Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЕНАРОДНЫ АЛЬБОМ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “11 красавіка ў канцэртнай залі “Менск” чарговы раз будзе прэзэнтаваны супольны музычны праект “Народны альбом”, які сёньня можна сьмела залічваць да найбольш яркіх, арыгінальных музычных зьяваў у гісторыі беларускай папулярнай музыкі. Ды што там казаць: падобныя праекты ў гісторыі ўсясьветнай папулярнай музыкі можна пералічыць на пальцах, тым больш што амаль усе яны мелі, так бы мовіць, разавы характар. “Народны альбом” тым часам вытрымаў ужо некалькі паказаў у Беларусі, тройчы выконваўся ў Польшчы, яго слухалі ў Францыі і ва Ўкраіне. Што да Беларусі, дык тут ён набыў сапраўдны культавы статус і распачаў магутную традыцыю, якая не заціхае і празь сем гадоў пасьля зьяўленьня гэтай праграмы.

Як стваралася праграма, што даў удзел у ёй беларускім музыкантам, чаму ня меншае інтарэс да “Народнага альбому”? Пра ўсё гэта я і гутарыў з тымі, хто ўдзельнічаў у гэтым праекце. Вось што гаворыць аўтар ідэі і тэкстаў песень Міхал Анемпадыстаў”.

(Міхал Анемпадыстаў: ) “Задумы як такой і не было спачатку. Першы тэкст, які я напісаў, быў “Настаўнік Рагойша”. Ён напісаўся вельмі-вельмі даўно. Пазьней, праз добры час, вярнуўся да гэтай тэмы. Тады ўжо і ўзьнікла задума стварыць там нейкую нізку тэкстаў і ўсё гэта спалучыць у адным альбоме”.

(Падбярэскі: ) “Пацікавіўся я ў Міхала і тым, чаму “Народны альбом” не паказваўся, прыкладам, у Расеі. Адказ быў дастаткова нечаканы”.

(Анемпадыстаў: ) “Я б задаў іншае пытаньне: чаму мы не паказалі яго ў Вільні? Ня склалася, хаця я думаю, што ў Вільні трэба абавязкова паказаць “Народны альбом”. Яго трэба паказаць і ў Горадні, у тых мясьцінах, дзе культурны кантэкст наўпрост зьвязаны з гэтай тэмай. Чаму не паказалі ў Расеі? Мы і не зьбіраліся там паказваць, у нас не было і прапановаў з Расеі, і ў нашых намерах не было, хаця я ведаю, што ў Расеі яго таксама слухаюць. Прычым слухаюць у самых нечаканых колах — напрыклад, у кампаніі расейскіх дыпляматаў слухаўся “Народны альбом” і ішоў на “ўра”, “Надзеньку” тры разы запар ставілі”.

(Падбярэскі: ) “Асаблівасьцю гэтага паказу “Народнага альбому” будзе тое, што сама дзея будзе запісвацца з тым, каб выдаць новы варыянт альбому — гэтым разам не студыйны, а канцэртны. Выданьне канцэртных запісаў у Беларусі наогул вельмі рэдкая зьява, але такі варыянт праграмы будзе істотна адрозьнівацца ад таго, да якога здаўна прызвычаіліся слухачы”.

(Анемпадыстаў: ) “Цяперашнія аранжыроўкі песень моцна розьняцца ад таго, што было запісана тады. Па-другое, сам настрой альбому, які ўжо выдадзены, ён усё ж таксама розьніцца ад таго настрою, які пануе на канцэртах. Хацелася б усё-такі нейкім чынам захаваць, перанесьці на сучасныя носьбіты тэхнічныя. Я ўжо на сваім уласным вопыце бачу, як тое, што ў свой час не было зафіксавана, яно проста зьнікае. Я вельмі спадзяюся на тое, што на гэтым канцэрце, таксама як і на іншых заўсёды было, публіка будзе ў нейкім сэнсе суўдзельнікам і суаўтарам. І гэта будзе ўжо ў такім абсалютным сэнсе супольны праект: супольнасьць музыкаў і гледачоў”.

(Падбярэскі: ) “Працягам традыцыі, закладзенай “Народным альбомам”, зрабіліся такія праграмы як “Сьвяты вечар-2000”, “Я нарадзіўся тут”, нязьдзейсьненая “Скрыпка дрыгвы”. Адзін зь вядучых удзельнікаў “Народнага альбому” Зьміцер Вайцюшкевіч глядзіць на гэтае пытаньне шырэй і пры гэтым паведамляе навіну, пра якую аматары беларускай папулярнай музыкі напэўна яшчэ ня чулі”.

(Зьміцер Вайцюшкевіч: ). “Мне здаецца, у свой час і ў нейкім пэўным месцы нараджаецца нейкая ідэя і ў беларускім выпадку гэта — шчасьце. Альбом — гэта якраз той момант, які быў падрыхтаваны ня толькі Міхалам Анемпадыставым і Лявонам Вольскім і ўсёй кампаніяй, але я думаю, што гэта было падрыхтавана ўсімі тымі адраджэнцамі, што працавалі да гэтага. Гэта пэўная традыцыя беларуская, проста на той момант якраз, калі “Народны альбом” узьнік, усё выйшла на пэўны момант.

Цяпер ідзе праца над праектам “Бывайце здаровы. Bella ciao”. Беларуска-італьянскі праект, дзе, якрамя “WZ-Orkiestra” і Вайцюшкевіча, удзельнічаюць Аляксандар Памідораў, Зьміцер Папоў, які будзе сьпяваць “Bella ciao”. Там таксама будуць вэрсіі “Б’янкі, к’яньці і марціні”, выкарыстаны запіс “Разьвітаньня з радзімай”. Гэта будзе такі прэзэнтацыйны беларуска-італьянскі дыск: і для беларускай публікі, і для італьянскай. Я лічу, што цяпер супольныя праекты трансфармаваліся ў нейкую іншую форму. Прынамсі, мая задача на супольныя музычныя праекты запрашаць як мага больш новых музыкантаў, каб беларускае музычнае кола пашыралася”.

(Падбярэскі: ) “Лявон Вольскі, аўтар музыкі большасьці песень, і сёньня не хавае ўласных пачуцьцяў што да ўдзелу ў падрыхтоўцы гэтай праграмы”.

(Лявон Вольскі: ) “Па-першае, было такое натхненьне нечаканае. А па-другое, гэта была не такая вось штурмаўшчына, а працавалася нам, здаецца, гады два. Гэта рабілася напаўпадпольна, на радыё “101.2”, начамі альбо вечарамі мы з Толем Додзем там нешта пісалі, гэтак часткамі ўсё рабілі. І такая работа была цікавая, зь цікавым натхненьнем, бо для нас гэта была работа эксклюзіўная, мы ніколі раней да гэтага не займаліся песьнямі такога кшталту. Насамрэч альбом гэты — такі выбітны сярод праектных альбомаў, якія існуюць, ён драматургічны, у ім шмат песень, якія слухаюцца на адным подыху. Мне ў прынцыпе “Народны альбом” вельмі падабаецца, і нават усе музыкі пры ўсёй сваёй мэркантыльнасьці (а каму цяпер лёгка? і гэтак далей) згодныя нават і бясплатна гэта ўсё граць”.

(Падбярэскі: ) “Сёньня нават цяжка падлічыць, у якой колькасьці асобнікаў разышоўся ў музычных крамах “Народны альбом”. Дзеля таго, каб крыху высьветліць і гэтую сытуацыю, а зазірнуў у краму “Мистерия звука”, дзе пагутарыў з прадавачкай Аленай Лукіной. Алена! “Народны альбом” — ці мае ён пастаянны попыт?”

(Лукіна: ) “Так, увесь час. Пра яго пастаянна пытаюцца, купляюць, мы яго завозім і пастаянна прадаем”.

(Падбярэскі: ) “А самі вы яго слухалі?”

(Лукіна: ) “Сама слухала даўно ў сяброўкі ў гасьцях. Яна вельмі любіць беларускую музыку, таму я і слухала разам зь ёй. Так, прыемная, вясёлая музыка. На фоне палітычнай абстаноўкі ў краіне ў той час гэта быў нейкі такі прарыў, паслухаць было цікава”.

(Падбярэскі: ) “Апошняя мая сустрэча адбылася зь Веранікай Кругловай. Было такое ўражаньне, што яна толькі-толькі выйшла са студыі, у якой запісваецца той самы “Народны альбом”.

(Вераніка Круглова: ) “Гэты альбом мой самы любімы, і для мяне спачатку работа над ім была нейкай такой рэклямай. Потым я ўжо паступова набывала такую прафэсійнасьць. Я альбом гэты вельмі люблю, таму што ён вельмі канцэптуальны, беларускі, народны альбом”.

(Падбярэскі: ) “Табе не здаецца, што ён, можа, з часам, магчыма, старэе ці ён ўсё ж жыве сваім самастойным жыцьцём?”

(Круглова: ) “Ён мае пэўную трансфармацыю. Сам альбом расьце, робіцца ўсё больш прафэсыйны, і мы робім ужо нават імправізацыі на гэты альбом. Тэксты не мяняюцца, але ж музыка ў ім мяняецца, як зьмяняецца нашае жыцьцё”.

(Падбярэскі: ) “Якая там твая самая любімая песьня?”

(Круглова: ) “Самая любімая “Матка Боска Вастрабрамска”. Гэта тое, што сьпяваю я. Хаця кожная песьня любімая, кожная песьня — абавязкова гіт. Гэты альбом я бы з задавальненьнем паслухала з залі”.

(Падбярэскі: ) “Пытаньне па-за тактам. Мы цяпер сядзім з табой і размаўляем каля “МакДональдза”. Як на тваю думку, ці дажывем мы да такіх часоў, калі ў беларускім “МакДональдзе” будзе гучаць “Народны альбом”?”

(Круглова: ) “Дажывем! Абавязкова!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG