Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Алесь Белакоз: «Ці меў я права выхоўваць беларускіх патрыётаў?»


Сталкеры Свабоды. Алесь Белакоз
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:47 0:00
Наўпроставы лінк

Алесь Белакоз

У 1948 годзе малады настаўнік Алесь Белакоз напісаў на аркушыках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь» ды раскідаў іх зь цягніка па шляху ў Менск.

Потым раздабыў шрыфт ды надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія зь сябрамі распаўсюджваў у Горадні. За што сам цудам пазьбег арышту, а сябры не мінулі сталінскай карнай сыстэмы. Тады настаўнік Белакоз задумаўся, ці слушныя такія мэтады змаганьня, за якія церпяць людзі. Ды вырашыў зьмяніць сытуацыю, выхоўваючы беларускіх патрыётаў. Вучыў любіць радзіму на ўроках, у краязнаўчых вандроўках па ваколіцах роднай вёскі Гудзевічы, што на Мастоўшчыне, у пошуках экспанатаў для будучага літаратурна-краязнаўчага музэю, пра які цяпер ведае ўся Беларусь. Праз шэсьцьдзесят пяць гадоў настаўнік Белакоз ізноў пытаецца сам у сябе, ці меў ён права выхоўваць беларускіх патрыётаў, калі яны церпяць за гэта перасьлед, як і сам ён цярпеў усё сваё жыцьцё.

«Калі ўдалося нешта значнае зрабіць, то гэта толькі дзякуючы таму, што мая старэйшая сястра была вялікая беларуская патрыётка. І яна мяне выхавала ў духу патрыятызму.

Звычайна, калі ў музэй прывозілі экскурсію, то мы пачыналі зь сялянскае хаткі. Заходзілі, і настаўніца, якая прывезла вучняў, казала ім: «Дзеткі, вот у такіх анцісанітарных условіях жылі нашы радзіцелі, нашы дзеды, нашы прадзеды». Я пачынаю экскурсію і расказваю, якія гэта былі таленавітыя людзі, як яны ўсё ўладжвалі добра ў хаце, як гэта было тут цёпла, утульна. Дзеці выходзілі адсюль ужо іншымі.

Дапамагалі мне многія людзі, якія былі згодныя са мной, што трэба рабіць гэты музэй. Выкладчык працы, якога я і ўзяў у школу, калі быў завучам, дапамагаў як сталяр. Рабіў стэнды, хаваў іх ад дырэктара, бо дырэктар забараняў. Забараняў нам рабіць музэй, бо яму забараняла вышэйшае начальства. Ён быў добры чалавек, але як прыяжджаў з раёну, то казаў, што яму загадалі раскідаць музэй. Ну кажу, ідзем паглядзім, што там антысавецкага. Пройдзем, і ён згаджаецца: хай будзе. Урэшце яго вызвалілі з працы, але музэй ужо стаў вядомы ў Беларусі, і зачыніць яго яны ўжо не маглі.

А мяне працягвалі даймаць. Зьбіралі саветы райана, на якіх ад мяне вымагалі тлумачэньняў, чаму я на ўласныя сродкі набываў экспанаты для музэю, да прыкладу, бюст паэта Міхася Явара, і патрабавалі сказаць, хто даў мне права ўсталяваць яго ў школьным памяшканьні. І другое абвінавачаньне было, што я нібыта працую не па савецкіх праграмах, а таму, маўляў, трэба мяняць альбо савецкія праграмы, альбо Белакоза. Рашэньні прымалі зьверху, а ўдзельнікі тых саветаў галасавалі, як звычайна галасуюць абыякавыя людзі. Яны руку падымуць незалежна ад таго, якая будзе прапанова: ці павесіць, ці ўзнагародзіць.

Стварэньне ўсяго музэйнага комплексу было дзеля таго, каб нешта рабіць для Беларусі. Я ня думаў тады, калі пачынаў, што ўдасца зрабіць такі вялікі музэй. Але трэба было нешта рабіць, бо прыгожыя словы гаварыць мы ўсе ўмеем, а вось канкрэтнае нешта стварыць — няма каму.

І вось дзякуючы і музэю, і іншым мерапрыемствам у нас выхоўваліся вельмі патрыятычныя дзеці. Быў такі хлопчык Коля Габрусевіч, ён пасьля школы прынцыпова размаўляў па-беларуску. Працаваў ён недзе ў Горадні, жыў у інтэрнаце, і за тое, што ён прынцыпова размаўляў па-беларуску, яго палякі, расейцы, беларусы-здраднікі скінулі з шостага паверху, і ён забіўся. Другі хлопчык Бобрык Валодзя паехаў таксама ў Горадню і працаваў на будоўлі, дык яго таксама білі кожны дзень за беларускую мову. Нарэшце дабілі да таго, што ён стаў крывёю харкаць. Прыехаў дахаты і памёр у хуткім часе. Дык вось якія выпускнікі мае! Разумееце? Я часам думаю, ці меў я права выхоўваць іх патрыётамі? Яны ж таму, што зьяўляюцца патрыётамі, маюць вельмі шмат непрыемнасьцяў, таксама як і я іх усё жыцьцё меў".

__________________________________

Сталкеры Свабоды — новая праграма Свабоды. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па панядзелках на нашым сайце — Сталкеры Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG