Працоўныя незадаволеныя дадатковым выходным днём. Адмыслоўцы мяркуюць, што беларускаму МАЗу на расейскім рынку складаюць канкурэнцыю эўрапейскія аўтаканцэрны.
Пра скарачэньне працы да чатырох дзён на тыдзень працаўнікі МАЗу ведаюць і праз чуткі, і з афіцыйных паведамленьняў. Стаўленьне да факту аднолькавае: людзі незадаволеныя, бо дадатковы выходны дзень пацягне за сабой скарачэньне заробкаў. Гутару з працоўнымі МАЗу каля прахадной прадпрыемства:
Карэспандэнтка: «Ці чулі вы што-небудзь на МАЗе пра скарачэньне працоўнага тыдня?»
Працоўны: «Так, чуў. Пятніца будзе выходным днём. Чатырохдзёнка застаецца».
Карэспандэнтка: «Ці тлумачаць, з чым гэта зьвязана?»
Працоўны: «Перавытворчасьць тэхнікі. МАЗам няма збыту».
Карэспандэнтка: «Як вы да гэтага ставіцеся?»
Працоўны: «Хвалююся за заробкі — сям’я, дзеці, кошты растуць, а жыць жа трэба».
Іншы працоўны: «Былі такія размовы. Але цяпер, нібыта, адменена, бо павялічыліся адзінкі экспарту».
Карэспандэнтка «Як да гэтага ставяцца людзі?»
Працоўны: «Як хто. Камусьці зручна было б, каб гэта было летам, бо летам лецішчы, вёскі — многія выяжджаюць. А цяпер, як такое надвор’е, то што рабіць?»
Працоўная: «Так, казалі пра гэта. Але, нібыта, усё нармальна стала».
Карэспандэнтка: «Ці будзеце рады дадатковаму выходнаму дню?»
Працоўная: «Не. Хоць штосьці зараблялі, а што будзе, калі дома сядзець?»
Працоўны: «Быў загад, што працоўныя дні зь пятніцаў сакавіка пераносяцца на кастрычнік і лістапад. І фармулёўка ў загадзе была: са зьмяншэньнем росту продажу аўтатэхнікі на расейскія рынкі».
Карэспандэнтка: «Як вы да гэтага ставіцеся?»
Працоўны: «Вядома, дрэнна. Меншыя заробкі будуць, менш грошай будзе — а што зробіш?»
Іншы працоўны: «Будзем казаць так: меркаваньне неадназначнае — нехта рады, а нехта не. Маё меркаваньне такое: трэба працаваць».
Былы дарадца генэральнага дырэктара МАЗу, а цяпер кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан мяркуе, што скарачэньне працоўнага часу на МАЗе — зьява заканамерная:
«Нічога дзіўнага няма ў тым, што МАЗ скарачае працоўны тыдзень. Бо расейскі рынак ад пачатку году таксама скарачаецца. Якія таму прычыны — гэта тэма асобнай гаворкі, але гэта ўжо рыначны факт. Да прыкладу, асноўны канкурэнт МАЗу на расейскім рынку — КамАЗ — у студзені і лютым таксама працаваў паводле скарочанага тыдня. Таму, пэўна, цяпер прыйшла чарга МАЗу рабіць тое ж самае. Бо нельга ж прадукцыю ставіць на склад і ня ведаць, калі яна будзе прадавацца. Бо на складзе — грошы, і немалыя».
Скарачэньне паставак аўтамабіляў МАЗ у Расею на пачатку году паўтараецца пэрыядычна. Адна з прычынаў — вялікая колькасьць выходных дзён у суседняй краіне падчас навагодне-калядных сьвятаў. Уплываюць на гэта і пытаньні расейскай бюджэтна-фінансавай палітыкі. Але ўсё больш пачынаюць заяўляць пра сябе новыя аспэкты рынку, кажа Валянцін Лопан:
«Зьявіўся новы працэс — гэта канкурэнцыя, нармальная рынкавая канкурэнцыя. Вытворцы з краінаў Эўропы амаль што ўсе адкрылі ў Расеі свае вытворчасьці альбо імпарт. І іх доля на расейскім рынку расьце значна хутчэй, чым айчынных вытворцаў. Гэта азначае, што доля сваіх прадпрыемстваў скарачаецца, а замежных — нарастае. Гэта канкурэнцыя паводле тэхнічных, якасных паказчыкаў і гэтак далей. Гэтая тэндэнцыя вельмі яскрава праглядаецца: у тых сэгмэнтах грузавой тэхнікі, дзе КамАЗ і МАЗ здалі свае пазыцыі, замежныя вытворцы павялічылі. Лічбы самі сабой сьведчаць пра гэтую тэндэнцыю. У гэтай сувязі неабходна прымаць нейкія стратэгічныя рашэньні, але ад МАЗу гэтага пакуль што не чуваць і не відаць».