Перад мінулымі выбарамі калега наракаў на сваё становішча. Маўляў, жывеш, нібы ў пачакальні. Хутчэй бы ўсё гэта скончылася - зь любым вынікам, але каб час нарэшце зрушыў зь мёртвае кропкі. Трэба ж нешта думаць, трэба тварыць, а тут як усё адно па сьцяне водзіш рукамі. І вось усё мінулася. Для інтэлектуала адкрылася стаерская дыстанцыя. Сапраўды, запас часу, які наперадзе, уяўляецца найвялікшай каштоўнасьцю. Дарма што навокал усё засталося па-ранейшаму. Галоўнае - ты сам адчуў сябе вызваленым ад марных спадзеваў на чароўную зьмену навакольніга сьвету. І ўвесь гэты час, гэты прасьцяг, гэты вялікі этап - твой. Калега сказаў мне, што ў яго зьявіліся пляны. Замест дэмакратычнага прэзыдэнта ў тэлевізары беларускі інтэлектуал атрымаў унутраную свабоду і фантастычныя пляны. Да прыкладу, самы час напісаць кнігу - гісторыю беларускага мастацтва мінулага стагодзьдзя! Які галоўны матыў і галоўны сюжэт? Пра гэта я запытаўся ў мастацтваўзнаўцы Сяргея Харэўскага. Ён пачаў свой расповед з гісторыі пытаньня.
(Сяргей Харэўскі: ) "Цягам чалавечае гісторыі сюжэты, галоўныя сюжэты ў мастацтве людзкім, несупынна мяняліся. Ня праўда, калі паслугоўваючыся трывіяльным клішэ, кажуць, што вось маўляў адвечыня сюжэты – каханьне, змаганьне, сьмерць. Хаця бы дзеля таго, што сьмерць тая ўспрымаецца й ўспрымалася рознымі пакаленьнямі і ў розных культурах па-рознаму. Для адных – гэта рэінкарнацыя, то бок перасяляньне душаў, а для іншых – жыцьцё вечнае. Вось тутака й ёсьць першая падказка – мастацтва рухалася найперш ад рэлігійных сюжэтаў. І хто б ні пераконваў, што шэдэўральныя экспрэсіўныя росьпісы ў пячорах Мадлен ці Ласко – ёсьць пачатак рэалізму, гэта ня так.
Усё мастацтва ад Эўропы да Аўстраліі было напачатку спосабам зьмяненьня сьвету, уплыву на людзкую будучыню. Пасьля пачаліся зьмены. З кожным новым пакаленьнем нараджаліся мастакі, якія хацелі папросту зафіксаваць хуткабежную плынь свайго часу. Як бы нам сёньня тое ні падавася дзіўным, але першымі працярэбілі шлях да сьвецкага, па-зарэлігійнага мастацтва, творцы мусульманскіх краёў: Эгіпту, Ірану, Аўганістану. Менавіта ў тым рэгіёне ад 10-га стагодзьдзя пачало буяць мастацтва мініятураў, што насуперак канонам ісламу выяўляла жывых істотаў – людзей ды жывёлаў ва ўсіх барвах іхных узаемадачыненьняў.
Нерэлігійнае мастацтва ў Эўропе пачало паўставаць толькі ў часы Рэнэсансу, на сумежжы 14-га й 15-га стагодзьдзяў. Колькасьць сюжэтаў расла разам з новымі ўражаньнямі ад адкрыцьцяў. Прарыў сапраўдны адбыўся зусім нядаўна, у часы барока. Піянэрамі гэтым разам былі галяндцы, якія на сумежжы 16-га й 17-га стагодзьдзяў панаўтваралі цэлыя плоймы новых сюжэтаў і жанраў – нацюрморты, марскі й гараздкі краявіды, фальклёрныя й гістарычныя матывы. У Расеі ж, напрыклад, сьвецкае мастацтва зьяўляецца толькі ў 18 стагодзьдзі. У Беларусі ўсё ішло як ва ўсіх эўрапейцаў.
Заходняе мастацтва прывандравала, нарэшце, перабраўшы ўсе да рэшты тэмы, да адсутнасьці сюжэту, дзякуючы Дзюшану з Мандрыянам. Беларусь жа, дзякуючы Малевічу, толькі ступіўшы на гэтую сьцяжыну, пачала ў мастацтве рух у дакладна адваротным накірунку. Ад малевіцкага супрэматызму да фантазіяў Шагала, затым праз экспрэсіянізм і сэзанізм да нацыянальнага рамантызму, што вымагаў усё большага праўдападабенства да натуры, і, нарэшце да сацыялістычнага рэалізму... Ад "Чорнага квадрата" Малевіча праз "Лічбы на сэрцы" Савіцкага й да "Краявіду Лунінца, пачатку ХХ стагодзьдзя" Скрыпнічэнкі, напісанага, дарэчы, у 1986-м годзе... Нарэшце, на мяжы другога й трэцяга тысячагодзьдзяў, у Беларусь вярнулася й рэлігійнае мастацтва.
Назіраючы за гэтым, блізу кінематаграфічным, рухам супраць плыні гістарычнае прадвызначанасьці мастацтва, я дзіўлюся вяртаньню сюжэтаў, што даўно ўжо не вярэдзяць пачуцьці заходніх мастакоў... Пакуль Эндзі Ўорхал пад трафарэт маляваў этыкеткі таматнага супу "Кэмпбэлз", беларускія мастакі малявалі новабудоўлі Менску ды Наваполацку са шчасьлівымі рабочымі".
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі кажа пра адваротную эвалюцыю беларускага мастацтва ў ХХ ст. А мне прыгадаўся колішні верш Алеся Разанава. Ліхаманкавыя спэцкасьцюмы, адваротная эвалюцыя, і няўмольныя хвілі да тэрміну. Напісана ў пачатку васьмідзясятых і тады ж зразуметае як неверагодны авангард. Але мінае час і адваротная эвалюцыя робіцца зусім рэалістычна зразумелай. Прынамсі у беларускім мастацтве.
Аднак спынім гістарычны экскурс і вернемся да пытаньня пра сюжэт - пра галоўны сюжэт беларускага мастацтва ў мінулым стагодзьдзі. Сяргей Харэўскі працягвае:
(С.Харэўскі: ) "Вяртаньне да сюжэту, як да апавядальнай канкрэтызаванай манеры, ня рэдкасьць у мінулым, ХХ стагодзьдзі, але гэта ўсё ж выключэньне.... Цяпер беларускае мастацтва мінулага стагодзьдзя ўяўляе сабою велізарнае пярэстае палатно, якога б хапіла на цэлую цывілізацыю. Вобразы Хрыста, Каліноўскага, Леніна, Хо Шы Міна, калгасьнікаў і партызанаў, анёлаў і паэтаў, квадратаў і крыжоў... Якія ж сюжэты цягам мінулага стагодзьдзя абіралі найчасьцей беларускія мастакі?
Пра будоўлі я ўжо сказаў. Гэты сюжэт набыў асаблівую актуальнасьць пасьля апошняе вайны й не сыходзіў з палотнаў беларускіх мастакоў ажно да сярэдзіны 80-х гадоў. Палотны на будаўнічую тэму маглі б скласьці цэлую галерэю. Ад "Бітумшчыкаў" Казака да "Горадабудаўнікоў" Казакевіча. Напрыклад, быў і такі шэдэўр, як "Новая хата" Сеўрука альбо твор Шаўчэнкі "Горад аднаўляецца", які ўспрымаецца сёньня амаль як шарж...
Нямала было нароблена й на матывы партызаншчыны. Пры тым гэтая тэма знайшла сваё найбольш яскравае ўвасабленьне не адразу па вайне, а шмат пазьней, напрыканцы 60-х, разам з хваляю рамантызацыі партызанскае Беларусі. Гэта тады былі створаныя Савіцкім, Данцыгам, Грамыкам ды іншымі яскравыя вобразы, што трывала ўвайшлі ў беларускую культуру, стаўшы неад'емнай часткаю вобразу савецкае Беларусі.
Нешта было створана на сюжэты нацыянальнае гісторыі, нешта пра працоўныя будні. Немалую стварылі беларускія мастакі й "ленініяну". На дзіва, даробак беларускіх жывапісцаў у жанры нацюрморту вельмі сьціплы, хоць і ёсьць там і мокры бэз і сухое гальлё ў снарадзе побач зь недапалкамі. З усяго гэтага не вынікае аднак цэласнага й праўдзівага вобразу краіны. У адных сюжэтах – празьмерная савецкая патэтыка, у іншых – этнаграфічная анэмічнасьць. Якія ж сюжэты ў беларускім мастацтве найбольш поўна перадалі нацыянальную сутнасьць, як некалі пабытовыя сцэнкі й нацюрморты 17 стагодзьдзя распавялі сьвету пра маладую Галяндыю? З гэткім пытаньнем я зьвярнуўся да чалавека, які назірае беларускае мастацтва збоку, але добра яго ведае. Гэта дырэктар Польскай галерэі ў Вільні, паэт і крытык, Рамуальд Мячкоўскі. Менавіта ў ягонай галерэі за апошнія дзесяць гадоў прайшлі дзясяткі выставаў нашых аўтараў".
(Рамуальд Мячкоўскі: ) "Беларускія мастакі маюць добрую падрыхтоўку. Іх вылучае зьвязваньне традыцыяў з сёньняшнім днём. Яны навучаныя лёгка працаваць адкрытымі шчыльнымі танамі. Пры тым яны вельмі далікатна прыўносяць матывы цяперашніх дзён. Як гэта робіць, скажам, Аляксандар Поклад, які жыве тут, у Вільні. Калі гаварыць пра астатніх беларускіх віленскіх мастакоў, якіх ведаю, напрыклад Сяргей Поклад, Алег Аблажэй, ці Ўладзімер Голуб... ва ўсіх ёсьць нейкі такі рамантычны лад у іхным мастацтве. Гэта вельмі цёплае мастацтва. Вельмі чалавечнае. Іх вылучае любоў да прыроды. У іх культ прыроды! Часта можна ў іх бачыць краявіды іх родных мясьцінаў. Гэта каштоўная традыцыя. Бо ў іншых краінах гэты жанар зьнікае. Краявід у клясычным сэнсе. Тое самае можна сказаць і пра партрэт. Беларускія мастакі ствараюць выдатныя патрэты як на наш час. Беларусаў вызначае повязь сучасных формаў з традыцыяй. Ня ўцёкі бяздумныя ў экспэрымэнты".
(С.Харэўскі: ) "Пачуўшы гэткія ўхвалы ад чалавека староньняга, і насамрэч пачынаеш пільней ўглядацца ў айчыннае мастацтва. Можа нешта самае істотнае выпадае з нашага зроку, калі мы знаходзімся ў сярэдзіне творчага працэсу, становячыся сьведкамі нараджэньня мастацкіх твораў? Я вырашыў працягнуць гэтую гутарку з Алесем Аркушам, які і ёсьць тым самым непасрэдным сьведкам..."
(Алесь Аркуш: ) "Не аднойчы чуў, як мастаку задаюць пытаньне: "А што гэта ў вас намалявана на карціне?" Прынамсі, мая жонка, габэленшчыца Тацяна Козік, з гэткімі пытаньнямі сутыкаецца ці не штотыдня. Цярпліва апавядае-тлумачыць, нярэдка зусім не пра тое, што думалася напачатку. Бо ня кожны зразумее тыя мастакоўскоўскія асацыяцыі. Таму ейныя тлумачэньні, часам, гучаць досыць прымітыўна: маўляў, гэта пэйзаж, угледзьціся ўважліва: бачыце - лес, рака, неба, аблокі. Або - гэта такія птушкі: во крылы, дзюбы, цельцы. А тыя птушкі, насамрэч зусім і ня птушкі, а візуальныя мэтафары нейкіх зьяваў або ўспамінаў, або вобразы блізкіх мастачцы людзей.Увогуле, лічу добрым знакам, што ў Беларусі пачалі паўставаць такія пытаньні. Гадоў 20-30 таму тлумачыць намаляванае свайму гледачу выпадала вельмі рэдкім мастакам. Карціны большасьці айчынных майстроў пэндзля ўспрымаліся адназначна: калі пэйзаж, дык клясычны краявід, калі партрэт, дык рэалістычная выява партыйнага кіраўніка, або перадавіка-рабочага, ці, у лепшым выпадку, каханай жанчыны. Гледачу на выставах заставалася толькі разважаць: падобна ці не намаляваў мастак. Але, згадзіцеся, гэта зусім іншае пытаньне.
Ад ідэалёгіі і сацыяльнасьці ў беларускім выяўленчым мастацтве за саветамі была адна аддушына – маляваньне прыроды. Клясычныя для сусьветнага мастацтва рэлігійныя тэмы ў атэістычным грамадзтве былі забароненыя, шкодным лічылася і абстрактнае мастацтва, не ўхвалялася і задужа мудронае і алегарычнае. Заставалася багоміць прыроду роднага краю, тым больш, што яна насамрэч вартая таго. Праўда, і прыроду можна маляваць па-рознаму. Можна, як Масьленікаў, а можна як Цьвірка. Але гэта ўжо праблема таленту і адукацыі.
Нядаўна аддзел выяўленчага мастацтва Полацкага гісторыка-культурнага музэя-запаведніка наладзіў шэраг выставаў са сваіх фондаў - калекцыі беларускага жывапісу пасьляваеннага пэрыяду. З жывапісу 60-70 гадоў мне спадабаліся найперш беларускія пэйзажы Цьвіркі і Басава. Гэта сапраўдныя шэдэўры, якія ні на каліва ня страцілі свае каштоўнасьці. Столькі ў іх пачуцьця, філязофскай развагі, столькі асабістага. Гледзячы на тыя пэйзажы, я думаў, што мы, беларусы, знаходзімся яшчэ недзе ў часе паганства, калі чалавек не вылучаў сябе з навакольнага сьвету. Адсюль і такія кволыя нашы экзыстэнцыйныя мастацкія практыкаваньні".
(С.Харэўскі: ) "І на думку Алеся Аркуша таксама найбольшы вымоўна пра беларускасьць сьведчыць жанар пэйзажу, то бок краявіду. Але гэта сьведчаньне не мастака, а гледача. Я задаў пытаньне Адаму Глёбусу, які й дасёньня практыкуе як мастак. Які ж галоўны сюжэт у беларускім мастацтве мінулага стагодзьдзя?"
(Адам Глёбус: ) "Краявід! Лірычны краявід складае тую аснову, на якой тчэцца ўсё астатняе. Гэта ляндшафт, асэнсаваньне ляндшафту, што йдзе праз усё нашае мастацтва. А мне асабіста, больш падабаюцца бесьсюжэтныя кампазыцыі Малевіча й Лісіцкага. Мяне як мастака яшчэ цікавіць сюжэт крыжа. Я лічу, што ён яшчэ не прайшоў у нашым мастацтве. Гэты сюжэт набывае для мяне вечнасьць. Ён ёсьць у Малевіча, ён ёсьць у Савіцкага. Крыж у краявідзе... Вось такі сюжэт".
(С.Харэўскі: ) "Адам Глёбус далучаецца да таго ж меркаваньня, што менавіта сюжэт краявіду (а ў яго краявід з крыжам) ёсьць увасабленьнем беларускасьці ў беларускім мастацтве. Дарэчы, сам Глёбус, як мастак ня піша краявідаў, бо аддае перавагу кампутарным кампазыцыям у жанры ню.
Чарговы мой субяседнік, вядомы журналіст, супрацоўнік часопісу "Мастацтва" Зьміцер Падбярэскі быў разгубіўся, пачуўшы ад мяне гэтае пытаньне - які ж сюжэт у беларускім мастацтве апошняга стагодзьдзя ёсьць самым характэрыстычным. Але неўзабаве знайшоўся і паўтарыў амаль тое, што казалі мне ўсе..."
(Зьміцер Падбярэскі: ) "Для беларускага мастацтва найбольш характэрны краявід. У гэтым стагодзьдзі. Пры тым рэалістычны краявід. Ня гледзячы на ўсе модныя плыні".
(С.Харэўскі: ) "Зьміцер Падбярэзкі распавёў мне і пра свае сымпатыі ў беларускім мастацтве. Ён, як высьвятляецца, любіць фантастыку Язэпа Драздовіча, прафэсыйнае штукарства Кожуха й Сітніцы. А таксама ён згадаў палатно Міколы Селяшчука "Канец сэзону туманоў". Цікавая акалічнасьць – амаль усе мае субяседнікі згадалі гэты твор: маладая жанчына йдзе тумановым полем шарай гадзінаю. Пра Селяшчука, як стваральніка партрэту ідэальнае Беларусі сказаў і наступны мой субяседнік, вядомы беларускі мастак і мастацтвазнаўца, прарэктар Беларускай Акадэміі Мастацтваў Міхал Баразна. На маё запытаньне, які сюжэт ёсьць галоўным у найноўшым беларускім мастацтве, ён адказаў:"
(Міхал Баразна: ) "Краявід! Зьвярніся да твораў Цьвіркі 60-х гадоў... Гэта пытаньне ня столькі да мастацтвазнаўцаў ці музэйных работнікаў, а да тых людзей, якія займаюцца псыхалёгіяй зрокавага ўспрыманьня і стэрэатыпамі ў гэтай сфэры. Грамадзтва жыве гэтымі стэрэатыпамі. І беларускае мастацтва стварае гэтыя стэрэатыпы. А прафэсіяналы пачынаюць гэтыя стэрэатыпы распаўсюджваць. Ну і як бы там не было з ідэалягізацыяй, краявід, тое, што сабой ўяўляе Беларусь, гэта застаецца галоўным. І тэмаю і сюжэтам і задачай. Таму для мяне ў памяці ўзнаўляюцца краявіды Цьвіркі, Бялыніцкага-Бірулі, Гараўскі. Краявіды Селешчука з адрэстаўраванымі помнікамі беларускае архітэктуры - з Магілёўскай ратушай, Мірскім і Нясьвіскім замкамі. Гэтыя дэталі фармуюць стэрэатып Беларусі як казачнай і фантастычнай і рамантычнай краіны. Гэта і ёсьць партрэт Беларусі. Ня дзядзька з касой, сярпом, на трактары, а менавіта гэтае неба й гэтая зямля".
(С.Харэўскі: ) "Што ж, ідэя стварэньня партрэту краіны, казачнага хараства й праўда выглядае вельмі прывабнаю. Нашыя пэйзажысты насамрэч зьбераглі ў сваіх творах нешта самае істотнае, па-зачасавае, не-савецкае, беларускае. Як сказаў мой першы субяседнік, спадар Рамуальд Мячкоўскі – роднае. Але пэйзаж, што, дарэчы, стагодзьдзямі ўважаўся за "нізкі", то бок просты жанар, ёсьць жанрам пасыўным. У вельмі рэдкіх творах, таго ж Селешчука, Цьвіркі альбо Харашэвіча, Асядоўскага альбо Сумарава, краявід становіцца чымсьці большым, чым дэкаратыўнае пано, набрыньвае нейкімі дадатковымі, большымі матывамі, чым фіксацыя асобна ўзятага фрагмэнту роднае зямлі".
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі мае рацыю - краявід пры ўсёй яго роднасьці і беларускасьці - гэта больш фіксацыя, чым ідэя або стымул. У краявідзе няма экспансіянісцкага пачатку, без чаго мы ня можам заваёўваць ці засвойваць уласную зямлю, спадчыну і нацыю і без чаго нацыя ня можа стаць сьведамай і прасякнуцца сваёй роляю, сваёй традыцыяй і культурай. Што рабіць?
Паспрабуем усё ж зірнуць на рэчы па-іншаму. Краявід, нават сонечны, - гэта ўсё ж мінорны сюжэт. Я папрасіў Сяргея Харэўскага, нягледзячы на відавочную адваротную эвалюцыю, нягледзячы на такую згодную думку нашых экспэртаў, знайсьці ў беларускім мастацтве мінулага стагодзьдзя яшчэ адзін сюжэт - мажорны.
(С.Харэўскі: ) "Але ў беларускім мастацтве ёсьць і быў цягам усяго мінулага стагодзьдзя яшчэ адзін сюжэт, які выламаўся з кантэксту савецкасьці й стаў насамрэч нацыянальным. Гэта сюжэт ураджаю. Жніво, зьбіраньне пладоў было вельмі распаўсюжанай тэмаю яшчэ перад вайною. Як на Захадзе Беларусі, гэтак і на Ўсходзе. Палотны й графічныя аркушы на гэты матыў стваралі ці ня ўсе мастакі ад Філіповіча й Астаповіча да Рушчыца й Гаўрука. А эпічная карціна Міхася Сеўрука "Жніво" наогул успрымаецца як квінтэсэнцыя беларушчыны. На ім ёсьць ці ня ўсе матывы, што вартыя адлюстраваньня: матчына ласка, бацькоўскі клопат, супольная сялянская ежа, як сымбаль эўхарыстыі, фрагмэнты краявіду. Натуральна, асабліва па вайне было створана й багата эрзацных, клішаваных рэчаў, кшталтам "Дажынак" Гоманава альбо "Жніва" Аракчэева. Але пакрысе сюжэт ураджаю выйшаў за межы сацыяльнага заказу.
Што ёсьць сымбалем урадлівасьці нашае зямлі? Натуральна, прыгадваюцца бульба, лён ды жыта. Але плады іхныя не яскравыя. Якімі фарбамі напісаць бурты бульбы ці буракоў? Хіба што пылам. Пра іх лёгка казаць, але як выявіць іхную жыцьцядайнасьць? У беларускім мастацтве сымбалем плоду стаў яблык. Той самы спрадвечны яблык з райскага саду. Той, што зьняла Ева. Зірніце на графічныя творы Алесі Пасьлядовіч ці Яўгена Бусла з амаль аднолькавым назовам "Антонаўкі" і "Час антонавак"... Здаровыя, моцныя плады самага беларускага дрэва. Сымбаль тае самае жыцьцядайнасьці. Як жаночыя грудзі. І гэты сюжэт, вынайдзены беларускімі мастакамі, шматкроць паўтораны, можа й міжволі стаўся тым самым, нашым, непаўторным... "Сад", "Яблынька", "У садзе", "Збор яблыкаў" — гэтыя ненавязьлівыя, далікатныя й шчырыя сюжэты, створаныя не дзеля паказухі, а дзеля прыватнага, так бы мовіць хатняга ўжытку, прайшлі праз усё беларускае мастацтва. Ім аддалі даніну ці ня ўсе чыста, колькі ёсьць, беларускія жывапісцы й графікі. Палатно Гаўрылы Вашчанкі "Жнівень", на якім выяўленая тая самая, Яна, жанчына са спакусьліва-сьпелым яблыкам можна назваць тым самым, самым беларускім сюжэтам... За плячыма маладое кабеты яшчэ незьлічоная колькасьць яблыкаў. Тых самых, што яшчэ падораць грэшным беларускім Адамам беларускія Евы.
Перажыўшы адваротную эвалюцыю, ад супрэматызму Малевіча й ўнізму Страмінскага да рэлігійнага рэалістычнага мастацтва Янушкевіча й Пушкіна, мастацтва нашае не забылася на той сюжэт. Яблыкі ў садзе нашым ужо дасьпелі..."
(С.Дубавец: ) Яблыкі дасьпелі. Перад беларускім інтэлектуалам адкрываецца цэлы вялізны пэрыяд тварэньня. І пачаць ён мусіць зь пераасэнсаваньня таго, які шлях прайшла наша культура ў мінулым стагодзьдзі. Тады ёй было не да таго. Сёньня - самы час. Самы час зьбіраць ураджай.