Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНУЛАЕ НАЧЫ Ў КУРАПАТАХ ЗНОЎ ЗЬЯВІЛІСЯ НЕВЯДОМЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ад самай раніцы на курапацкім участку дарогі працаваў бульдозэр, які рабіў канчатковы дарожны насып. Крыжы, што стаялі пад гэтым насыпам, валанцёры выкапалі, каб паставіць іх у іншым месцы ўрочышча. Дарожныя рабочыя гавораць, што зробяць насып хутка й ахайна, не пашкодзіўшы іншых крыжоў, бо атрымалі ад начальства такі загад.

У лягеры зараз стаяць два маленькіх намёты, валанцёры маюць цёплыя коўдры ды спальны мех. Але бальшыня абаронцаў ня сьпіць усю ноч — грэюцца каля вогнішча й вартуюць лягер. Пасьля нядаўняга падпалу намёту валанцёры не дазваляюць сабе расслабіцца ні на хвіліну. Сёньняшняй начы ў Курапатах знаходзіліся 4 валанцёры: Яўген Скочка, Ірына Вяткіна, Васіль Парфянкоў і Сяргей Мацкойць.

Учора ў Курапаты нечакана прыехала вялікая дэлегацыя польскіх турыстаў. Распавядае Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) "Была дэлегацыя польскіх турыстаў, яны езьдзілі ў Хатынь, і сюды заехалі. Іх жанчына прывезла, дык казала, што такія экскурсіі будуць сюды заяжджаць кожны тыдзень. Тут такая сымбалічная скрыня на лекаваньне Алеся Поклада, грошаў трохі туды накідалі".

(Карэспандэнт: ) "Што казалі палякі, і як увогуле ацэньвалі гэтую сытуацыю?"

(Парфянкоў: ) "Яны былі вельмі абураныя тым, што тут робіцца. Казалі, што нельга тут будаваць дарогу".

Турысты паставілі зьнічы каля крыжоў, сярод якіх ёсьць і польскі.

А сёньня ўначы каля гэтых крыжоў зьявіліся невядомыя. Распавядае Сяргей Мацкойць:

(Мацкойць: ) "Сёньня, недзе а 4-ай гадзіне, мы зь Яўгенам заўважылі, што загарэліся зьнічы. Я пайшоў паглядзець. Не дайшоўшы да польскага крыжа мэтраў 70-80, я заўважыў постаць, якая хуткім крокам спрабавала сысьці. Калі я крыкнуў: "Хто ў лесе?" — я пачуў крокі яшчэ аднаго чалавека. Я зразумеў, што гэта былі добра падрыхтаваныя людзі ў камуфляжнай вопратцы, бо іх амаль не было відаць. На пяску каля польскага крыжа й на дарозе засталіся адбіткі вайсковых ботаў з надпісам "Otika".

Іншыя валанцёры таксама лічаць, што хутчэй за ўсё такім чынам беларускія спэцслужбы выпрабоўваюць іхныя нэрвы. Бо навошта было б хавацца людзям, якія нічога не зрабілі, а проста запалілі зьнічы на магілах?

Сёньня раніцай абаронцы зьбіралі ў лесе дровы для вогішча на наступную ноч. Старшы ў лягеры, намесьнік старшыні Маладога Фронту Яўген Скочка знайшоў вырытыя з магілаў чалавечыя косткі. Гаворыць Яўген Скочка:

(Скочка: ) "Гэтыя косткі, проста фрагмэнт тазу чалавека... бярцовая костка, ключыца, два пазванкі, рэбры. Яшчэ ёсьць фрагмэнты костак, ня можам разабрацца якія. Яны валяюцца па паверхні. Бачна, што людзі, якія ходзяць на талокі, добраўпарадкоўваюць, ня ведаю, ці яны знаходзяць, але ў сьмецьці нябачна костак. Калі знаходзяць косткі, то іх проста трэба зносіць у лягер".

Валанцёры лічаць, што ўсе курапацкія магілы павінны быць умацаваныя, а знойдзеныя косткі — урачыста перазахаваныя.

І напрыканцы апошнія зьвесткі пра стан здароўя валанцёра Алеся Поклада, які пацярпеў пасьля падпалу намёту. Як паведаміў загадчык апёкавага цэнтру менскага шпіталю хуткай дапамогі Ўладзімер Дарафеенка, стан здароўя сп. Поклада сярэдняй цяжкасьці, і, магчыма, заўтра ён будзе пераведзены з рэанімацыі ў звычайную палату. Лекары не выключаюць, што неўзабаве Алесю спатрэбіцца пераліваньне крыві, але гавораць, што пакуль няма патрэбы ў донарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG