Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараньне працай на МАЗе


Менскі аўтамабільны завод
Менскі аўтамабільны завод

Пры адным з самых буйных прадпрыемстваў беларускай прамысловасьці — аўтазаводзе МАЗ — зьявіцца спэцкамэндатура, гэтак званая «хімія», дзе будуць прымусова працаваць каля 600 чалавек.


Пра стварэньне «хіміі» на МАЗе паведаміў «Свабодзе» палітвязень Павал Севярынец, які адбывае 3 гады частковага абмежаваньня волі за падзеі 19 сьнежня 2010 году ў спэцкамэндатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Паводле Паўла Севярынца, на мазаўскую спэцкамэндатуру зьвязуць «хімікаў» з усёй Беларусі, і яна стане, бадай што, самай вялікай «хіміяй» у краіне. З Купліна ў Менск перавядуць 13 чалавек, кажа Севярынец:

Павал Севярынец у Купліне
Павал Севярынец у Купліне
«Фармуецца нейкая супэр-„хімія“ на 600 чалавек. І зьбіраецца яна з усёй Беларусі. Нашым абяцалі заробкі па 4 мільёны. Бяруць тых, у каго няма парушэньняў і тэрмін большы за 3 месяцы. То бок тых, хто там будзе стала працаваць. Тут ужо рыхтуюць гэтых людзей, гаворка ідзе пра дні. Бяруць звычайных „хімікаў“, але мяркую, што запатрабаваныя найперш тыя, хто працуе з мэталам: зваршчыкі, падсобныя працаўнікі, напэўна. Паколькі плаціць будуць ня надта і бяруць усіх, то мяркую, што ня столькі адмыслоўцы патрэбныя, колькі працоўная сіла. Каб цягаць жалеза».

На МАЗе ўжо працуюць «хімікі», — сказала прэсавы сакратар МАЗу Юлія Каташ, але не ўдакладніла, ці знаходзяцца гэтыя «хімікі» на гэтак званай «хатняй хіміі» і прыходзяць працаваць на прадпрыемства, ці жывуць у адмысловым інтэрнаце пры спэцкамэндатуры:

«Так, працуюць. Але больш не магу вам даваць інфармацыі. Калі вы жадаеце больш інфармацыі, то дасылайце запыт».

Юлія Каташ адмовілася камэнтаваць зьвесткі пра фармаваньне новай «хіміі» на МАЗе.

Дзяжурны Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў паведаміў, што на МАЗе ёсьць спэцкамэндатура, паводле ягоных дадзеных — прыкладна на 50 чалавек. Пачуўшы пра існаваньне плянаў павялічыць мазаўскую «хімію» да 600 чалавек, дзяжурны адказаў:

«Такія зьвесткі я даць не магу, гэта трэба ўзгадняць з начальнікам».

У Беларусі 54 спэцкамэндатуры, у якіх адбываюць пакараньне больш за 2 тысячы чалавек, паведаміў лідэр праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка. Сабраць амаль чацьвёртую частку зь іх у адным месцы — даволі рызыкоўная задума, мяркуюць незалежныя адмыслоўцы. Калі яе выканаць, непазьбежны скачок злачыннасьці ў Заводзкім раёне Менску.

Эканаміст Валянцін Лопан
Эканаміст Валянцін Лопан
А ці будзе эканамічная карысьць ад рэалізацыі такіх плянаў? Гэтае пытаньне я задаў эканамічнаму аналітыку Валянціну Лопану, які яшчэ некалькі гадоў працаваў на МАЗе памочнікам генэральнага дырэктара. Той згадаў, што «хімікі» на МАЗе працавалі даўно, і ня толькі на вытворчасьці. Прыкладам, лекары, асуджаныя некалькі гадоў таму паводле вядомай справы кардыёлягаў, працавалі потым у заводзкай паліклініцы і значна палепшылі яе паказчыкі. Што да звычайных «хімікаў», паводле Валянціна Лопана, імі «затыкаюць» дзіркі там, куды ніхто сваёй ахвотай не ідзе:

«Яны працуюць у такіх цэхах, дзе ўмовы ня вельмі спрыяльныя. Альбо шумна, альбо дымна. У ліцейным цэху ці ў кавальскім, гэтак званым кузаўным, дзе цяжкія штампы. То бок там, дзе не хапае людзей на такіх участках, дзіркі закрываюць такімі, абавязанымі людзьмі».

Паводле зьвестак Валянціна Лопана, улетку на МАЗе былі цяжкасьці са збытам аўтамабіляў, якіх шмат назапасілася на складах. Таксама прадпрыемства адчувае недахоп працоўных кадраў, прычым ня толькі адмыслоўцаў. «Магчыма, гэтак спрабуюць выправіць становішча і не панесьці вялікіх стратаў», — мяркуе эканаміст.

Днепрагэс, Уралмаш, Нарнікель, БАМ — усе гэтыя знакавыя для савецкіх часоў аб’екты будаваліся пры непасрэдным удзеле зьняволеных, а потым не маглі абысьціся бяз таннай працоўнай сілы — «хімікаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG