Бальшыня маіх суразмоўцаў — як чыноўнікі, гэтак наведнікі, скептычна паставіліся да магчымасьці зьмяншэньня хабарніцтва. Але прычыны сумневу розныя. Вось меркаваньні шараговых наведнікаў Менаблвыканкаму:
(Селянін: ) “Як бралі, так і будуць браць. Калі б навялі дысцыпліну і парадак, а так, колькі ні давай, усё роўна гэта будзе”.
(Дзяўчына: ) “Будуць працягваць. Гэта не залежыць ад памеру заробку. Жаданьне браць хабар, браць болей, чым ты зарабляеш, у пэўным сэнсе закладзена ў нашай прыродзе, мы прызвычаіліся да гэтага. Бо цягам вялікага часу гэта не лічылася вялікім недахопам”.
(Спадар: ) “Ня зьменшыцца, бо трэба ўздымаць настолькі, колькі яны бяруць хабар. Заробак мусіць быць такім, каб чалавеку не хацелася браць хабар, каб ён цаніў сваё працоўнае месца. Калі чыноўнік атрымлівае дзьвесьце даляраў, то ня ў дзесяць, але ў тры-чатыры разы трэба падвысіць”.
А вось нетыповы адказ:
(Спадарыня: ) “Сама я ні разу не заплаціла нікому ні капейкі. Таму ўсе гэтыя размовы далёкія ад мяне”.
А цяпер меркаваньні саміх чыноўнікаў. Адзін з маіх суразмоўцаў узначальвае дзяржаўнае будаўнічае прадпрыемства. Спадар прызнаўся, што часьцяком вымушаны даваць хабар дзеля посьпеху справы:
(Кіраўнік: ) “Я сумняюся, што штосьці дапаможа. З гэтым змагацца немагчыма. Гэта паўсюль, ня толькі ў маёй сфэры. У нас у дзяржаве гэта нармальная зьява”.
А вось меркаваньне аднаго з чыноўнікаў Менаблвыканкаму вышэйшага ўзроўню:
(Чыноўнік: ) “Гэта справа кожнага чалавека. Найперш гэта маральны аспэкт. Кожны выбірае свой шлях. Калі хтосьці лічыць, што хабарніцтва — ягоны, то выбірае яго. Ён павінен ведаць, што адказнасьць абавязкова будзе”.
(Карэспандэнт: ) “Вы мо ў жыцьці сутыкаліся, ці чулі ад знаёмых пра хабарніцтва?”
(Чыноўнік: ) “Я чытаў”.
І нарэшце, меркаваньні чыноўнікаў ніжэйшага зьвяна:
(Спадарыня: ) “Ня ведаю, як усе чыноўнікі, але ніякага хабару мне ніхто ніколі не даваў. І сярод сваіх начальнікаў я ня бачыла, каб камусьці давалі хабар. Не даюць!” (Сьмяецца.)
(Спадар: ) “Самім даваць ня трэба. Калі б не давалі, дык і хабарніцтва не было бы”.
Гл. таксама
ПУЦІН ПАВЫСІЎ ЗАРОБАК САБЕ І ФЭДЭРАЛЬНЫМ ЧЫНОЎНІКАМ