Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WikiLeaks: Пракаповіч – адзін зь нямногіх, каго слухаў Лукашэнка


Сайт WikiLeaks, як вядома, апублікаваў архіў ліставаньня дыпляматаў ЗША, што апынуўся ў яго распараджэньні. Архіў зьмяшчае 251 287 дыпляматычных данясеньняў, у тысячах зь якіх згадваецца і Беларусь.

Паводле Бі-Бі-Сі, абнародаваныя дакумэнты пададзеныя ў неадрэдагаваным выглядзе, з раскрыцьцём усіх імёнаў і крыніц інфармацыі. Публікацыя сталі вынікам рознагалосьсяў паміж Wikileaks і брытанскай газэтай Guardian, піша сайт naviny.by. Wikileaks вінаваціць газэту ў тым, што ў выніку нядбальства або злога намеру яе супрацоўніка пароль да архіву стаў набыткам грамадзкасьці. “Мы ўжо зьвязаліся зь Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША і пачалі дасудовыя дзеяньні”, – заяўляе WikiLeaks.

У рассакрэчаных дэпэшах супрацоўнікі амэрыканскіх пасольстваў згадваюць Беларусь у тысячах данясеньняў. Шмат якія дакумэнты былі адпраўленыя беспасярэдне пасольствам ЗША ў Менску, як мінімум дзесяць зь іх пазначаныя грыфам “сакрэтна”.

Напрыклад, у сакрэтным данясеньні ад 13 лютага 2008 году, нібыта адпраўленым ураду ЗША паслом гэтай краіны ў Беларусі Карэн Ст’юарт, называюцца аб’екты на тэрыторыі краіны, якія нясуць, на думку амэрыканскіх дыпляматаў, патэнцыйную пагрозу бясьпецы. Гэта нафтаправод “Дружба”, газатранспартная сыстэма і інстытут ядзерных дасьледаваньняў “Сосны”.

У іншай дэпэшы, ад 5 сьнежня 2007 году, пад грыфам “сакрэтна” і нібыта за подпісам часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Джонатана Мура, гаварылася пра магчымасьць прызначэньня беларускім прэм’ерам тагачаснага старшыні Нацбанку Пятра Пракаповіча.

“Ён (Пётар Пракаповіч – РС) – адзін зь нямногіх людзей, здатных забраць увагу Лукашэнкі. З свайго боку Пракаповіч – ляяльны фінансіст і ідэоляг рэжыму. (...) Ён спалучае ў сабе прафэсіяналізм, кіраўнічыя навыкі, адсутнасьць амбіцыяў і выключную ляяльнасьць да Лукашэнкі – мноства рысаў, якія маглі б зрабіць яго ідэальным кіраўніком ураду ў вачох дыктатара, асабліва калі Беларусь найбліжэйшымі месяцамі чакаюць эканамічныя праблемы”, – адзначыў у дэпэшы Джонатан Мур, цытуе Telegraf.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG