Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСТАЦТВАЗНАЎЦА ВАЛЯНЦІНА ТРЫГУБОВІЧ ЛІЧЫЦЬ, ШТО МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫЯ КУРАПАТАЎ ПАВІННА ІСЬЦІ ПАКРОКАВА


Ганна Соусь, Менск

Летам мінулага году, за некалькі месяцаў да таго, як у Курапатах пачалася вахта памяці, у бюлетэні грамадзкага аб'яднаньня "Беларуская пэрспэктыва" быў надрукаваны артыкул з успамінамі ўдзельнікаў самага першага мітынгу ў Курапатах. Паводле старшыні міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Беларуская пэрспэктыва" Валянціны Трыгубовіч, гэта была "выпадковая заканамернасьць", прадчуваньне таго, што неўзабаве Курапаты ізноў стануць гарачай тэмай для грамадзкасьці.

Мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч разам зь іншымі актывістамі грамадзкай ініцыятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты" брала ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў. Нагадаю, што канцэпцыя, падпісаная прадстаўнікамі 14 грамадзкіх аб'яднаньняў, дасланая ў Савет міністраў Беларусі. Тым часам у Курапатах сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ (дарэчы, партыя не падпісала распрацаваную ініцыятывай канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў) працягваюць на талоках усталёўваць уздоўж прасекі крыжы для стварэньня народнага мэмарыялу.

(Карэспандэнтка: ) “Некалькі месяцаў на паседжаньнях грамадзкай ініцыятывы амяркоўваліся пытаньні мэмарыялізацыі, у тым ліку й тое, як будзе выглядаць прасека, гэтак званая Алея Смутку. Цяпер аказалася, што ўздоўж яе ўжо стаяць шэрагі крыжоў. Якім чынам гэтая кампазыцыя спалучаецца з распрацаванай канцэпцыяй мэмарыялу?”

(Трыгубовіч: ) "Мы ўвесь час зыходзілі з таго, што ў Курапатах пахаваныя хрысьціяне, мусульмане, юдэі й атэісты. Гаворка ў мэмарыяльным пляне ідзе пра тое, каб ушанаваць памяць менавіта ахвяраў палітычных рэпрэсій. І тут трэба знайсьці нейкі адэкватны мастацкі вобраз. На сёньняшні дзень ніхто з нас ня можа сказаць канкрэтна, як гэты вобраз павінен выглядаць. Але пэўная частка людзей ужо для сябе рашэньне прыняла — яны дружна засяляюць Курапаты крыжамі, і такім чынам як бы манапалізуюць права хрысьціянаў на гэтую тэрыторыю".

Валянціна Трыгубовіч адзначае пэўныя адмоўныя моманты гэтага для грамадзкай супольнасьці:

(Трыгубовіч: ) "Як мы не спрабуем завязаць кантакты зь юдэйскай, мусульманскай абшчынай, яны не далучаюцца да гэтай справы, менавіта праз гэтую агрэсіўную такую хрысьціянскую забудову. Патрэбны далейшы дыялёг. Я не лічу, што тое, што робіцца цяпер у Курапатах, ёсьць найлепшым выйсьцем. Патрэбныя спачатку нейкія дамовы, перамовы, а потым дзеяньні. Вось устаноўка крыжоў уздоўж прасекі без абмеркаваньня, без узгадненьня з грамадзкасьцю, так бы мовіць, явачным парадкам, гэта таксама праява вось гэтага таталітарызму".

Я нагадваю Валянціне Трыгубовіч вынікі нядаўняга апытаньня сярод наведнікаў Інтэрнэт-сайту Радыё Свабода, у якім на пытаньне "Ці будзе пабудаваны ў Курапатах ў часе прэзыдэнтцва Лукашэнкі мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсій?", 84% наведнікаў адказалі адмоўна. Можа, сапраўды, час практычнай рэалізацыі канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў яшчэ не настаў? Валянціна Трыгубовіч схіляецца да пакрокавых дзеяньняў у мэмарыялізацыі Курапатаў.

(Трыгубовіч: ) “Канцэпцыя гатовая, яна накіраваная ў Савет міністраў. Мы чакаем кроку зь іх боку. У свой час грамадзкасьць накіравала шэраг лістоў у пракуратуру, і мы атрымалі адказы. Нішто не праходзіць бясьследна. Зьвярну вашую ўвагу нават на выступ Лукашэнкі перад парлямэнтарамі. Ён сказаў: "Там пахаваныя людзі". Ня ворагі народу. Гэта значыць, што нават зь яго боку ўжо зроблены нейкі крок наперад. Каб не было гэтага змаганьня за Курапаты, каб не стаялі там маладыя валанцёры, каб ня стукаліся нашыя актывісты ва ўсе чыноўніцкія дзьверы, нават гэтага мы б сёньня ня чулі".

Але ж, галоўнае, паводле Валянціны Трыгубовіч, каб справа мэмарыялізацыі Курапатаў была даведзеная да лягічнага завяршэньня.

(Трыгубовіч) “Калі справа не даведзеная да канца, яна вяртаецца, і кожны раз абрастае нейкімі праблемамі, крыўдамі, і рабіць яе цяжэй. Таму для сябе й іншых хочацца паставіць такое пытаньне. Калі што-небудзь пачынаеш, трэба даводзіць гэта да лягічнага завяршэньня. На вялікі жаль, мы яшчэ гэтага ня ўмеем рабіць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG