Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыйшоў Пракаповіч. Чакаць дэвальвацыі?

абноўлена

Пётар Пракаповіч
Пётар Пракаповіч

Ва ўрад прыслалі прыхільніка інфляцыйнай палітыкі. Лукашэнка рыхтуецца да выбараў 2015 году.

Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

На Пятра Пракаповіча ўскладзена адказнасьць за забесьпячэньне выкананьня найважнейшых парамэтраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь, выкананьня рэспубліканскага бюджэту і ажыцьцяўленьня мерапрыемстваў па мадэрнізацыі беларускай эканомікі.

Ва ўрад прыслалі прыхільніка інфляцыйнай палітыкі. Лукашэнка рыхтуецца да выбараў 2015 году.

70-гадовы Пётар Пракоповіч заняў месца, якое заставалася вольным пасьля адстаўкі Сяргея Румаса. Апошняга лічылі ці не адзіным лібэралам ва ўрадзе і чалавекам, які здольны выказаць альтэрнатыўную думку.

Цяпер гэтае крэсла заняў абсалютна ляяльны і зразумелы Лукашэнку чалавек, абавязаны кіраўніку дзяржавы ўсім. Яго прызначылі, нягледзячы на тое, што пазыцыя Пракаповіча як старшыні Нацбанку спрычынілася да абвалу беларускага рубля ў 2011 годзе, за што ён урэшце і быў звольнены.

З набліжэньнем чарговага выбарчага цыклю праваднік папулісцкай палітыкі зноў спатрэбіўся. Спачатку Лукашэнка прызначыў яго сваім памочнікам, а цяпер — віцэ-прэ’мерам, адказным за выкананьне парамэтраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, выкананьне бюджэту і мадэрнізацыю эканомікі.

Незалежны фінансавы аналітык Валерый Палхоўскі прызнае Пракаповіча прыхільнікам больш мяккай макраэканамічнай палітыкі:

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі
«Але важна разумець, што за эмісію адказвае Нацбанк. І трэба сказаць, што Нацбанк не адчувае ціску з боку ўраду. Таму мяркую, што адмовы ад жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі ня будзе, нават нягледзячы на прызначэньне Пракаповіча. Можа, гэта спроба Лукашэнкі збалянсаваць прыхільнікаў жорсткай і мяккай грашовай палітыкі».

Валерый Палхоўскі перакананы, што і ўрад, і Нацбанк добра навучыліся на падзеях 2011 году і іх паўтору не дапусьцяць.

Экс-кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што ніякай уласнай палітыкі ва ўрадзе Пракаповіч праводзіць ня будзе.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
«Я думаю, што ў нас галава адна — Лукашэнка. Іншыя — выканаўцы. А Лукашэнка мае досьвед правалу нястрымнай эмісійнай палітыкі, таму наўрад ці ён будзе ціснуць у той ступені, як ён гэта рабіў у 2010–11 гадах.

Я ўспрымаю гэтае прызначэньне як несур’ёзнае. Быў Румас, чалавек больш падрыхтаваны, сучасны, малады — і раптам прызначаць чалавека майго пакаленьня, якім трэба думаць пра тое, як ісьці ў іншы сьвет».

Паводле Станіслава Багданкевіча, здольных спэцыялістаў у Беларусі дастаткова, але Лукашэнка ня хоча нават мінімальнай рызыкі ў кадравай палітыцы, таму і перастаўляе адданых яму людзей «з аднаго кута ў іншы».

І Лукашэнка, і Пракаповіч арыентаваныя на адміністратыўныя рычагі, і таму спадар Багданкевіч не выключае, што эмісію нацыянальнай валюты павялічаць. Але, відаць, ужо не ў такім памеры, як гэта было ў 2010-м, калі дзяржаўным банкам выдалі з паветра 20 трыльёнаў рублёў. Новыя эмісійныя ўліваньні больш рэальныя бліжэй да выбараў 2015 году, сёлета іх, відаць, ня будзе, — мяркуе Станіслаў Багданкевіч.

У ролю Нацбанку як апанэнта такой палітыцы Багданкевіч ня верыць, бо там такія ж выканаўцы волі Лукашэнкі, як і Пракаповіч.


Незалежны эканаміст Сяргей Чалы бачыць у гэтым прызначэньні кепскі знак:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Гэта спроба Лукашэнкі вярнуцца да ідэі напампоўваньня эканамічнага росту і даходаў насельніцтва, да кантраляванага курсу нацыянальнай валюты, каб была ілюзія высокіх заробкаў у даляравым эквіваленце. Відаць, разьлік у тым, што да прэзыдэнцкіх выбараў запасу трываласьці эканомікі хопіць, а далей — хоць патоп».

Сяргей Чалы прагназуе вяртаньне да больш жорсткіх мэтадаў адміністратыўнага кіраваньня эканомікай.

Паводле спадара Чалага, Пракаповіча і раней былі паставілі памочнікам Лукашэнкі для кантролю за выкананьнем валавых паказчыкаў, а цяпер у яго зьявіцца больш рычагоў для гэтага.

«Погляды Пракаповіча вядомыя. Ён быў адным зь першых, хто ініцыяваў рост ВУП праз напампоўваньне ўнутраных інвэстыцыяў у асноўны капітал, што пазьней прыводзіць да сур’ёзных дысбалянсаў, якія завяршаюцца чарговым крызісам. Але нейкі час гэта працуе.

У гэтай сытуацыі істотна, ці будзе апанэнтам праінфляцыйнай палітыкі Нацбанк. Калі не, то мы вернемся ў сытуацыю 2010 году».

"Тая эканоміка, якая склалася пасьля крызісу 2011 году, пасьля пераходу на плаваючы мэтад курсаўтварэньня, захадаў барацьбы з інфляцыяй, яна незразумелая ні Лукашэнку, ні ягонаму атачэньню. Яны ня ведаюць, што зь ёю рабіць. Яны бачаць, што ў ёй ня знойдуць нейкіх палітычных плюсаў".

Пракаповіч мае званьне Героя Беларусі.

Даведка Свабоды: Пётар Пракаповіч

Нарадзіўся ў 1942 годзе ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці.

Паводле адукацыі — будаўнік.

1990-1995 — Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

1996 — намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, першы намесьнік прэм’ер-міністра.

З сакавіка 1998 — старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь.

13 красавіка 2011 стала вядома, што Пракаповічу была зроблена складаная апэрацыя на сэрцы.

У чэрвені 2011 адпраўлены ў адстаўку «па стане здароўя».

18 ліпеня 2011 афіцыйна адпраўлены на пэнсію.

17 жніўня 2012 прызначаны памочнікам прэзыдэнта Беларусі.

Старшыня федэрацыі веславальных відаў спорту.

У пачатку 2011 Пракаповіч неаднаразова казаў, што дэвальвацыя ў Беларусі не плянуецца.

«Пакуль я зьяўляюся старшынём праўленьня Нацбанку, ніякай разавай дэвальвацыі за адзін раз ніколі ня будзе. У нас дастаткова досьведу, які мы назапасілі за 15 гадоў, і гэты досьвед кажа пра тое, што гэта дрэннае рашэньне для беларусаў. Раз дрэннае рашэньне, мы яго выконваць ня будзем <...> Нават дэвальвацыі ў 5% у нас ніколі ня будзе», — заявіў Прапановіч 17 сакавіка 2011.

23 траўня Нацбанк дэвальваваў беларускі рубель на 56%.

Цікава: у часе эканамічнага крызісу 2011-га ў інтэрнэце зьявіўся сайт абмену валютаў, у якім абыгрывалася прозьвішча Пракаповіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG