Для беларускае мовы канцавыя спалучэньнi двух, трох або чатырох зычных гукаў, апошнi зь якiх санорны [р] або [л’], нехарактэрныя. Такiх нетыповых спалучэньняў мова пазбаўляецца двума спосабамi: або перад гукамi [р] i [л’] узьнiкае галосны [а] (ансамб[а]ль, тэат[а]р, монст[а]р), або словы набываюць канчатак -а (напрыклад, каляндра, лотра, майстра). У сучаснай лiтаратурнай мове пераважная бальшыня словаў з канцавымi спалучэньнямi зычных афармляецца паводле першага з названых спосабаў.
Згодна з вымаўленчымi нормамi, памiж зычным / зычнымi ([б], [г], [д], [к], [м], [н], [м], [т], [ф], [кт], [л’т], [мб], [нд], [нк], [нт], [ст]), з аднаго боку, i гукамi [р] або [л’], з другога, павiнна гучаць галосная ўстаўка – кароткi [а]: зуб[а]р, дуб[а]ль, тыг[а]р, кад[а]р, бiнок[а]ль, жан[а]р, крэм[а]ль, лiт[а]р, шыф[а]р, фiльт[а]р, Аляксанд[а]р i г. д.
Калi пры зьмене слова або ў вытворных словах спалучэньнi апынаюцца перад галосным гукам, устаўны, натуральна, зьнiкае: мэт[а]р – сто мэ[тр]аў, жан[а]р – у жа[нр]ы, фiльт[а]р – фiль[тр]аваць.
Як вядома, адпаведна нормам савецкага беларускага правапiсу ўстаўны гук у разьбiраных тут спалучэньнях на пiсьме не адлюстроўваецца.
Іншы падыход рэалiзаваны ў новаклясычным (дарэформавым) беларускiм правапiсе: паводле яго ўстанаўленьняў, лiтара а заўсёды мае пiсацца ў спалучэньнях -тар, -дар (напрыклад, аркестар, монстар, цэнтар, скафандар, цылiндар) i наагул пры кожным канцавым зьбегу трох зычных перад [л’] i [р]: ансамбаль, тэмбар (з выняткам уласных назоваў, дзе спалучэньнi пiшуцца нязьменна: Майкл, гурт “Дып Пэрпл”, клюб “Таронта Мэйпл Лiўз”).
Але як бы мы нi пiсалi, якой бы правапiснай традыцыi нi прытрымлiвалiся, памятайма пра вымаўленьне: нi ў якiм разе няможна глытаць, “зьядаць” спалучэньнi ‘зычны + галосны + [р] або [л’]’. Канцавыя гукi павiнны прагаворвацца выразна, незалежна ад тэмпу нашага маўленьня.