Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тварам да шыбеніцы: выйшла ў сьвет паэтычная Калінаўскіяна


Язэп Янушкевіч
Язэп Янушкевіч

«Тварам ды шыбеніцы» — пад такой назвай днямі выйшла ў сьвет паэтычная анталёгія, прысьвечаная Кастусю Каліноўскаму.

Сярод яе аўтараў Натальля Арсеньнева, Ларыса Геніюш, Уладзімер Караткевіч, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш — агулам 55 паэтаў. Уклаў анталёгію і напісаў да яе прадмову літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч — сёньняшні госьць «Вольнай студыі».

— Язэп, скажыце, калі ўзьнікла ідэя анталёгіі пад такой вымоўнай назвай «Тварам да шыбеніцы»?

— Яшчэ ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя. Недзе ў 1988 годзе, калі ў Беларусі шырока адзначаліся 150-я ўгодкі правадыра паўстаньня. Памятаю, даводзілася мне дапамагаць мастаку Пятру Драчову складаць энцыкляпэдыю «Кастусь Каліноўскі» — дзіцячую (выйшла ў часопісе «Бярозка»). Было тое ў дакампутарную эру. З таго часу ў мяне застаўся стос машынапісных старонак з творамі Ўладзіміра Караткевіча, Дануты Бічэль, Сержука Сокалава-Воюша, Алеся Чобата. Не хапіла тады часу і цярпеньня. Цяпер тую ж складальніцкую працу зрабіць было лягчэй. Балазе, існуе нават адмысловы сайт «Сьвіслацкія аркушы» з разнастайнымі тэкстамі, прысьвечанымі Кастусю Каліноўскаму (заснавальнік — Зьміцер Кузьменка). Варта згадаць і зборнік «Жыві ў свабодзе: кніга пра Каліноўскага», складзены Сяргеем Панізьнікам (1996 год; праўда, там вобраз Каліноўскага пададзены пераважна ў прозе). Наогул, калі табе пераваліла за пяцьдзясят, самы час дарабляць недаробленае. Анталёгія «Тварам да шыбеніцы» — адна з маіх даўніх задумак. Таму не магу ня цешыцца, што яна рэалізавалася.

— Што ў анталёгіі будзе для чытача неспадзеўным?

— Найперш, відаць, шматмоўнасьць выданьня. Тое, што пад адной вокладкай Каліноўскі загучыць па-польску, па-ўкраінску, па-ангельску. Пакуль што толькі ягоныя «Лісты з-пад шыбеніцы». Перакладзены Каліноўскі дазволіць іншаземцам зразумець памкненьні сучаснай Беларусі, якая ідзе па шляху, накрэсьленым маладым прарокам-апосталам, што дзейнічаў у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя і гэтак рана скончыў сваё жыцьцё. І пабачыць, наколькі актульны ён нават цяпер, у ХХІ стагодзьдзі. Неспадзяванымі будуць і некаторыя творы. Скажам, верш Ларысы Геніюш , падказаны мне дасьледнікамі ейнай творчасьці, быў зьняты мною з дыску «Пасланьне сябрам» (запісы Валянціны Трыгубовіч). А таксама вершы, адмыслова напісаныя для анталёгіі народным паэтам Рыгорам Барадуліным і Алесем Чобатам.

— У анталёгіі зьмешчаныя творы 55 аўтараў. Якім паўстае Кастусь Каліноўскі ў іх творах?

— Як і належыць — непахісным, трывалым барацьбітом за людзкое і народнае права. Айчынныя паэты маюць надзіва сьветлы погляд на аднаго з пачынальнікаў нашага нацыянальнага адраджэньня. У Натальлі Арсеньневай Каліноўскі паўстае змагаром, што «аддаў жыцьцё, каб жыць магла Радзіма»; у Дануты Бічэль — апосталам, за якім «вясны дыханьне» і наш абуджаны народ; у Ніла Гілевіча — «чэсьці й гонару узорам»; ва Ўладзімера Караткевіча — пaкутнікам, сынам «той зямлі, што несла крыж пакуты»; у Віктара Стрыжака правадыр паўстаньня — Гарыбальдзі нашага краю… Згодна са слушным выказваньнем Генадзя Кісялёва, які склаў падрабязны летапіс жыцьця Каліноўскага, ён — «адзін з самых любімых нацыянальных герояў беларускага народу». На жаль, у нас неяк зарана пачалі забываць зробленае гэтым дасьледнікам — найлепшым у Эўропе знаўцам Калінаўскіяны. Калі ў навуковых артыкулах сустракаю пасажы: «Вялікі ўнёсак у каліноўсказнаўства зрабілі Вячаслаў Шалькевіч, Генадзь Кісялёў, Анатоль Сьмірноў», мне выяўна бачыцца неадэкватнасьць пераліку, бо на першым месцы, бясспрэчна, павінна стаяць прозьвішча Кісялёва. Добра, калі нехта імкнецца адшукаць новае пра Каліноўскага, але — памятайма пра папярэднікаў!

— Ад якога часу Каліноўскі стаў героем літаратуры? Калі распачалася, скажам так, яго літаратурная гераізацыя? Вось жа, існуе меркаваньне, што культ ягоны ствараўся пад дыктоўку савецкай улады, якой быў патрэбен змагар з царызмам.

— Гераізацыя правадыра паўстання распачалася адначасова з самім паўстаньнем. Калі сьпяваліся песьні касінераў, напісаныя тагачаснымі паэтамі. Імя аднаго зь іх — Фэлікс Ражанскі, які так і ня ўведзены ў аналы гісторыі нашай літаратуры. Яшчэ студэнтам на старонках часопіса «Тыгоднік ілюстраваны» мною была адшуканая «Паўстанцкая песьня», запісаная на Пружаншчыне альбо Ваўкавышчыне:

Гэй жа, хлопцы, досыць спаць!
Пара косы прыбіраць!
Косы, косы і сякеры —
бараніці сваю веру.
Пара!
Вы за печкаю на полу,
мы — у лесе зямлю голу
прытулілі б, як пярынку,
каб заснуці хоць гадзінку.
Пара!

Нагадаю таксама, што яшчэ ў 1867–1871 гадах Агатон Гiлер выдаў у Парыжы чатыры тамы сваёй «Гiсторыi паўстаньня» i ў дадатку да першага тома (1867) надрукаваў «Лісты з-пад шыбеніцы» з наступным камэнтаром-характарыстыкай Каліноўскага:

«Паўстаньне ў Літве было падрыхтаванае ў нямногіх пунктах, сярод якіх Беласток займаў першараднае месца. Тут абсталявалі патаемную беларускую друкарню, у якой друкаваліся такія газэты для народа, як „Апавяданьні Янкі — гаспадара з-пад Вільні“ (па-беларуску), i шмат беларускiх адозваў, якiя моладзь разносiла па правiнцыi, чытала па хатах i корчмах. Дух свабоды рос у беларускiх сялянах, i патрэбны быў толькi час, каб вырас да гатоўнасьцi самастойна выступіць. Гэтая патаемная друкарня была першай беларускай друкарняй, а тайныя газэты — першымi пэрыядычнымi выданьнямi беларускай лiтаратуры. Рэдактарам гэтых газэтаў быў Канстанцiн Калiноўскi — адзiн з самых высакародных мужоў Лiтвы, чалавек, поўны самаахвярнасьцi, высакароднасьцi, розуму i энэргii».

Што да дыктовак… Хіба Міхась Машара сваю паэму «Сьмерць Кастуся Каліноўскага» ў 1934 годзе ў Заходняй Беларусі пісаў пад дыктоўку савецкай улады?

Паўстаньне згашана, зламана,
надзея згублена ізноў.
Па Краі ўсім крывавяць раны
пад дзікі рогат казакоў.
І трупаў, трупаў — Божа слаўны!
Хто не расстрэлены — вісіць,
хто не павешаны — сасланы
або за кратамі сядзіць.

— Напярэдадні ўгодкаў Каліноўскага і паўстаньня ў СМІ зьяўляюцца розныя матэрыялы, якія маюць на мэце пазбавіць Каліноўкага арэолу нацыянальнага героя. Скажам, прэзыдэнцкі прапагандыст, галоўны рэдактар часопісу «Беларуская думка» Вадзім Гігін называе яго тэрарыстам, заклікае «пакончыць з каліноўшчынай». Чым Каліноўскі так замінае ўладзе?

— Адразу скажу, што не зьбіраюся ўступаць у палеміку з самазванцамі на навуковай ніве. Аўтарытэт належыць зарабіць навуковымі, а не публіцыстычнымі матэрыяламі, як гэта назіралася ў нас за савецкім часам, калі навуковымі тэмамі лічыліся «вобраз Леніна ў беларускай драматургіі», «роля партыі ў выкананьні 9-й пяцігодкі»… Такія гігікаючыя псэўдавучоныя заўжды патрэбныя ўладам у табуне вернападданых. А чым ім замінае Каліноўскі? Ён замінае ім сваёй сапраўднасцю і справядлівасьцю, тым, што ўся ягоная дзейнасьць насамрэч скіраваная на дасягненьне самастойнасьці і незалежнасьці Беларусі. Праўдзівай незалежнасьці, а не дэкляраванай на паперы.

— Пяцьдзясят пяць гадоў таму ў Сьвіслачы на Гарадзеншчыне быў усталяваны ці не адзіны ў Беларусі помнік Каліноўскаму, што лягічна: будучы кіраўнік паўстаньня вучыўся ў Сьвіслацкай гімназіі. Але прайшоў час і за нейкіх сто мэтраў ад Каліноўскага паўстаў помнік… Сталіну. Так яны і сёньня там стаяць — Каліноўскі і Сталін. Што вам за гэтым бачыцца?

— Тое, што на беларускай зямлі ставяць помнікі катам нашага народу. Яшчэ не хапае, каб пачалі ставіць помнікі расейскім царам ды іхным памагатым. Такім, як крывавы Мураўёў-вешальнік, якога названы вамі псэўданавуковец гатовы назваць дабрадзеем нашай зямлі, які эканамічна дапамог спарадчыць разбураную гаспадарку забранага Краю. Беларусь толькі тады стане па-сапраўднаму незалежнай, калі на нашай зямлі паўстануць помнікі нацыянальным геніям — ад Скарыны да Караткевіча, калі будуць пазначаныя бронзавымі барэльефамі мясьціны, адкуль паходзяць продкі Дастаеўскага, Цыялкоўскага, Шастаковіча, калі ў кожным мястэчку будуць вуліцы Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Людвіка Нарбута і Рамуальда Траўгута.

— Той жа прыгаданы ўжо рэдактар часопісу «Беларуская думка» Гігін наконт «Мужыцкай праўды» выказаўся адназначна (цытую ў арыгінале): «Этот боевой листок не делает чести ни нашей литературе, ни публицистике». А як бы вы ацанілі ўплыў публіцыстыкі Каліноўскага на беларускі нацыянальны рух?

— Паўтараю — з псэўдагісторыкамі дыскутаваць ня бачу сэнсу. Перачытайце Каліноўскага: «Як дзень з ноччу ня ходзяць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая зь няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі як скацінай варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу». Зрэшты, я разумею: статак гігікаючых «на выпасе ідэяў сацыялізму» (Ул. Някляеў), гэтых пасьлядоўнікаў абэцадарскіх-залескіх пры нязьменным у нас раскладзе ў гуманітарнай навуцы ніколі не перавядзецца. Што да ўплываў… Публiцыстыку Кастуся Каліноўскага як ідэоляга нацыянальнага адраджэньня і сёньня цытуюць нямала. Прыгадаем хоць бы дэвіз, пад якім выходзіла газэта «Рэспубліка»: «Не народ для ўраду, а ўрад для народу». Гэта ўласьцiвасьць клясычнай спадчыны — служыць народу, пайсьці ў народ. У творах сёньняшнiх публiцыстаў пульсуюць незабыўныя iнтанацыi аўтара «Мужыцкай праўды» i «Лістоў з-пад шыбенiцы». Яны вельмі цікава прачытваюцца ў кантэксьце анталёгіі «Тварам да шыбеніцы».
Перачытайце Каліноўскага: «Як дзень з ноччу ня ходзяць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая зь няволяй маскоўскай»

— Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў 1838 годзе. Тэарэтычна ён мог дажыць да новай хвалі нацыянальнага адраджэньня. Ці магчыма ўявіць яго, скажам, на 1-м Усебеларускім кангрэсе ў 1917 годзе ў Менску, які быў разагнаны бальшавікамі?

— Калі б сотні паплечнікаў Каліноўскага не былі забітыя і павешаныя, а тысячы ягоных касінераў не пайшлі на катаргу ў Сібір, — паверце, наш народ прычакаў бы вызваленьня з-пад расейскага царызму раней. Магчыма, у 1917 годзе, як гэта адбылося зь фінамі. Каліноўскі мне бачыцца ў ганаровым прэзыдыюме Ўсебеларускага кангрэсу поруч з постацьцю першага айчыннага акадэміка Яўхіма Карскага, які без паўстанцкіх атрадаў і вайсковых дывізій сам-адзін узнавіў на мапах межы праўдзівай Беларусі. Думаю, што Кастусь і ягоныя каліноўцы ніякім чынам не дазволілі б п’яным расейскім матросам разагнаць кангрэс, які фактычна ня меў ніякай абароны.

— І апошняе пытаньне. Яшчэ летась было абвешчана аб стварэньні грамадзкага аргкамітэту па адзначэньні ўгодкаў паўстаньня Каліноўскага. У яго праграме значыцца і выданьне кніг, і мастацкія пленэры, і нават рэканструкцыя баявых дзеяньняў паўстанцаў. Ці дапамог аргкамітэт у вашай канкрэтнай справе — выданьні анталёгіі «Тварам да шыбеніцы»?

— Не. Хоць ягонае зьяўленьне ўсяляла вялікую веру, паколькі тры абраныя сустаршыні аргкамітэту — Янка Запруднік, Аляксандар Мілінкевіч і Ўладзімер Някляеў — вядомыя ў грамадзтве асобы. Усяго ж, як паведамлялася, «у аргкамітэт увайшлі каля 30 выбітных асобаў: гісторыкі, мастакі, журналісты, грамадзкія дзеячы». Зазначу толькі, што ад Янкі Запрудніка я ласкава атрымаў тэксты Кастуся Каліноўскага ў перакладзе на ангельскую мову, зробленыя ім разам з Томасам Бэрдам. Зрэшты, юбілейны год толькі распачаўся… Тыдзень таму я браў удзел у навуковай канфэрэнцыі ў Беластоку, дзе сабраліся студэнты з усёй Польшчы. Нягледзячы на заяўленую тэму, пра Каліноўскага там гутаркі не было. І я зразумеў: калі мы на радзіме не падымем голас пра яго — дык хто? Пытаньне рытарычнае. Нам самім стане сорамна перад нашчадкамі, што вось быў выдатны юбілей і нагода адсьвяткаваць памятныя дні змаганьня і згадаць пра змагароў, а што мы зрабілі?!
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG