У фільме Андрэя Таркоўскага «Сталкер» галоўны герой водзіць людзей у загадкавую, накшталт Чарнобыльскай, зону. Там нібыта спаўняюцца патаемныя жаданьні. У адказ на кпіны і недавер спадарожнікаў Сталкер кажа: «Галоўнае — верыць.»
Фільм зьняты паводле раману братоў Стругацкіх, які мае эпіграф з Робэрта Пэна Ўорэна:
«Ты мусіш зрабіць дабро са зла, бо яго больш зрабіць няма з чаго».
Героі новай праграмы — людзі, якія правядуць вас праз свае зоны.
Кожны панядзелак — новае відэа.
Сталкеры Свабоды: Алена Селях, адмыслоўца экалягічнага турызму
Алена Селях — адзіная ў Беларусі гадавальніца ваўкоў і арганізатарка сустрэчаў турыстаў зь імі. Яна жыве з мужам і трыма дзецьмі ў Браславе. Уся сям’я амаль цэлы год купаецца ў возеры, дзеці адмалку ходзяць басанож, харчуюцца пераважна тым, што вырошчваюць у сваім агародзе, зьбіраюць у лесе і на балотах, ловяць у азёрах. У прыроды яны вучацца і шчырасьці адносінаў між усімі жывымі істотамі, зь якіх ваўкі, па перакананьні спадарыні Алены, самыя чулыя на ласку і любоў. Асірацелых ваўчанят, маці якіх забіваюць паляўнічыя, яна з сямейнікамі адшуквае ў лесе і гадуе. А потым паказвае гасьцям, на якую сілу ўдзячных пачуцьцяў здольныя яе ікластыя сябры. Жыцьцё з ваўкамі — асабістая тэрыторыя свабоды ўнікальнай сям’і Селяхаў.
Алена Селях: «Трэба верыць ня толькі ваўкам, а і людзям»
«Яны маглі ўвогуле не застацца жывымі, каб не сабака, дакладней, сука Сільва, якая іх выгадавала. Яна да іх малых заходзіла ў вальеру і песьціла. Іх чацьвёра было ўсяго тады. І ўсе яны гадаваліся ў вальеры. А як выпускалі іх на прагулку, дык яны, як заўважаць мяне, з гары несьліся насустрач, каб выказаць сваё шчасьце. Вытрымаць увесь усплёск іхных эмоцый — гэта бывае цяжка. Ну тады іх трэба проста вось так валіць на зямлю:
(Ваўку: „Ляж! Ляж!“)
Вось так палажыць яго трэба на зямлю. І можаце сабе ўявіць, што вось гэты, з аскалам такім, ён таксама да ласкі ахвочы. Ён таксама думае, што мы ўсе павінны жыць шчасьліва. Для гэтага так шмат нам дадзена! Трэба гэта ўсё проста заўважыць.
(Да другога ваўка: „Ой! Ой! І ты тут!“)
І яшчэ мы верым, што ўсе справы павінны рабіцца шчыра. Іначай яны ня будуць даваць чалавеку ні шчасьця, ні задавальненьня.
Што датычыць гэтых шэрых драпежнікаў, на каторых навешана столькі ўсялякіх плётак і баек, то нас яны ўжо пераканалі ў сваёй адданасьці і ўдзячнасьці. І трэба ім верыць і верыць ня толькі ваўкам, а і людзям трэба верыць. І тады вакол нас і зьяўляюцца такія людзі, якія аддаюць нам тое, што пасылаем мы ім. Былі ў мяне такія сытуацыі ў жыцьці, калі знаёмыя спрабавалі пераканаць мяне, што няма ў сьвеце сапраўднага сяброўства, няма сапраўдных адносін у сем’ях. Але, напэўна, у мне закладзеная на генэтычным узроўні вера ў тое, што гэта ня так. І як мяне ні спрабавалі вучыць, так бы мовіць, жыцьцю, што трэба, маўляў, быць трошкі разумнейшай, ня ўсё казаць мужу, блізкім, выкарыстоўваць кагосьці для сваіх мэтаў, але марна. Ува мне, пэўна, як і ў гэтым ваўку, ад нараджэньня закладзеная шчырасьць адносінаў, закладзеная з маленства. Воўк са шчанячага ўзросту ўдзячны за тое, што яго выхавалі. І я таксама.
Жыцьцё мне дало магчымасьць пераканацца, што можна дачакацца тых адносін і тых людзей, у якіх ты верыш. Хацелася б, каб і дзеці нашы на гэтую веру мелі жыцьцёвыя магчымасьці».