Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зноў засталася безь «зьвярынца»


Беларуская дэлегацыя не паехала на Ўсясьветны эканамічны форум у швайцарскі Давос.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

«Гэта даволі дарагое мерапрыемства, якое дае ўдзельнікам рэдкую магчымасьць адцягнуць увагу ад працы і падыскутаваць пра глябальныя праблемы сучаснасьці на фоне альпійскага пэйзажу. Многія з ідэяў, якія выказваюцца, надта цікавыя, яны шырока і падрабязна тыражуюцца СМІ. У сувязі з гэтым сталае прадстаўніцтва Беларусі ў Жэнэве робіць аналіз ідэяў і глябальных тэндэнцыяў, якія атрымліваюць сваё адлюстраваньне ў ходзе давоскіх сустрэч. Рацыянальныя і практычныя ідэі будуць прымацца пад увагу пры выпрацоўцы эканамічнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь».

Аляксандар Лукашэнка за 18 гадоў свайго прэзыдэнцтва ні разу ня быў на Давоскім форуме. За гэты час Беларусь толькі адзін раз удзельнічала ў гэтым форуме на ўзроўні афіцыйнай дэлегацыі — у 1995 годзе краіну там прадстаўляў прэм’ер Міхаіл Чыгір. Хоць прадстаўнікі іншых постсавецкіх дзяржаў там заўсёды былі. Вось і сёлета ў Давос прыбылі прэзыдэнты Азэрбайджану і Ўкраіны — Гейдар Аліеў і Віктар Януковіч.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі: «Давоскі форум — гэта люстэрка, якое паказвае, наколькі Беларусь выпала з сучаснага кантэксту. Рэпутацыя на Захадзе тых жа Аліева і Януковіча, Мядзьведзева далёка не беласьнежная, але яны ўсё ж такі там, у Давосе, дэкляруюць нейкія свае тэзы, „тусуюцца“ сярод усясьветнай эліты. А беларускага кіраўніцтва там няма і блізка».

Першая прычына гэтага банальная — візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі, да якіх далучылася Швайцарыя.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«Па-другое — а пра што гаварыць? Як завабіць інвэстараў „рабаўладальніцкім“ дэкрэтам нумар 9 альбо досьведам рэнацыяналізацыі „Камунаркі“ ды „Спартака“? Сёньня беларускае кіраўніцтва размаўляе з Захадам і ўсясьветным бізнэсам на розных мовах», — перакананы Класкоўскі.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч сёньня ў Давосе сустрэўся з экс-дзяржсакратаром ЗША Генры Кісынджэрам і пры гэтым адзначыў, што такія сустрэчы ў іх адбываюцца на сталай аснове. Падобныя сустрэчы Аляксандру Лукашэнку і ня сьніліся, лічыць спадар Класкоўскі:

«Кіеў усё-ткі хіліцца да Эўропы, узважваючы на шалях маскоўскі праект і эўрапейскую інтэграцыю. Украіна схіляецца да эўрапейскага вэктару. Лукашэнка ж уцягнуўся ў эўразійскую інтэграцыю, і яму няма куды падзецца з гэтай падводнай лодкі, бо пасьля сьнежня 2010 году масты на Захад ім спаленыя».

Аляксандар Лукашэнка толькі адзін раз быў на падобным форуме. У 1998 годзе ён быў у Кран-Мантана. Але ягоны побыт там скончыўся дэмаршам: пачуўшы крытыку на свой адрас, Лукашэнка тэрмінова пакінуў форум.

Пасьля ў інтэрвію БТ ён пяць разоў паўтарыў слова «зьвярынец»:

«Я разумею, што гэта не дэмакратыя, а зьвярынец… зьвярынец — лепш ня скажаш. Тут жа вакол прэзыдэнта і пад нагамі ў прэзыдэнта таўчэцца шмат людзей. Калі прэзыдэнта запрашаюць у зьвярынец, яму людзі, якія рыхтуюць яму гэтую паездку ў зьвярынец, павінны ўсё пра гэтых зьвярэй расказаць, даць інфармацыю пра гэты зьвярынец».

Аляксандар Класкоўскі перакананы, што Лукашэнка хацеў бы сустракацца з усясьветнымі лідэрамі, але ягоную зайздрасьць да Аліева і Януковіча, якія гэта робяць, перасільвае іншая жарсьць:

«Лукашэнка ня хоча ісьці на нейкія саступкі, патрэбныя для гэтага, бо найболей ён баіцца страціць уладу. І гэта пераважвае жаданьне быць рукапаціскальным у гэтым прэстыжным клюбе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG