Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэты Налібоцкай самагонкі


Севярын Квяткоўскі, Валожынскі раён

За эпіграф я ўзяў чатырохрадкоўе івянецкага паэта Івана Вальчэўскага:

“Праз пушчу еду бальшаком
Дымок над дрэвамі ўзьняўся,
Запахла брагай, першаком –
Валожынскі раён пачаўся.”

Калі ехаць зь Менску, то ў Налібоцкую пушчу патрапляеш праз Валожынскі раён. Сам славуты лясны масіў ахоплівае апрача Валожынскага, Стаўбцоўскі, Карэліцкі, Наваградзкі ды Іўеўскі раёны. Канкрэтнае месца дасьледваньня, а таксама імёны галоўных герояў рэпартажу мы называць ня будзем. А па-просту скіруемся ў адзін з куткоў Налібоцкае пушчы:

(Карэспандэнт: ) “Добрае надвор’е, побач адзін з хутароў Налібоцкае пушчы, неабсяжнай, поўнай таямніц і загадак. Адна з таямніцаў месьціцца ў колькіх кілямэтрах ад хутару. Гэта прыватны бровар, альбо, як кажуць мясцовыя на польскі манэр, – “гужэльня”. Туды можна прайсьці толькі ў гумовых ботах, бо скрозь вакол балаты. Навыгляд гужэльня – звычайныя карчы, завал са старых дрэваў. Недасьведчаны чалавек прайшоў бы міма, і нават не зьвярнуў увагі”.

Мае праваднікі – спадар Віктар ды гаспадар бровару, альбо, па сучаснаму - апарату, спадар Казімір. Яшчэ у Налібоцкім рэгіёне распаўсюджанае польскае слова, якое на розныя лады вымаўляюць, яу гожэльня, гужэльня, альбо гажэльня. Моцна п'е – значыць "гужуе".

Мы знаходзімся на вялікай паляне, мэтраў дваццаць даўжынёй, пяць –шырынёй. Вогнішча месьціцца проста над крынічным ручаём. Якасьць вады – ці не самы галоўны чыньнік вытворчасьці гарэлкі.

Сам апарат пакуль схаваны ад чужога вока: кацёл, гончык (альбо бражнік), а таксама халадзільнік. Гэта вялікая бочка, куды заліваецца халодная вада, і зьмяшчаецца зьмеявік. Зрэшты, першы этап – паставіць брагу. Тут, у Налібоцкай пушчы, перавагу аддаюць жытнёўцы. Пасьля ўсіх неабходных працэдураў з мукой, дражджамі ды цукрам робім наступнае:

(Гук боўтаньня і вады, што наліваюць)

(Віктар: ) “Даліў халоднай вадой й разьвёў да патрэбнай густаны й тэмпэратуры”.

Цяпер брага ходзіць – так тут завуць працэс бражэньня. Брага мусіць стаяць тыдзень. А пакуль – крыху гісторыі.

***

На думку 78-гадовага Станіслава Бадака зь вёскі Камень у былыя дзесяцігодзьдзі, асабліва пры польскае ўладзе, у Заходняй Беларусі пілі значна менш:

(Бадак: ) “Цяпер больш п’юць. Цяпер так п’е народ! Упярод жэншчыны не пілі, а цяпер жэншчыны п’юць. І маладыя й старыя п’юць. А ў мужчын, і гаварыць няма, толькі пра гарэлку й гавораць”.

Станіслаў Бадак прыгадвае, што польская паліцыя ставілася вельмі сур'ёзна да барацьбы з самагонам. Таму ціснулі самагонку толькі ў глушэчы, у гушчары. Зрэшты, да прыходу саветаў Налібоцкая пушча была больш заселеная, чым цяпер. Бо людзі жылі асобнымі хутарамі. Селянін моцна трымаецца традыцыяў, а якое беларускае сьвята без традыцыйнага напою? Сяляне знаходзілі выйсьце:

(Бадак:) "Паліцыя тады ўжо шукае, ідзе. Ужо як застол сядаюць, дык адзін дзяжурыць з гэтае сям'і на двары. Толькі паліцыя зьявіцца, дык хаваюць самагонку. А пару пляшак купляюць дзяржаўнай".

Адным зь дзейсных сродкаў супрацьстаяньня вырабу самаробнай гарэлкі для польскай улады была інстытуцыя канфідэнтаў. Так звалі людзей, якія адмыслова вышуквалі парушальнікаў закону. Зрэшты, любы грамадзянін мог атрымаць прэмію. Працягвае Станіслаў Бадак:

(Бадак: ) “Ім плацілі. Калі апарат здадуць – 50 злотых прэміі за гэта. 50 злотых каштавала 20 пудоў збожжа. Карова каштавала якіх 70 злотых, гэта вялікія грошы былі!”

***

Сучасныя вяскоўцы Налібоцкае пушчы рэдка здаюць сваіх. Зрэшты, улады маюць свае мэтады. Распавядае гаспадар бровара спадар Казімір:

(Казімір:) “Спаў я, прачнуўся, гляджу – міліцыя па шкаўчыках лазіць, пад ложкам, па гары, усюды. Выцягнулі водку – пратакол. Пайшлі па суседку. Тая ў плач – не пайшла. Усё роўна запісалі яе ў панятыя, і забралі”.

Вось так, бяз санкцыі пракурора, бязь сьведак. А што дакажа адзінокі жыхар закінутага хутару? Зрэшты, і вялікай боязі да міліцыянтаў, якія самі спажываюць самагонку, у пушчанскіх жыхароў няма:

(Казімір: ) “Зноў прыязджае міліцыя: “Водка ёсьць?” – “Ёсьць”. – “Дзе?” Гавару: “Міліцыя мяне ўжо навучыла, дзе хаваць, ня знойдзеш”. “Апарат ёсьць?” – “Ёсьць”, – гавару. “Дзе?” – “У лесе”. – “Давай пратакол напішам”. – “Я ўжо раз штраф заплаціў, ідзі шукай”. Ну, пакінулі, другі раз не чапалі”.

***

Але вернемся на паляну, дзе стаіць наш бровар. Мінуў тыдзень. Надышоў час асноўнае працы. Працэс усім вядомы. Вада з катла дае пару ў гончык, куды заліваецца брага.

(Гук "рэактару")

Працэс, які вы толькі што пачулі ў народзе жартам завуць "рэактар". У гончык пачала паступаць пара. Пара ў гончыку ізноў ператвараецца ў ваду, затое выціскае з брагі сьпірт, які ў сваю чаргу ператвараецца ў пару. Сьпірт ідзе пра зьмеявік, і зноў ператвараецца ў вадкасьць:

(Карэспандэнт: ) “І вось нарэшце першы прадукт. Гэта яшчэ не кандыцыйная гарэлка, гэта пяршак, поўны сівушных масел. Неўзабаве будзе другое цісьненьне, другая прагонка. Тады ўжо атрымаецца славутая Налібоцкая самагонка”.

На смакавыя ды іншыя чыньнікі ўплывае кожная драбяза. Тлумачыць экспэрт Валерыя Кліцунова:

(Валерыя: ) “Можна ёю займацца бясконца. Гэтыя вугалькі бярозавыя кідаць, некаторыя настойваюць на зёлках… Мяжы дасканаласьці няма. Можна рабіць розных мацункаў. Хтосьці любіць 70, 60… Але наагул да 50 яна мусіць ісьці, яну крыху крапчэйшая за гарэлку ідзе ў народзе, бо вельмі мяккая”.

Валерыя Кліцунова – дырэктарка турыстычнай фірмы "Дудуткі-тур". У вядомым маёнтку Дудуткі, што ў Пухавіцкім раёне, сярод экспанатаў музэю старадаўняга побыту ёсьць экспазыцыя самагонных апаратаў. Там жа ж для турыстаў вырабляюць гарэлку – толькі пакаштаваць. Спадарыня Кліцунова аб'ехала палову Беларусі ў адмысловых экспэдыцыях, каб вывучыць рэгіянальныя асаблівасьці вытворчасьці гарэлкі. У адзін шэраг зь легендарнай Старадароскай Валерыя Кліцунова ставіць Налібоцкую самагонку.

***

Выраб самагонкі часьцяком суправаджаецца кур'ёзамі. Мой праваднік Віктар распавядае пра лясьнічага, які дзяжурыў на вежы, і пільнаваў, калі раптам узьнікне пажар:

(Віктар: ) “Бачыць, у адным з раёнаў лесу павярнуў чорны дым. Ён паведамляе, што бачыць пажар. Ну, лесьнікі зьбіраюцца, і едуць у той раён. Прыязджаюць, а там ягоная жонка гоніць самагонку”. (сьмяецца)

Але ж, бываюць здарэньні ня надта вясёлыя:

(Віктар: ) “Пасьвіўся скот па пушчы. Былі выпадкі, калі скаціна магла напіцца брагі нявыгнанай, і здохнуць”.

Брага вабіць жывёлаў. Віктар распавядае, што аднойчы яму давялося ратавацца ад вывадка дзікоў, якія прыйшлі паласавацца салодкай брагай.

***

Вось і канец працы. З халадзільніка ў бідон бяжыць чысты, перагнаны другі раз натур-прадукт. Спачатку моцны – 70 градусаў. А з кожнай хвілінай усё меншай крэпасьці. Цяпер работнікам застаецца прысесьці за адмыслова зроблены столік, ды ўзнагародзіць сябе за цяжкую фізычную працу:

(Карэспандэнт: ) “Набіраем прадукцыю ў імправізаваную конаўку, зробленую са старой бляшанкі. Ну, за ўдачу!”

Напрыканцы варта дадаць, што налібоцкія жыхары, гэтак, як беларусы зь іншых рэгіёнаў ціснуць самагонку ня толькі для сябе, але на продаж. Для адных – гэта даніна традыцыі, для многіх – сродак выкараскацца з калгаснага жабрацтва, а для пэўнай часткі – вялікі бізнэс. Распавядаюць пра вялікія бровары, дзе за раз вырабляюць да ста літраў гарэлкі. Для працы ў лесе вярбуюць нават бамжоў з гарадоў. Віктар кажа пра маштабы продажу ў Налібоцкім рэгіёне на прыкладзе адной сярэднага памеру вёскі:

(Віктар: ) “Вось толькі ў адным канцы гэтай вёскі разыходзіцца бідон самагонкі за суткі, гэта 40 літраў”.

Паэт і настаўнік зь Івянца Іван Вальчэўскі ня супраць самагону як такога, але супраць продажу:

(Вальчэўскі: )
“У касьцёле схіліўся Сямён, перад вобразам сьветлым Ісуса
Надта многа грахоў мае ён – у палоне трымала спакуса
Піў запоем трынаццаць гадоў, а цяпер сам гарэлкай гандлюе
Дзень стаяць у касьцёле гатоў, можа, Бог яго голас пачуе”.

Спадар Вальчэўскі наступным чынам тлумачыць сваю пазыцыю:

(Вальчэўскі:) “Самі людзі, нават тыя, хто ўжывае, менавіта ненавідзяць тых, хто прадае. І як правіла, на гэтым горы нажываецца”.

Апошняе слова мы вырашылі даць экспэрту – Валерыі Кліцуновай. Дырэктарка "Дудуткі-тур" бачыць выйсьце з сытуацыі ў легалізацыі і стандартызацыі самагону:

(Валерыя: ) “Я лічу, што гэта трэба легалізоўваць і рэгуляваць. Бо прадукт варты. Ён не патрапляе ані пад адзін з існых напояў, таму што ў ім ёсьць масла. Ён ні каньняк, ні брэндзі, і не гарэлка. Таму трэба зацьвярджаць нармальны дзяржаўны стандарт, як я бачыла ў Галяндыі. Даваць ліцэнзію людзям, каб яны цалкам адказвалі за якасьць вырабленага прадукту”.

Пра якасьць прадукту, атрыманага пры падрыхтоўцы рэпартажу магу сказаць, што Налібоцкая атрымала самыя высокія ацэнкі многіх гурманаў з розных краінаў Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG