Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворагам Каліноўскага


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
150 гадоў паўстаньню Каліноўскага. Занадта вялікі тэрмін, гучыць абстрактна сёньня для большасьці. Але не для ўсіх. Прарасейскія асобнікі ў Менску абліваюць Каліноўскага і паўстанцаў памыямі. Але ня толькі: мундзіры царскіх карнікаў прымяраючы, сьледчыя паперы чытаючы як любімую паэму. Начальства робіць цнатлівыя вочы: я такіх гадавін і падзей ня ведаю, мяне гэта не датычыць.

Канечне, як прыемна сёньня біць у літаўры ваенна-палявым судам, карным войскам, губэрнатару, які праславіўся шыбеніцамі! Ніхто не забароніць! Яны «мяцежнікаў» каралі, баранілі «законную ўладу»! Героі! Так, іх прыслаў цар, каб з гармат расстралялі купкі касінераў, мясцовых сялян, узброеных косамі, і шляхцюкоў з рэвальвэрамі. Паўстанцы маглі ім супрацьпаставіць толькі драўляныя гарматы! Гэта я пачуў ад гісторыка Алеся Радзюка. Дык хто героі: хто з драўлянай ці хто з батарэямі чыгунных?

У Менску гімны карнікам, а ў Горадні гісторыкі круглы стол правялі, гаварылі пераважна пра асобу Каліноўскага, як пра каштоўны для беларусаў «міт». А раварысты мясцовыя распрацоўваюць маршрут па Горадні: па месцах, зьвязаных з паўстанцамі. Праўда, на галоўным будзе чакаць голая сьцяна: памятны знак-«каплічка» з лічбай «1863» зьнікла летась. Нібы часова. Вакзальны гмах грунтоўна рамантуюць. Адзін з краязнаўцаў настойліва высьвятляў: абяцаюць вярнуць на месца. Але, ясна, не да гадавіны.

Начальства мясцовае пасьля гэтага знаку на вакзале сьцяла зубы: больш ніякіх згадак пра паўстанцаў у горадзе ня будзе. «Палітычны клімат» зьмяніўся ў краіне. На вакзале ўшанавалі тады памяць пра бой вясною 1863: каля ста гараджанаў на цягніку паспрабавалі выехаць у Парэчча, далучыцца да паўстанцаў. І хоць на чале быў сам начальнік чыгуначнай станцыі Кульчыцкі, нічога не атрымалася. Сьледзтва доўжылася два месяцы, у турме трымалі 148 чалавек.

Знак-«каплічку» зрабілі каваль Юрась Мацко і скульптар Уладзімер Панцялееў. Улады вырашылі. Тады яшчэ не было Лукашэнкі. А калі яе зрабілі, ён ужо быў. На адкрыцьці афіцыйных прамоў не гучала: гарадзкі галава, праўда, прысутнічаў, не пабаяўся, але трымаўся някідка сярод публікі.

Бой на вакзале, які толькі-толькі пабудавалі разам з чыгункай, адна з гарадзенскіх легендаў, якая была рэчаіснасьцю. Да слова: шырокую вуліцу ад вакзалу пры царах назвалі Мураўёўскай. Хоць тут справядлівасьць гістарычная існуе: сёньня яна мае імя пісьменьніцы Элізы Ажэшкі, якая мусіла жыць на Мураўёўскай і якая дапамагала ў свой час паўстанцам.

Другая легенда, ужо сапраўдная: «Мужыцкая праўда». Гісторык Алесь Радзюк кажа: захавалася справа аб пошуках месца выданьня газэты. Абвінавачвалі рэдактара «Гродненских ведомостей», што нібыта ён па загаду Каліноўскага друкаваў у Горадні «Мужыцкую праўду». Даказаць не атрымалася. У выніку і праз паўтара стагодзьдзя невядома, дзе яе друкавалі, бо ў Каліноўскага з кансьпірацыяй было добра.

Калі я аб гэтым пачуў, узгадалася, як была думка некалі адрадзіць у Горадні «Мужыцкую праўду». Вось бы сапраўды атрымаўся працяг гарадзенскай менавіта газэты. Але была зарэгістраваная тады «Пагоня», што таксама, зрэшты, нядрэнна. «Мужыцкая праўда» распаўсюджвалася пераважна ў ваколіцах Горадні. І ўплыў яе адчуўся. На сёньня агульнапрызнаны факт: найбольш сялян было ў паўстанцкіх атрадах Гарадзеншчыны. Іх было ўвогуле значна больш, чым лічылася раней, кажуць сёньня гісторыкі. Сацыяльны склад вывучалі па сьпісах пакараных паўстанцаў, шляхта пераважала. Але сялян не каралі звычайна як шляхту, іх высылалі ў адміністрацыйным парадку. Любога, хто спачуваў паўстанцам, маглі выслаць. Сьледчая камісія, напрыклад, паведамляе: доказаў віны няма, губэрнатар піша рэзалюцыю — лічу гэтага чалавека шкодным для краю, і яго высылаюць.

Уласна кажучы, паўстаньне ўзьняло не сялянства, а шляхта. І на першым месцы была спроба вызваліцца ад Расеі. Арыентацыя была на свабодалюбныя настроі ў Эўропе. У Горадні глядзелі на Варшаву, дзе ў 1861-м пачаліся маніфэстацыі, быў расстрэл дэманстрантаў. У Горадні ўсяго толькі асьвісталі губэрнатара, ён мусіў рэціравацца. Але тады пачалі стварацца падпольныя гурткі. Каліноўскі ня раз прыяжджаў.

Мінуў год і распачалося паўстаньне. Зноў жа: у Варшаве. Заўчасна, без узгадненьня зь Літоўскім камітэтам. У Вільні і Горадні дзесяць дзён вагаліся: што рабіць? Нарэшце падтрымалі, далучыліся, хаця не былі яшчэ гатовыя. Хаця ці можна да такога падрыхтавацца ўвогуле, адчуць сябе цалкам узброеным, на кані? Цікава: а што было б, каб устрымаліся? Не былі б высланыя тысячы сялян і шляхты, былі б захаваныя сілы. Хаця не было б і змаганьня, паўстанцкай легенды. А сьледчыя камісіі ўсё роўна былі б, хіба што пакаралі б меней.

Але менавіта ў часе паўстаньня былі закладзеныя падмуркі будучай партызанкі. Валеры Ўрублеўскі на Гарадзеншчыне распачаў новую тактыку: паўстанцы сталі дзейнічаць малымі групамі па пятнаццаць-дваццаць чалавек. Самае неверагоднае — былі спробы падрыву чыгункі, якую толькі пабудавалі. Як не ўспомніць «беларусы-беларусы, партызанскія сыны».



Драўляныя гарматы, косы — ня зброя, але іншай амаль не было. Пісьменьнік Уладзімер Караткевіч некалі вырашыў ліквідаваць гістарычную несправядлівасьць, даць у рукі паўстанцам «Зброю», яго аповесьць з такой назвай выйшла ў 1983-м. Гэта здавалася неверагодным: столькі ў ёй было выкрываўчых антырасейскіх думак, такое ва ўсякім разе пакінула яна тады ўражаньне. Але гэта літаратура.

Мураўёў паставіў чыноўнікаў, паліцмайстараў, папоў, вучыцеляў ва фрунт:
усіх незадаволеных выслаць, закасаць рукавы, убіць у галовы, што
«на гэтых землях жывуць рускія людзі»! Сёньня ў Менску з гэтай нагоды некаторыя б’юць у літаўры. Начальства робіць рыхтык казіную мысу. І Мураўёва, і Караткевіча яно пачула на свой капыл: беларус, як вядома сёньня, гэта «рускі са знакам якасьці». І чаго біць у літаўры, скажыце? Напароліся — за што бароліся...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG