Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пішу палітвязьням „да хуткай сустрэчы“, а што ў выніку?»


Тацяна Кім: «Хочацца падтрымаць чалавека, а як падтрымаць у такім становішчы? Усё спадзяесься, спадзяесься, а які вынік?»
Тацяна Кім: «Хочацца падтрымаць чалавека, а як падтрымаць у такім становішчы? Усё спадзяесься, спадзяесься, а які вынік?»

Пэнсіянэрка Тацяна Кім, прадпрымальніца Ганна Шапуцька, журналістка Юля Сьцяпанава, кінарэжысэр Вольга Мікалайчык. Гэтых людзей аб’ядноўвае справа дабрачыннай дапамогі палітвязьням. Чаму яны гэтым заняліся і што маюць ад такой дзейнасьці?

Менскую пэнсіянэрку Тацяну Кім сёньня ведаюць усе былыя і цяперашнія палітвязьні як адну з самых актыўных валянтэрак у дабрачынным руху дапамогі ахвярам рэжыму. Між тым яшчэ ў 2008 годзе яна была зусім далёкім ад гэтай справы чалавекам.

«Арыштавалі майго сына, а я баялася размаўляць пра гэта з журналістамі, ва ўсіх бачыла агентаў КДБ», — згадвае Тацяна Кім пра час, калі яе сына Андрэя абвінавацілі ў зьбіцьці міліцыянта падчас акцыі на плошчы Незалежнасьці і пратрымалі за кратамі 7 месяцаў.

Жанчына кінулася па дапамогу ў пракуратуру, а там яе сталі пераконваць, што яе сын нібыта злачынец і заслужыў пакараньне. Тацяна згадвае пачуцьцё сораму, але сустрэліся людзі, якія патлумачылі, што было насамрэч, ды падтрымалі маральна. Тацяна Кім асабліва згадвае памерлую ўжо актывістку Крысьціну Шацікаву, праваабаронцаў зь «Вясны» і «Салідарнасьці», а таксама былую амбасадарку ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт. Дыпляматка ўважліва выслухала яе расповед пра сына і паабяцала пільна сачыць за ягоным лёсам. Слова сваё стрымала. Найперш пад ціскам ЗША палітвязьня Андрэя Кіма беларускія ўлады вызвалілі з калёніі датэрмінова:

«Тая падтрымка, якая мне ішла — яна мяне літаральна выратавала. Калі б мяне людзі не падтрымлівалі, яшчэ невядома, як бы я ўсё гэта перажыла. Таму я ведаю, наколькі гэта важна найперш для тых, хто сядзіць за кратамі. Але — хіба я шмат раблю? Хацелася б значна больш. Толькі, на жаль, не хапае ані фізычных, ані маральных сілаў. Нават лісты пісаць палітвязьням мне вельмі цяжка. У мяне шмат часу на гэта ідзе. і яшчэ я такі чалавек, што асабліва ня ведаю, што ім пісаць. Зараз вось пішу рэгулярна Аўтуховічу і Малчанаву, яшчэ зрэдку Дашкевічу. Хочацца падтрымаць чалавека, а як падтрымаць у такім становішчы? Усё спадзяесься, спадзяесься, а які вынік? Вось я наўмысна кожны ліст заканчваю словамі „да хуткай сустрэчы“, бо лічу, што гэтыя словы абавязкова павінны спраўдзіцца. А што ў выніку?»

Юля Сьцяпанава: «Адны могуць толькі паўздыхаць на тэму „Што творыцца!“, але іншыя бяруцца за рэальную працу»
Юля Сьцяпанава: «Адны могуць толькі паўздыхаць на тэму „Што творыцца!“, але іншыя бяруцца за рэальную працу»
Журналістка Юля Сьцяпанава нядаўна зьмясьціла ў фэйсбуку ліст, у якім напісала пра пагрозы з боку падасланых, як яна лічыць, правакатараў. Юлі ня толькі пагражаюць за актыўнасьць у грамадзкім жыцьці і ў дапамозе палітвязьням. У студзені каля дому на дзяўчыну напалі невядомыя, яе зьбілі з ног і абрэзалі валасы. Нецэнзурная лаянка з вуснаў нападнікаў тычылася яе палітычных поглядаў, кажа Юля Сьцяпанава. Аднак ад сваёй дзейнасьці дзяўчына не адмаўляцца, хоць яе ўжо былі звальнялі за гэта з прэстыжнай працы. Цяпер Юля Сьцяпанава шмат дапамагае пацярпелым ад рэпрэсій і каардынуе намаганьні тых, хто хоча да гэтай справы далучыцца:

«Людзі ў нашай дабрачыннасьці розныя, з розным сацыяльным статусам, багатыя і бедныя, але ёсьць яшчэ гэта ў людзях. Можна да канца не расчароўвацца. У асноўным знаходзім адзін аднаго праз інтэрнэт. Адны могуць толькі паўздыхаць на тэму „Што творыцца!“, але іншыя бяруцца за рэальную працу. Такіх людзей няшмат, але яны ёсьць, і яны на кошт золата».

Ганна Шапуцька: «Стараюся рабіць як мага больш. Каб было ня сорамна перад гэтымі людзьмі, калі яны выйдуць на волю»
Ганна Шапуцька: «Стараюся рабіць як мага больш. Каб было ня сорамна перад гэтымі людзьмі, калі яны выйдуць на волю»
Індывідуальная прадпрымальніца Ганна Шапуцька прыйшла ў дабрачынную праваабарончую дзейнасьці пасьля 19 сьнежня 2010 году, калі на Плошчы Незалежнасьці пабачыла, як зь мітынгоўцамі абыходзіліся амапаўцы і міліцыянты ў чорным. Ганна Шапуцька з аднадумцамі ладзіць штотыднёвыя акцыі «Маратону салідарнасьці», якія праходзяць ў офісе БНФ. Таксама яна удзельнічае ў штодзённых малітвах за вызваленьне палітвязьняў, зьбірае грошы, рэчы на дапамогу рэпрэсаваным, лістуецца з палітвязьнямі. Навошта яна ўсё гэта робіць?

«Маё сумленьне больш-менш спакойнае. Можа, ня ўсё раблю, што магу, каб людзі былі на волі, але стараюся рабіць як мага больш. Каб было ня сорамна перад гэтымі людзьмі, калі яны выйдуць на волю. І мае аднадумцы гэтаксама робяць».

Вольга Мікалайчык: «Я гляджу ў вочы мацярок, гляджу ў вочы дачок, сама шмат чаго ў жыцьці перажыла, і мне цяжка. А калі я раблю свае фільмы, то мне маральна робіцца лягчэй»
Вольга Мікалайчык: «Я гляджу ў вочы мацярок, гляджу ў вочы дачок, сама шмат чаго ў жыцьці перажыла, і мне цяжка. А калі я раблю свае фільмы, то мне маральна робіцца лягчэй»
Вольга Мікалайчык — рэжысэр дакумэнтальных фільмаў. У сваіх працах Вольга Мікалайчык распавядае пра палітвязьняў, пра рэпрэсіі ў Беларусі, пра тых, хто змагаўся і працягвае змагаецца за правы людзей. Але і як чалавек Вольга Мікалайчык шмат робіць дзеля дапамогі рэпрэсаваным. На пытаньне «Навошта?» Вольга Мікалайчык адказвае гэтак:

«Па-першае, я веруючы чалавек, і тое, што адбываецца на радзіме цяпер, — гэта ўжо не барацьба паміж людзьмі. Нехта абраў пазыцыю Бога, а нехта — іншую. Гэта маё такое чалавечае стаўленьне. Мне балюча ўнутры. Я гляджу ў вочы мацярок, гляджу ў вочы дачок, сама шмат чаго ў жыцьці перажыла, і мне цяжка. А калі я раблю свае фільмы, то мне маральна робіцца лягчэй».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG