Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле карупцыі ў войску Беларусь побач з Руандай


У індэксе барацьбы з карупцыяй у сфэры абароны, які складзены Цэнтрам антыкарупцыйных дасьледаваньняў Transparency International, Беларусь апынулася ў пятай групе зь сямі, што азначае «высокі ўзровень карупцыі».

У гэтую ж групу трапілі Банглядэш, Гана, Грузія, Ярданія, Казахстан, Кітай, Малайзія, Пакістан, Палестынская адміністрацыя, Расея, Руанда, Танзанія, Турцыя і Этыёпія.

Паводле дасьледаваньня, якое праводзілася цягам двух гадоў у 82 краінах сьвету, усясьветная карупцыя ў вайсковым сэктары дасягае 20 мільярдаў даляраў на год. З карупцыяй у гэтай сфэры ня могуць справіцца 70% дзяржаваў, сярод іх — дзьве траціны найбуйнейшых у сьвеце імпартэраў зброі і палова найбуйнейшых экспартэраў.

Краіны ацэньваліся ад самых нізкіх рызыкаў (сэктар А) да самых высокіх (сэктар F) паводле 77 паказчыкаў.

Так, у сэктар А (вельмі нізкая рызыка карупцыі ў вайсковай сфэры) увайшлі Нямеччына і Аўстралія. У сэктар В (нізкая рызыка) уключаныя Аўстрыя, Нарвэгія, Паўднёвая Карэя, Швэцыя, Тайвань, Вялікабрытанія і ЗША.

У групу памяркоўнае рызыкі (сэктар С) праваабаронцы ўключылі Аргентыну, Бразылію, Баўгарыю, Чылі, Калюмбію, Харватыю, Чэхію, Францыю, Грэцыю, Вугоршчыну, Італію, Японію, Латвію, Польшчу, Славаччыну і Гішпанію.

Групу высокай рызыкі ў дасьледаваньні падзялілі на дзьве часткі: D+ і D—, дзе D+ азначае лепшыя паказчыкі. У сэктар D+ увайшлі 15 краін, у тым ліку Індыя, Ізраіль, Кенія, Кувэйт, Лібан, Мэксыка, Сынгапур, Украіна, ААЭ. У сэктары D— 15 краін, сярод іх Беларусь, Кітай, Этыёпія, Грузія, Гана, Ярданія, Казахстан, Малайзія, Пакістан, Руанда, Турцыя і Расея. У групу вельмі высокай рызыкі (сэктар Е) увайшлі 18 краін, сярод іх Узбэкістан, Аўганістан, Туніс, Вэнэсуэла і Іран.

Дзевяць краін (Альжыр, Ангола, Камэрун, Эгіпэт, Эрытрэя, Лібія, Сырыя, Емэн і Конга) зазнаюць крытычную рызыку, бо там няма базавых мэханізмаў кантролю, што робіць барацьбу з карупцыяй у гэтай сфэры практычна немагчымай, гаворыцца ў дакладзе.

Паводле аўтараў дакладу, зьнізіць карупцыю можна, зрабіўшы традыцыйна сакрэтны сэктар празрыстым і больш адкрытым для грамадзкага кантролю.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі адзначыў, што спакойна ставіцца да высноваў Transparency International:

Павал Казлоўскі
Павал Казлоўскі
«Карупцыя насамрэч ёсьць. Магчыма, яе маштабы не такія магутныя, як у Расеі. А тое, што тут і там робіцца аднолькава, — гэта без аніякіх сумневаў. Тое ж самае і ў сілавых структурах. Мы гэта бачым, і гэта ня так ужо моцна і схавана. Прыклады ёсьць рэальныя ў нашай, здавалася б, маленькай арміі. Тое ж самае і ў сыстэме МУС. Ужо пры гэтай уладзе, якая існуе шмат гадоў. Таму тут нічога новага не адкрыта».

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін сказаў карэспандэнту Свабоды, што «параўнаць нас з расейцамі немагчыма»:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Гэта абсалютна закрытая сфэра. Улічваючы ступень кантролю і тое, што ў нас ніякіх самастойных камэрцыйных фірмаў накшталт расейскіх няма, я думаю, што гэтыя лічбы ўзятыя са столі. Гэта імідж краіны такі, а з рэальным станам нічога агульнага ён ня мае. Хаця злоўжываньні, вядома, ёсьць, асабліва што тычыцца рэалізацыі вайсковай маёмасьці. Вельмі вялікія запасы засталіся ад Савецкага Саюзу».

Апошні гучны скандал у гэтай сфэры ў Беларусі быў зьвязаны з былым камандуючым ваенна-паветранымі сіламі і войскамі паветранай абароны Ігарам Азаронкам, якога ў 2012 годзе асудзілі за хабарніцтва на 9 гадоў зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG