Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў: Перамогу ў нас адабралі


Прапануем з архіваў Свабоды выказваньне Васіля Быкава пра перамогу.

Гаворыць Васіль Быкаў.

“Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і ня толькі. Гэтае адбіраньне адбылося адразу пасьля перамогі. І адабраў яе вялікі кумір гэтых народаў – Сталін. Кожныя пераможцы разьлічваюць нешта здабыць у выніку перамогі, асабліва пасьля такой крывавай вайны. І гэта было правільна, заканамерна.

Але што ў выніку яны атрымалі – што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасьць і галечу, у той час як народы Эўропы, і пераможцы, і пераможаныя, скарысталіся сапраўды гэтай перамогай. У тым ліку і нашай перамогай.

З ініцыятывы ЗША быў вылучаны, як вядома, плян Маршала, які ўзьняў Эўропу з руінаў, удыхнуў жыцьцё, якому, па-сутнасьці, Эўропа абавязаная і дасюль. Але ж Сталін адмовіўся ад гэтага пляну. Ён як вайну, так і перамогу, так і пасьляваеннае аднаўленьне, узваліў на плечы – каго? Свайго народу. Тым самым зноў увергнуўшы яго ў неймаверную, шматгадовую галечу.

Больш за тое, у выніку гэтай нашай перамогі былі зьняволеныя ўсходнеэўрапейскія краіны. І наша перамога такім чынам яшчэ на паўстагодзьдзя затрымала іх натуральнае гістарычнае разьвіцьцё. З гэтага яны яшчэ да гэтага ня могуць выбрацца. Але яны робяць спробы, пры падтрымцы Эўропы, найперш ЗША. А Беларусь стаіць убаку, бо зноў жа марыць пра ракеты, апрача таго, яна ня бачыць выйсьця з той крызы, у якую трапіла”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG