Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска можа застацца без савецкай улады


У Беларусі могуць ліквідаваць сельскія і пасялковыя саветы. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына.

Паводле яе, магчымасьць скасаваньня абмяркоўвалася на нядаўняй нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, прысьвечанай выбарчаму заканадаўству.

У краіне цяпер 1288 сельскіх і 56 пасялковых саветаў. У іх абрана болей за 16 тысяч дэпутатаў. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына лічыць магчымым скасаваць такія саветы. Аргумэнтуецца гэта тым, што нібыта цяжка знайсьці кандыдатаў у дэпутаты такіх саветаў. А па-другое, у гэтых саветаў абмежаваныя магчымасьці і паўнамоцтвы.

Сёньня спадарыня Ярмошына патлумачыла «Свабодзе» сутнасьць прапановы:

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына
«Выканкам па-ранейшаму застаецца. А хто ж інакш будзе рэгістраваць шлюбы, разводы, нараджэньні?! Толькі ён будзе прызначацца, а не абірацца. У нас ёсьць сельскія сходы. І яны могуць выконваць тыя функцыі прадстаўнічай улады, якія выконваюць цяпер сэсіі мясцовых саветаў».

Дэпутатка Сьвіслацкага пасялковага савету Пухавіцкага раёну ў 2006–2010 гадах Вольга Харламава кажа: дэпутаты нізавога роўню патрэбныя. Бо часам узьнікаюць сытуацыі, калі менавіта яны робяцца абаронцамі грамадзкіх інтарэсаў. Так адбылося ў акрузе, дзе была дэпутаткай спадарыня Вольга, калі расейская кампанія «Август-Бел» захацела пабудаваць завод пэстыцыдаў:

«Але мы ўлічылі, што Беларусь далучылася да пэўнай колькасьці міжнародных пагадненьняў. А гэта азначае, што калі пачынаецца будаўніцтва хімічнага заводу, то трэба рабіць мясцовыя слуханьні. І мы разгарнулі гэтую ініцыятыву. Тады нашыя ўлады перастрахаваліся — яны зьвярнуліся да дэпутатаў з прапановай апытаць сваіх выбарцаў: як яны ставяцца да такога заводу?

І бальшыня адказала, што ставіцца да гэтага адмоўна. Гэта — дробныя сухія сумесі, дробнадыспэрсны пыл, які лётае ў паветры і асядае невядома дзе.

Да выбарцаў прыслухаліся, улады вырашылі не адмаўляць будаўнікам канчаткова, а вывучыць гэтае пытаньне больш дэталёва. І пакуль яно вывучалася, у ініцыятараў проста зьнікла цікаўнасьць да нашага рэгіёну».

Цяперашні дэпутат Вілейскага раённага савету Ёсіф Маціюн у мінулым быў і дэпутатам мясцовага савету. Ён катэгарычна ня згодны з тым, што сельскія і пасялковыя саветы больш непатрэбныя:

«Тады наша вэртыкаль будзе рабіць ужо ўсё што заўгодна, зьверху — уніз. І ніхто ня будзе яе хоць якім чынам кантраляваць.
Дэпутаты, якія па прымусу сядзяць там, нічога ня хочуць рабіць. Яны толькі падымаюць рукі ўгору, калі ім скажуць

Іншая справа, што Ярмошына мае рацыю, калі кажа, што цяжка знайсьці людзей у ніжэйшыя саветы. Я — сам дэпутат раённага савету. І бачу, што добраахвотнікаў, якія самі зьбіраюць подпісы і якія хочуць стаць дэпутатамі, каб нешта рабіць на карысьць насельніцтва, — такіх адзінкі. Таму дэпутаты, якія па прымусу сядзяць там, нічога ня хочуць рабіць. Яны толькі падымаюць рукі ўгору, калі ім скажуць, а калі не, то не падымаюць».

Экспэрт у галіне выбараў Сяргей Альфер лічыць: мясцовыя саветы, за рэдкім выключэньнем, сапраўды працуюць неэфэктыўна. Але гэта не падстава для іх скасаваньня:

«Пытаньне ня ў тым, што цяжка знайсьці кандыдатаў у дэпутаты. Пытаньне ў тым, што гэтых кандыдатаў прызначаюць. І „выбіраюць“ толькі з прызначаных. У дэпутатаў няма рэальных паўнамоцтваў, каб рэалізаваць сябе. І таму зразумела, што яны проста не працуюць. Вось чаму прапанова, пра якую казала спадарыня Ярмошына, цалкам кладзецца на глебу разуменьня дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь.

Але такім чынам у Беларусі стане яшчэ меней прадстаўнічай улады. А гэта не кладзецца ў рэчышча агульначалавечых каштоўнасьцяў».

Бліжэйшыя выбары ў мясцовыя саветы павінны адбыцца не пазьней за 23 сакавіка 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG