Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Сураў пра Гуменюка: Гэта быў суіцыд


Алесь Сураў, архіўнае фота
Алесь Сураў, архіўнае фота

Галоўны мастак Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру Алесь Сураў добра ведаў паэта Юрыя Гуменюка, які трагічна загінуў 19 студзеня. Алесь Сураў адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

Карэспандэнт: Што Вы думаеце пра гвалтоўную сьмерць паэта?

Сураў: Калі я пачуў пра гэта, я адразу падумаў пра самагубства. Апошнім часам ён быў вельмі прыгнечаны. Адчуваўся ў ягоным жыцьці тупік у многіх накірунках: і ў творчым, і ў працы, і ў пабытовым — у сытуацыі з домам, за які ён судзіўся з родзічамі. Выйшла непрыгожа. Яны адсудзілі так, што пасьля таго, як памрэ маці Гуменюка, паўдома пяройдзе родзічам. А пакуль яны з маці жылі ў сваім доме. Гэта ўсё разам паўплывала плюс яшчэ асабісты эмацыйны склад Юрыя, які быў зьвязаны зь ягонай творчасьцю. Ён такім манэрным паэтам быў. І я думаю, ён усё-ткі вырашыў пайсьці з жыцьця на ўзроўні тых паэтаў, якіх вельмі любіў. Паэтаў срэбнага веку і паэтаў сюррэалістычных. Ён лічыў за гонар для паэта памерці менавіта так, як ён хоча і з такім эфэктам. А ўсё бытавое давяло да таго, што ён сказаў: зараз хіба што той час, каб застацца ў памяці паэтам...

Карэспандэнт: Калі казаць далікатна, сябры заўважалі ў Гуменюка праявы маніі перасьледу. Ён казаў, што яму нібыта пагражалі зусім пазбавіць дома, нават забіць. Аб гэтым ён гаварыў некалькі гадоў запар. Што вы думаеце наконт гэтага?

Сураў: Ён ня раз казаў пра гэта, але я ў гэта ня верыў. Хіба што мог быць перасьлед зь іншага боку: з-за яго сэксуальнай арыентацыі. Думаю, іншага перасьледу не было. Але гэта была не пагроза жыцьцю, не пагроза сьмерці. Я ўпэўнены, што прычынай усяго проста тупіковая сытуацыя ягонага жыцьця і побыту. А ён вельмі тонка адчуваў жыцьцё як паэт.

Карэспандэнт: Вы зь Юрыем Гуменюком разам працавалі ў Гарадзенскім лялечным тэатры. Ці падабалася яму праца?

Сураў: Рэч у тым, што гэта я яго запрасіў у «лялькі» быць загадчыкам літаратурнай часткі, таму што ў нас паўстала пытаньне — чаму няма такога чалавека, які б падбіраў п’есы, пісаў п’есы, перакладаў на беларускую мову? Я прапанаваў Гуменюка, і ён выдатна спраўляўся тады са сваімі абавязкамі. І ўвогуле ў жыцьці тэатру быў сваім чалавекам, які прыносіў нейкі калярыт.

Карэспандэнт: Якія ў Вас былі кантакты з Гуменюком апошнім часам, ці прыходзіў ён у драмтэатар?

Ягонае самагубства — ад тупіковага стану паэта. Бо ён смакаваў гэты момант, што з жыцьця трэба сыходзіць тады, калі ты эмацыйна гатовы да гэтага
Алесь Сураў

Сураў: Не, у тэатар ён не прыходзіў, хаця абяцаў. Але на выставах, у горадзе мы сустракаліся часта, я пытаўся: што робіць, дзе працуе? Ён заўсёды расказваў. Але вось гэтая манія заставалася, я зьвязваў яе з алькаголем і яго арыентацыяй, як з прычынамі. І суд за дом яго падарваў вельмі моцна. Было расчараваньне ў людзях, якіх ён ведаў зь дзяцінства: што раптам так груба ўсё і непрыгожа выглядала. А гэта здарылася пасьля сьмерці бацькі якраз, у 2008 годзе. Гэта вельмі псыхалягічна яму пашкодзіла.

Яшчэ раз думаю: ягонае самагубства — ад тупіковага стану паэта. Бо ён смакаваў гэты момант, што з жыцьця трэба сыходзіць тады, калі ты эмацыйна гатовы да гэтага. Прыгожа, манэрна. Ён проста гэта заўсёды шліфаваў у сваёй творчасьці. Таму я ня зьдзіўлены быў гэтым усім, ня зьдзіўлены...

Карэспандэнт: Падчас «маўклівых акцый» 2011 году Юры Гумянюк выконваў свае журналісцкія абавязкі, але быў затрыманы і пасьля суду трапіў пад арышт. Як паўплывала гэта на яго?

Сураў: Ён, наадварот, ганарыўся, што нават яго «замялі». Гэта значыць, каб яго сур’ёзна не ўспрымалі, такога б ня здарылася. Гаварыў: нават па мяне прыехалі. Ён быў у нармальным стане, гэта не выклікала ў яго прыгнечанасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG