— Уладзімер Пракопавіч, хацелася мне з вамі пагаварыць пра літаратуру, пра ваш новы раман, не чапаючы палітыкі. Але не атрымліваецца, паколькі яго прэзэнтацыя (дакладней — яе забарона) на Менскім кніжным кірмашы ўжо стала фактам нашага жыцьця. Кіравала працэсам на кірмашы (я гэта бачыў на ўласныя вочы) першы намесьнік міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Што б вы сказалі ёй, сустрэўшыся сам-насам?
— Дарагая Лілія! Чытай ты, мая даражэнькая, ня толькі дырэктывы роднага табе рэжыму, ня толькі загады міністра Праляскоўскага, ня толькі пастановы, дэкрэты і ўказы Аляксандра Лукашэнкі. Чытай — літаратуру. Прачытай мой раман, і можа быць, табе расхочацца наступным разам бегчы на кніжную выставу і нешта забараняць. Ёсьць жа ў вашым Міністэрстве інфарамацыі людзі, якія шчыра любяць беларускую літаратуру, якія зацікаўленыя ў тым, каб яна разьвівалася. Так у нас павялося здаўна, што менавіта літаратура зьяўляецца рухавіком жыцьця беларускага народу. І некалі вы ўсе гэта разумелі. Памятаеце, як у пачатку 90-х вы ўсе пляскалі ў далоні, слухаючы пра незалежную дэмакратычную Беларусь, калі вы хадзілі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, кляліся ў вернасьці і сьцягам тым, і Пагоні. Што сёньня з вамі сталася? Сядзьце і падумайце пра гэта. Дзеля гэтага, дарэчы, я і напісаў свой апошні раман.
— Літаральна назаўтра пасьля вас на кніжным кірмашы прэзэнтаваў сваю кнігу Аляксандра Праханаў з Масквы — пад аб’ектывамі ўсіх беларускіх тэлеканалаў. Нярэдка бывае ў Менску і яго калега Станіслаў Куняеў — галоўны рэдактар часопіса «Наш современник». Што ім трэба ў Беларусі?
— У мяне складаныя адносіны і да Праханава, і да Куняева, якога я ведаю вельмі даўно. Апошні, дарэчы, быў сябрам аднаго з маіх блізкіх сяброў Ігара Шклярэўскага, але яны разышліся раз і назаўсёды. Я ня думаў, што давядзецца і мне разысьціся з Куняевым, але — давялося. Таму што ўяўленьні гэтых людзей пра Беларусь, на жаль, не супадаюць з тым, што ёсьць Беларусь для мяне. Для іх яна — нейкая тэрыторыя, патрэбная для таго, каб праз яе захоўваць уяўленьні пра Расейскую імпэрыю, пра яе былую і будучую славу. І вось што я хачу сказаць з гэтай нагоды і паэту Куняеву, і празаіку Праханаву. Тое, што імпэрыі ня стала, насамрэч, відаць, катастрофа для вас. Але ня блытайце вы сваю гісторыю і нашу гісторыю. Гэта вельмі розныя рэчы, хоць вы іх і атаясамліваеце. У нашых народаў розныя характары, розныя людзі жывуць у Маскве і Менску. Калі вам здаецца, што Лукашэнка — гэта ваш чалавек, то не прыяжджайце сюды яго хваліць, а забярыце да сябе і там на ўсіх скрыжаваньнях расхвальвайце.
— Але як Беларусь камусьці дапамагае марыць пра былую і будучую імпэрыю?
— Калі сёньня ня стане Беларусі, ня стане і гэтай мары. Беларусь для іх — аскепак былой Расейскай імпэрыіі, і яны хочуць за яго зачапіцца — ня толькі Куняеў з Праханавым, але і Пуцін. Чаму яны сёньня падтрымліваюць Лукашэнку і будуць гуляцца зь ім да 2015 году? Таму што ў іх уяўленьні Лукашэнка і Беларусь патрэбныя ім для рэалізацыі мітычнай у наш час задумы па аднаўленьні Расейскай імпэрыі. Хай гэта сёньня называецца Эўразійскім саюзам. У іх уяўленьні гэта ня што іншае, як Расейская імпэрыя. Вось і ўся казка пра белага ці чорнага бычка, якім зьяўляецца для іх Беларусь.
— Давайце ўсё ж вернемся да галоўнай тэмы нашай гутаркі. Верш ці апавяданьне могуць проста здарыцца. Іван Пташнікаў убачыў, як травінка праз асфальт прабілася і напісаў сваіх клясычных «Львоў». Раман заўсёды мае нейкую звышзадачу. У вашым выпадку — якую?
— Я пражыў у Менску жыцьцё, і мне не хапала легенды пра яго. Мне мала легенды са «Слова аб палку...», што вось была бойка на беразе Нямігі. І ўсё — пасьля пустэча ў калектыўнай памяці. Мне патрэбная была легенда пра Менск. І я падумаў, што гэтай легендай можа быць маё юнацтва, што ў гэтую легенду ўвойдуць тыя людзі, якіх я ведаў і любіў у 60-я гады. Шыкоўныя, прыгожыя гады, бо гэта былі часы маладосьці. Але гады тыя былі адметныя і з гістарычнага гледзішча — час адлігі, час, калі савецкая краіна адвярнулася (не зусім, вядома, але так градусаў на 10-15) ад сталінізму.
— У рамане дзейнічаюць рэальныя людзі — пад сваімі імёнамі і мянушкамі, апісваюцца ў тым ліку і рэальныя падзеі. Скажам, каля сталічнага Тэатру юнага гледача адбываюцца паэтычныя чытаньні. Кажучы сучаснай мовай, ці былі яны санкцыяваныя?
— У тым уся і штуковіна, адметнасьць таго часу, што чытаньні тыя не былі нікім санкцыяваныя. Дарэчы, нядаўна прыяжджаў у Менск на пахаваньне нашага агульнага сябра Барыс Пастарнак (вядомы маскоўскі выдавец, якому забаранілі на тым самым кніжным кірмашы прэзэнтаваць яшчэ адну маю кнігу — кнігу паэзіі «Акно»). Дык вось, ён у пачатку 60-х працаваў у менскім гаркаме камсамола. І Барыс Пастарнак мне прызнаўся, што ён як камсамольскі работнік паспрабаваў фармалізаваць тыя стыхійныя выступы і ўнёс на гаркаме прапанову. Але яму сказалі — ні ў якім разе ня ўмешвайся, бо там ужо Камітэт дзяржбясьпекі працуе. Там іх, вядома ж, было — як насыпана... Карацей, ніхто ня ўмешваўся, і чытаньні адбываліся стыхійна. Дарэчы, у мяне амаль дакумэнтальна ўсё апісана. Мяне туды ўпершыню прывёў старэйшы за мяне Віктар Ледзенеў, і вось там я пазнаёміўся з Кімам Хадзеевым — легендарнай постацьцю.
— Хадзееў у рамане — Палкоўнік.
— Проста ў яго была такая мянушка, гэта ня я прыдумаў. Кім Хадзееў — адзіны тагачасны паўнавартасны дысыдэнт, які сядзеў у дзьвюх турмах за савецкім часам. Прычым, з самымі знакамітымі на той час савецкімі дысыдэнтамі. Яго ўплыў на мяне быў вельмі вялікі. Я ўпершыню ад Хадзеева пачуў, што Савецкі Саюз — гэта зусім не казачная і не найлепшая ў сьвеце дзяржава, як мяне вучылі ў школе. І што Сталін і астатнія кіраўнікі — зусім не чараўнікі, а злачынцы. Дарэчы, пасадзілі Хадзеева ўпершыню за тое, што ён на камсамольскім сходзе ў 1949 годзе (пры жыцьці Сталіна!) устаў і сказаў: «Сталін ніякі не правадыр усіх народаў, гэта крыважэрны зьвер».
— А колькі зьбіралася слухачоў на тых чытаньнях?
— Гэта не была плошча Маякоўскага, як у Маскве. Іншым разам магло быць 20 чалавек, а іншым разам — 120.
— А як доўга чытаньні працягваліся?
— Два леты — гэта як мінімум. Я на першыя чытаньні патрапіў у жніўні 1962 году, калі прыехаў паступаць у Менскі тэхнікум сувязі.
— Пад калянадай ТэЮГу чытае вершы неназваны ў рамане паэт, але па тым, што ён чытае, я пазнаю Анатоля Вярцінскага. Гэты прыём, дарэчы, выкарыстаў Васіль Аксёнаў у сваім рамане пра шасьцідзесятнікаў «Таинственная страсть». Дарэчы, ён неяк на вас паўплываў?
— Раман Аксёнава я чытаў, але не скажу, што ён на мяне паўплываў. Мне здалося, што верш Вярцінскага пра Спартака вельмі добра кладзецца ў стылістыку таго часу: «Спартак, Спартак! Героі ўсіх эпох! Ці не такі быў лёс ваш у фінале? Вас расьпіналі, калі ў Рыме спалі, і білася жанчына каля ног». Па інтанацыі, па вобразнай сыстэме гэта абсалютна той час, таму я Анатоля Ільіча Вярцінскага паставіў на тыя прыступкі, апрануў яго хораша, ён там па-мадняцку ў мяне апрануты.
— Разам з Вярцінскім у рамане выступае паэт, паводле апісаньня — Рыгор Барадулін. Але верша пра партыю, якая думае за нас, я ў яго не знайшоў. Ці наконт Барадуліна я памыліўся?
— Не, не памыліўся — маецца на ўвазе Барадулін. Я яго вельмі люблю, як, думаю, і ты. Барадулін — гэта цэлая эпоха ў нашай літаратуры. Дык як я мог уявіць тыя чытаньні без Барадуліна? Я яму патэлефанаваў і спытаўся: «Рыгор, ты чытаў вершы ў 1962 годзе каля Тэатра юнага гледача?» Ён кажа: «Не, не чытаў». — «А хочаш прачытаць?» — «Як жа я прачытаю, гэта ж было 50 гадоў таму?». І я яму прапанаваў напісаць верш, які б ён хацеў напісаць і прачытаць у 1962 годзе, калі быў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Ён узяў і напісаў. І я яго паставіў з тым вершам на сцэну. Ён там нават зьбягае, калі яго хочуць арыштаваць. Я думаю, што такія фантазіі дазволеныя ў літаратуры. Тым больш «Аўтамат з газіроўкай...» — не дакумэнтальны раман.
— Адзіны зь пісьменьнікаў, які дзейнічае ў рамане пад сваім прозьвішчам, — Уладзімер Караткевіч. Але ён узьнікае і — зьнікае. Мне як чытачу такога «Караткевіча мімаходзь» бракуе. У такой эпізадычнай ролі ці варта было яго ўвогуле ўводзіць у раман?
— Тут я вымушаны прызнацца ў тым, у чым звычайна не прызнаюцца. Гэта, бадай, адзіная сюжэтная хіба ва ўсім рамане. Тлумачу, як яна ўзьнікла. Паводле задумы галоўны герой павінен быў сядзець у турме. Але яго, пятнаццацігадовага, не павінны былі пасадзіць у 1962 годзе, за ўдзел у антысавецкай групоўцы Кіма Хадзеева. Ён мусіў сесьці пазьней, у 1973-м, калі ў Менску была раскрытая іншая групоўка — гэтак званы Акадэмічны асяродак. У гэты асяродак Уладзімер Караткевіч фармальна не ўваходзіў, але быў для людзей, якія туды ўваходзілі, абсалютным аўтарытэтам. Павінна была ў рамане зьявіцца вось гэтая групоўка, і таму Караткевіч узьнік эпізадычна ў 1962 годзе, бо меўся зьявіцца і ў 1973-1974 гадах. Але калі я пачаў гэтую сюжэтную лінію разьвіваць, то ў мяне стала парушацца агульная кампазыцыя. У маім невялікім рамане і так пэрсанажаў вельмі шмат, а тут я набіваў нават не пляцкартны, а агульны пасажырскі вагон. І разабрацца ў тым вагоне, хто ёсьць хто, мне стала нават самому складана. І я тады вырашыў адмовіцца ад такога разьвіцьця сюжэту. Тым больш, у мяне зьявілася магчымасьць перакінуць масток у 2010 год, калі мой герой і сеў. Так жыцьцё разьмеркавала. Але адмовіцца ад Караткевіча па слабасьці сваёй, па любові маёй да яго я ня здолеў. Так што ты слушна заўважыў, ён выглядае ў рамане ўсё ж выпадковым героем.
— Адна з самых запамінальных сцэнаў у рамане — калі яго пэрсанажы трапляюць у Навінкі, у псыхлякарню, і зладжваюць там паседжаньне Палітбюро з Хрушчовым на чале... Адкуль у вас гэткае веданьне дэталяў жыцьця ў вар’ятні?
— Сам я ня быў у вар’ятні, але ў мяне ёсьць сябры, якія там пабывалі. Я скарыстаўся іх досьведам, у прыватнасьці, досьведам аднаго з галоўных пэрсанажаў рамана — Віктара Ледзенева. Ён якраз патрапіў у вар’ятню, як і яшчэ некалькі чалавек з той антысавецкай групоўкі Хадзеева. Кагосьці туды запіхнулі прымусова, а нехта проста псыхалягічна ня вытрымаў перасьледу з боку спэцслужбаў. Так што было дастаткова людзей, якія мне маглі распавесьці пра ўсе дэталі.
— Адзін мой сябра дужа любіць паэта Някляева і з гэтай прычыны прынцыпова не чытае вашай прозы. Як я яго ні ўгаворваю. А чым лірычны герой адрозьніваецца ад героя эпічнага?
— Проза і паэзія — гэта ня проста розныя жанры, гэта розны спосаб жыцьця. Ня толькі твой знаёмы, але і мой блізкі сябра Генадзь Бураўкін доўга-доўга не прызнаваў Някляева-празаіка. Але ўсё ж з «Аўтамату з газіроўкай...» я яго наталіў. Ён напіўся вады з сыропам з 60-х, патэлефанаваў мне і сказаў: «Ну, Валодзя, я здаюся»... Паэзія — гэта імпульс, магутны выкід энэргіі ў сьціснутым часе. Проза ніяк ня можа вось так акумулявацца ў адным энэргетычным згустку. Для таго, каб напісаць нешта вартае ў прозе, трэба ўвайсьці ў яе цалкам, як у рэальнае жыцьцё. Трэба ня проста змушаць герояў рабіць тыя ці іншыя ўчынкі, але і прыслухоўвацца да таго, што яны кажуць, што яны хочуць рабіць.
— Шолахаў прызнаваўся: «Пасылаў Грышку Мелехава ў Чырвоную армію — не ідзе».
— Не ідзе — абсалютна так і ёсьць. У мяне ў рамане быў напісаны цэлы разьдзел пра тое, як галоўны герой — пятнаццацігадовы хлопчык — спазнае фізычнае каханьне. Яны едуць з дзяўчынай у Крым і там у пячоры... Але ён мне сказаў: «Не. Гэта ты сам можаш так зрабіць. Дык ідзі і рабі, але ў іншым месцы і з іншым чалавекам». І я выкінуў той разьдзел.
— Цікавая навіна ў кніжным сьвеце: маскоўскае выдавецтва «Флюід-Фры Флай» заснавала адмысловую сэрыю «Раман для Эўропы», г.зн. твор, які пішацца з разьлікам на замежнага чытача. Думаю, што «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» зацікавіць і беларускага, і эўрапейскага чытача. А вось каго зь беларускіх пісьменьнікаў вы параіце для чытаньня ва ўсім сьвеце?
— Таго ж Караткевіча. Падзеі, што адбываюцца ў замку Альшанскім, ці прывіды коней над балотам у «Дзікім паляваньні караля Стаха», ці героі раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — яны ж цікавыя ня толькі беларусам. «Дзікае паляваньне...», па-мойму, і ў Віетнаме пераклалі. З маленькай- маленькай дэталі можа быць зробленая вялікая-вялікая літаратура. І з вялікай-вялікай падзеі можа выйсьці, як у той кузьні, калі ты сунеш гарачы прэнт у ваду, толькі пшык. Уся вялікая літаратура напісаная пра невялічкія мястэчкі. Вазьміце ці беларускую, ці расейскую, ці амэрыканскую літаратуру. Фолкнэр ці Апдайк — гэта што? Амэрыка маленькіх гарадоў і Амэрыка сем’яў. Калі ты сапраўдны пісьменьнік, ты мусіш стварыць з прыватнай гісторыі тое, што будзе цікавым людзям ва ўсім сьвеце. Мне Валянцін Акудовіч нядаўна, уздыхнуўшы, сказаў: «Раман твой, канешне, харошы, але шкада, што ён толькі пра Менск, і прачытаюць яго толькі тыя, чыё жыцьцё зьвязанае з Менскам». А яму ў адказ кажу: «Слухай, Валянцін, дык у мяне ў адным Менску мільёны паўтары патэнцыйных чытачоў, гэта ня так і мала!»

Беларусь для іх — аскепак былой Расейскай імпэрыіі, і яны хочуць за яго зачапіцца — ня толькі Куняеў з Праханавым, але і Пуцін

Кім Хадзееў — адзіны тагачасны паўнавартасны дысыдэнт, які сядзеў у дзьвюх турмах за савецкім часам

І з вялікай-вялікай падзеі можа выйсьці, як у той кузьні, калі ты сунеш гарачы прэнт у ваду, толькі пшык