавальнага бюро, засьпяшаліся невядомыя. На гэтых здымках, зробленых здалёк, літоўскі праваабаронца, беларускія актывісты і выкладчыкі, якія ня раз давалі інтэрвію беларускім незалежным смі. Ці могуць быць сярод іх людзі, якія ў дзень пахаваньня не хацелі трапіць у кадр журналісцкіх аб’ектываў?

Цяпер, калі на пахаваньне сабраліся з усёй Літвы беларускія актывісты самых розных поглядаў, якія даўно ня бачыліся і не размаўлялі адзін з адным, яны сумна паўтаралі: «Вось спадар Раман і сабраў нас усіх разам».

Журналісты беларускіх незалежных СМІ, акрэдытаваныя для працы ў Літве МЗС ЛР, аднак, не змаглі рабіць відэа- і фотаздымкі ў часе разьвітаньня з адным зь лідараў беларускай дыяспары ў Літве.

Двое невядомых, якія не прадставіліся і заявілі, што нібыта гавораць ад імя сваякоў загіблага, перашкаджалі журналістам выконваць свае прафэсійныя абавязкі
Двое невядомых, якія не прадставіліся і заявілі, што нібыта гавораць ад імя сваякоў загіблага, перашкаджалі журналістам выконваць свае прафэсійныя абавязкі
Журналістам Свабоды і Белсату пагражалі фізычнай расправай за відэа- і фотарэпартаж з пахаваньня грамадзкага дзеяча

Выконваць прафэсійную працу ў грамадзкім месцы журналістам не далі невядомыя расейскамоўныя мужчыны, якія абражалі журналістаў Радыё Свабода і ТВ Белсат з ужываньнем нецэнзурных словаў і пагражалі ім фізычнай расправай, паводзілі сябе агрэсіўна і заяўлялі, калі перакласьці іх словы, што «ў іншай краіне з такімі журналістамі яшчэ ня так распраўляюцца» і там яны «атрымоўваюць ад каго трэба як мае быць».

Гэты невядомы абражаў журналістаў Радыё Свабода і Белсат ТВ з ужываньнем нецэнзурных словаў, пацьвердзіў выказаныя раней пагрозы фізычнай расправы за выкананьне журналістамі сваёй працы

Невядомыя не прадставіліся, але пабачыўшы дакумэнты аб акрэдытацыі журналістаў у Літве, заявілі, што гавораць нібыта ад імя сям’і. Раней старэйшы сын Рамана Вайніцкага прасіў не здымаць толькі ў залі, не патлумачыўшы прычынаў, але, ведаючы, што забараніць здымаць у грамадзкім месцы нельга, быў ня супраць здымкі на вуліцы і ў фае пахавальнага бюро. Сын загіблага сказаў, што ня мае нічога супраць асобаў журналістаў, якія працуюць для Радыё Свабода і ТВ Белсат у Літве. Пазьней невядомыя выклікалі яго і прымусілі пры іх заявіць, што сям’я забараняе ўсе фота- і відэаздымкі ў часе пахаваньня.

На пахаваньні сабралася каля сотні чалавек, і сярод іх, па словах невядомых, былі людзі, якія не жадалі трапіць у аб’ектыў журналістаў, таму, паводле словаў невядомых, сям’я загіблага накіравала іх прагнаць журналістаў

Сярод тых, хто прыйшоў разьвітацца з лідэрам беларускай дыяспары, былі тыя, хто хаваліся ад відэакамэраў?

Апэратар ТВ Белсат Зьдзіславас Вайцяхоўскіс адышоў з камэрай прыкладна на сотню мэтраў ад выхаду з Пахавальнага бюро і падрыхтаваўся здымаць, як будуць выносіць труну і як будуць выходзіць людзі.

Прайшлі беларускія дыпляматы, актывісты пачалі выносіць вянкі. Як толькі з залі пачалі выходзіць людзі, іншыя невядомыя расейскамоўныя маладыя мужчыны падбеглі да камэры, закрылі рукой аб’ектыў і запатрабавалі сысьці.

Двое невядомых не прадставіліся, адзін зь іх размаўляў абразьліва і агрэсіўна, зь нецэнзурнымі словамі, другі трымаўся ветліва. Яны не патлумачылі прычыны, чаму яны замінаюць працы журналістаў, акрэдытаваных у гэтай краіне, выконваць сваю прафэсыйную працу ў грамадзкім месцы і зьдзекліва параілі зьвярнуцца ў паліцыю. Як толькі адзін з журналістаў патэлефанаваў у паліцыю, і невядомыя пачулі, што паліцыя зараз прыедзе, яны ўцяклі.

Ганаровая варта каля труны Рамана Вайніцкага, побач яго старэйшыя сыны Раман і Юры
Ганаровая варта каля труны Рамана Вайніцкага, побач яго старэйшыя сыны Раман і Юры

Віленскі камісарыят паліцыі зафіксаваў скаргу журналістаў Тацяны Поклад і Зьдзіславаса Вайцяхоўскіса, грамадзянаў Літвы, акрэдытаваных МЗС ЛР для працы гэтай краіне. Да заявы аб перашкодах і пагрозах журналістам незалежных беларускіх СМІ, акрэдытаваных ў Літве, будуць дададзеныя і відэа, і гукавыя запісы невядомых і іх пагрозаў журналістам.

***

Рамана Вайніцкага знайшлі забітым 6 сакавіка. Літоўская паліцыя праводзіць расьсьледаваньне забойства. Жорсткае забойства шакавала многіх у Літве і Беларусі, выказваюцца мноства вэрсіяў. Літоўскі парлямэнтар Арвідас Анушаўскас, чалец Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Сойму Літвы раней адзначыў, што лідэр беларускай дыяспары, які імкнуўся ня ўцягваць беларусаў у акцыі пратэстаў нацыянальных мяншыняў у Літве супраць літоўскіх законаў, мог замінаць Расеі ў яе спробах аб’яднаць нацыянальныя супольнасьці супраць літоўскай дзяржавы. Большасьць блізкіх да Вайніцкага людзей заявілі, што перад сьмерцю Вайніцкі скардзіўся на пагрозы і быў амаль у паніцы.

Старшыня саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова заявіла, што, на яе думку, Вайніцкага забіла беларуская апазыцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG