Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі моляцца на разьвітаньне з папам рымскім


Бэнэдыкт XVI
Бэнэдыкт XVI

Увечары 28 лютага папа рымскі Бэнэдыкт XVI пакідае служэньне найвышэйшага каталіцкага біскупа. Пасада пантыфіка ад гэтага моманту будзе вольнай.

Надалей Бэнэдыкт XVI будзе насіць імя «Яго Сьвятасьць Бэнэдыкт XVI», а тытул — pontifex emeritus, што можна перадаць як «ганаровы пантыфік» або «рымскі пантыфік у ганаровай адстаўцы». На разьвітаньне з Бэнэдыктам XVI у касьцёлах Беларусі пройдуць адмысловыя набажэнствы. Як успрымаюць адстаўку найвышэйшага духоўнага герарха беларускія сьвятары і вернікі?

Афіцыйны Ватыкан паведамляе, што папа будзе хадзіць у простай белай вопратцы без пэлерыны. Ён ня будзе насіць чырвоныя папскія чаравікі, а пярсьцёнак Рыбака — сымбаль папскай улады — паводле дзейных правілаў будзе зьнішчаны.

Ксёндз Юры Барок, які неаднойчы браў удзел у малітвах разам з Бэнэдыктам XVI на плошчы Сьвятога Пятра, узгадвае:

«Апошні раз — літаральна на Каляды — з групай беларускай моладзі мы былі на спатканьні руху Тэзэ ў Рыме. І разам з Бэнэдыктам XVI мы маліліся на плошчы Сьвятога Пятра, ён праяжджаў ад нас вельмі блізка і ўсіх бласлаўляў. З уласнага перажытага досьведу трэба адзначыць, што Бэнэдыкт XVI — гэта чалавек дыялёгу, чалавек, які шукаў паяднаньня з рознымі групамі і заўсёды трымаў дзьверы адчыненымі — гэта вялікі ягоны плюс. А другое — Бэнэдыкт XVI — гэта навуковец, гэта тэоляг. І для мяне Бэнэдыкт XVI — гэта такі адукаваны пастыр, які ведаў, што сказаць і як сказаць. Бо насамрэч меў вялікую веру і глыбокую інтэлектуальную падрыхтоўку, якая дазваляла яму дасканала пераказаць пасланьне Езуса Хрыста. Вельмі паважаю той крок, які зрабіў папа Бэнэдыкт XVI, прыняўшы рашэньне саступіць пасаду, бо, пэўна, адчуваў сваю фізычную слабасьць. Ён бачыў, што павінны быць і зьмены, якімі, магчыма, ён ужо ня можа пакіраваць. Бо ён чалавек іншай фармацыі, у нейкім сэнсе нават — іншай эпохі, і ён разумее, што касьцёл павінен ісьці наперад. Я веру, што гэтым крокам, які зрабіў папа Бэнэдыкт XVI, ён паказаў прыклад, узор, што ня трэба баяцца, што трэба рухацца наперад, што ўсіх і ўсё можна замяніць. А для агульнага дабра мы не павінны баяцца страціць сваю нейкую асабістую ўласнасьць і ўладу. Таму так — мае чаканьні самыя найлепшыя і пазытыўныя. Бо вось гэты крок папы Бэнэдыкта XVI — ён дае надзею, ён паказвае, што чалавек шукае рэалізацыі Божых плянаў».
Гэты крок папы Бэнэдыкта XVI дае надзею, ён паказвае, што чалавек шукае рэалізацыі Божых плянаў

У XV стагодзьдзі ад пасады папы рымскага адмовіўся Рыгор ХІІ — адзін з трох папаў, якія тады адначасна кіравалі касьцёлам. Таму адмаўленьне Бэнэдыкта XVI — зьява абсалютна ўнікальная, якая сьведчыць пра высокія маральныя якасьці пантыфіка, кажа доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая:

«Гэта вельмі, вельмі, вельмі дзіўная падзея, вельмі ўнікальная. Бо ягоны папярэднік, папа Ян Павал ІІ, быў у яшчэ горшым стане здароўя. Але ён быў перакананы, што папа павінен быць да канца — традыцыя такая. Ён казаў аднойчы ў шпіталі, што папы на пэнсіі не бывае, што ён мусіць быць да канца. Гэты ня лічыць, што ён мусіць трываць да канца. Ён знайшоў у сабе сілы сысьці, пакінуць гэтую пасаду, калі адчуў, што ён фізычна ня можа кіраваць гэтай гіганцкай імпэрыяй, якой ёсьць касьцёл. Што ў нейкага іншага чалавека атрымаецца лепш, чым у яго цяпер. Ну, а перамены, безумоўна, будуць — перамены заўсёды бываюць. А якія менавіта — цяжка нешта прыдумляць. Ёсьць шмат годных кардыналаў, якія могуць узначаліць касьцёл, а хто будзе выбраны канклявам — усе прадказаньні звычайна ня спраўджваюцца. Ну і, безумоўна, неабходна маліцца за падтрымку духа папы, які сыходзіць, і за касьцёл, каб ён атрымаў годнага пераемніка».

Пісьменьніца і рэдактарка каталіцкага дзіцячага часопіса «Маленькі Рыцар Беззаганнай» Ірына Жарнасек — сталая каталіцкая верніца. Яна кажа, што з жалем успрымае сыход Бэнэдыкта XVI і адначасна спадзяецца на ўмацаваньне веры ў паўсюдным касьцёле:
Хацелася, каб ён пабыў даўжэй. Бо зьявіўся да яго давер, зьявілася сымпатыя

«Вядома, сумна, што папа сыходзіць, вядома, хацелася, каб ён пабыў даўжэй. Бо зьявіўся да яго давер, зьявілася сымпатыя. Гэта вельмі разумны чалавек, і ягоныя працы для касьцёла неацэнныя, іх яшчэ будуць вывучаць і імі будуць жыць. Вядома, пачуцьцё вялікай удзячнасьці да гэтага чалавека засталося ва ўсіх вернікаў. Але чалавек ня можа заўсёды распараджацца сваім жыцьцём, і таму проста хочацца, каб ён у міры і ў спакоі пражыў тое, што яму адведзена Богам. А чаго мы чакаем? Я ня ведаю кардыналаў, ня ведаю ніякіх расстановак сіл, не магу казаць ні пра якія прагнозы. Але я ведаю толькі адно: я, як веруючы чалавек, мне важна, каб касьцёл заставаўся верным Хрысту, тым асновам, якія Хрыстос заклаў у яго — вось гэта самае важнае».

Беларускія каталікі таксама выказваюць пантыфіку павагу за цьвёрдую пазыцыю, якая ляжыць у інтарэсах каталіцкага касьцёлу. Сьведчаньнем таму і ягоны мужны ўчынак, які варты перайманьня многімі сьвецкімі кіраўнікамі, кажа адзін з заснавальнікаў каталіцкага кінафэстывалю «Magnificat», кінарэжысэр Юры Гурулёў:

«Па-першае, для мяне гэта вельмі мужны ўчынак. Бо тое, што зрабіў папа Бэнэдыкт XVI, ня кожнаму дадзена: прызнаць, што патрэбна своечасова пакінуць сваю пасаду — гэта вялікая мужнасьць. Я думаю, што гэтага вельмі не хапае многім нашым кіраўнікам і цяпер, і ў мінулыя часы. І таму разам з хваляваньнем перажываю і захапленьне гэтым учынкам, бо гэта вялікі ўчынак папы Бэнэдыкта XVI. Гэта таксама і ўпэўненасьць у будучыні, бо касьцёл перажыў вельмі цяжкія часы: цярпеў перасьлед, быў у заняпадзе, але ён падняўся. Я думаю, што і гэты ўчынак Бэнэдыкта XVI — ён пойдзе на карысьць касьцёлу, і той будзе разьвівацца ў лепшы бок. І касьцёл будзе адраджацца пад новым кіраўніцтвам больш шпаркімі тэмпамі».
Я думаю, што і гэты ўчынак Бэнэдыкта XVI — ён пойдзе на карысьць касьцёлу, і той будзе разьвівацца ў лепшы бок

Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці ў інтэрвію беларускім каталіцкім мэдыям паведаміў, зь якім вялікім узрушэньнем Бэнэдыкт XVI успрыняў ягоны расповед пра сустрэчу зь беларускімі палітвязьнямі. Паводле Клаўдыё Гуджэроці, пантыфік прасіў перадаць беларускаму народу сваё дабраслаўленьне. «Папа насіў гэты народ у сваім сэрцы і маліўся за яго», — падкрэсьліў апостальскі нунцый. На разьвітаньне з рымскім біскупам у касьцёлах Беларусі пройдуць адмысловыя набажэнствы, паведаміў прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько:

«Сёньня ва ўсіх касьцёлах — і гэта будзе адзначана на кожнай сьвятой імшы — што гэта такая памяць, удзячнасьць за восем гадоў пантыфікату, увогуле за асобу Бэнэдыкта XVI, за тое, што ён быў сапраўдным абаронцам веры, духоўных і маральных каштоўнасьцяў. Ну і, вядома, будзем з надзеяй маліцца аб найхутчэйшым выбары новага папы».

Паводле афіцыйнага Ватыкану, пасьля 20:00 пад гукі ўсіх званоў Рыму Бэнэдыкт XVI пакіне Ватыкан і на гелікоптэры адправіцца ў рэзыдэнцыю Кастэль-Гандольфа. Першае пасяджэньне кардыналаў адбудзецца ў панядзелак 4 сакавіка, на ім прызначаць час, калі будзе скліканы канкляў для абраньня новага папы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG