(Зьміцер Падбярэскі: ) “У нашыя дні Інтэрнэт зрабіўся ня толькі магутнай крыніцаю музычнай інфармацыі, але і новым сродкам музычнай прапаганды, полем для самых разнастайных праектаў, так ці інакш зьвязаных з музыкай. Летась сярод музычных рэсурсаў Беларусі зьявіўся новы, які атрымаў назву “Тузін гітоў” (music.fromby.net). Кожныя два тыдні на падставе галасаваньня аматараў беларускай папулярнай музыкі тры выканаўцы, якія сабралі найменшую колькасьць галасоў, пакідаюць гэты тузін, саступаючы месца тром дэбютантам. З часу зьяўленьня “Тузіну гітоў” у сеціве прайшло дзесяць тураў, што і зьявілася падставай для таго, каб пагутарыць з тымі, хто прыдумаў і падтрымлівае гэты праект. У студыі Беларускай Свабоды — журналіст Сяргей Будкін і арганізатар рэсурсу “Тузін гітоў” Вецер Мэханічны.
Шаноўнае спадарства! Месцаў у сеціве, дзе можна было бы дастаткова поўна пазнаёміцца з сучаснай папулярнай музыкай Беларусі, сапраўды няшмат. Але, думаецца, ня толькі гэта падштурхнула вас для стварэньня “Тузіну гітоў”. Што яшчэ?”
(Сяргей Будкін: ) “Мы хацелі бы адлюстраваць усё тое, што адбываецца ў гэты момант у беларускай музыцы. Мы сочым за тым, як выканаўцы рыхтуюць свае альбомы, і перад тым, як яны іх выдаюць, мы намагаемся апярэдзіць рэліз і паставіць песьню. Таксама мы адсочваем апошнія падзеі ў музыцы”.
(Падбярэскі: ) “Чым, на вашую думку, прапаганда музыкі праз Інтэрнэт адрозьніваецца ад цяпер ужо традыцыйных каналаў — радыё, тэлебачаньня, прэсы?”
(Вецер Мэханічны: ) “Сеціўная форма мае на ўвазе вялікую долю інтэрактыву, апэратыўнасьці падачы матэрыялаў, імгненнай зваротнай рэакцыі, таму мы ў гэтым пляне дастаткова гнуткія. Мы можам падаваць музычную інфармацыю ня толькі непасрэдна зь песьнямі, але і ў рамках прамоцыі саміх музыкаў, іх мерапрыемстваў, адказаў на пытаньні прыхільнікаў”.
(Падбярэскі: ) “Як і варта было чакаць, першыя туры вызначаліся штучным накручваньнем галасоў тых ці іншых выканаўцаў. У вас нават адбыўся канфлікт са Славам Коранем”.
(Будкін: ) “Я вось тлумачу ўсім выканаўцам, якія зацята ціснуць на курсор, што гэта ўсё ж умоўнасьць, гэты гіт-парад адлюстроўвае апошнія навінкі і дае мажлівасьць людзям паслухаць іх. Па сутнасьці, ня важна, хто там пераможа…”
(Падбярэскі: ) “Ну, не скажы!.. Усё ж для музыкаў, зь іх амбіцыямі…”
(Будкін: ) “Яны, канечне, любяць займаць першыя месцы, таму яны і намагаюцца заахвоціць усіх сваіх сяброў, знаёмых і гэтак далей”.
(Падбярэскі: ) “Як вы адбіраеце дэбютантаў і наколькі саступаеце магчымаму ўціску з боку тых, каго ў “Тузіне” няма?”
(Будкін: ) “Збольшага нам, канечне, прапануюць самі выканаўцы, у нас нейкае сваё кола ўжо ёсьць. Як запішуць новую песьню, дык адразу і прапануюць”.
(Падбярэскі: ) “Вецер Мэханічны! Колькі ў сярэднім чалавек галасуе ў кожным туры і ці дастатковая гэтая колькасьць для таго, каб называць “Тузін гітоў” адбіткам аб’ектыўнага стану рэчаў адносна папулярнасьці нашых выканаўцаў?”
(Вецер Мэханічны: ) “Агульная колькасьць галасоў па выніках туру сягае ад пяці да дзесяці тысяч. Кожны гэты голас — ён суб’ектыўны. Чалавек мае права галасаваць. Але ў тым жа ўвесь сэнс: ён мае права і магчымасьць прыйсьці й прагаласаваць за таго, хто яму падабаецца. Альбо не прагаласаваць. Напэўна, мы ня лепшыя і ня горшыя, таму што знаходзімся ў такой жа сытуацыі, у якой знаходзіцца і ўсё грамадзтва. Калі паглядзець рознага кшталту чарты мэдыйныя, радыйныя, кліпы тыя ж — сытуацыя будзе прыкладна такая ж: музыка больш высокага гатунку практычна ня ўтрымліваецца ў масавых чартах”.
(Падбярэскі: ) “Амаль цытую Касю Камоцкую: беларуская музыка — гэта музыка, якая ствараецца беларускімі музыкантамі на тэрыторыі Беларусі. Хачу спытацца па-за тактам: адсутнасьць песень на ангельскай, расейскай мовах — ці не праява гэта з вашага боку моўнай дыскрымінацыі да многіх беларускіх музыкаў?”
(Будкін: ) “Мы адразу паставілі такую мэту: прапагандаваць перадусім беларускамоўную музыку, нават калі яна створаная не ў Беларусі. А што да расейскамоўных гуртоў… Проста іх значна болей, чым тых, хто сьпявае па-беларуску, і таму мы хацелі падтрымаць усё ж такі найперш беларускамоўных”.
(Вецер Мэханічны: ) “Як і ўсялякі праект — пры запуску адбываецца, канечне ж, яго пазыцыянаваньне. Мы пазыцыянавалі сябе менавіта да слухача беларускамоўнай музыкі”.
(Падбярэскі: ) “Наколькі само існаваньне “Тузіну гітоў” ажывіла музычны рынак Беларусі? Ці спрычыніліся вы, калі сьціпла пахваліцца, да адкрыцьцяў новых імёнаў?”
(Будкін: ) “Я так мяркую, што падводзіць вынікі яшчэ рана. Але нейкі ўнёсак, хай сабе і нязначны, мы зрабілі. Мы намагаемся падтрымліваць маладых выканаўцаў. Звычайна мы з трох навічкоў туру ставім двух малавядомых выканаўцаў і аднаго вядомага”.
(Вецер Мэханічны: ) “Я буду менш сьціплы. З аднаго боку, мы — інфармацыйны сродак, які наведваюць тысячы людзей. Мы ня толькі прапануем ім паслухаць нейкую музыку. Мы прапануем даведацца пра гэтых музыкаў, пачытаць навіны. Мы зьяўляемся інфармацыйнымі сецявымі фундатарамі шматлікіх праектаў. Мы спрабуем тыражаваць нашыя песьні ў сучасным беларускім FM-эфіры. І некалькі гуртоў дзякуючы менавіта нашай праграме зьявіліся ў тым жа FM-эфіры ўпершыню”.
(Падбярэскі: ) “Ты маеш на ўвазе, Вецер Мэханічны, вашае супрацоўніцтва з радыё “Рокс”. Ці ўсё ідзе гладка?”
(Будкін: ) “Большасьць песень проста не падпадаюць пад фармат гэтае радыёстанцыі, але ў рамках гэтай праграмы іх ставяць”.
(Вецер Мэханічны: ) “Рокс” са свайго боку зацікаўлены разнастаіць сваю праграмную сетку. Мы, у сваю чаргу, зацікаўленыя ў распаўсюджваньні нашага праекту, у рэкляме ў тым ліку нашага сецявога рэсурсу. У тым, каб музыкі, якія з намі супрацоўнічаюць і ставяць свае песьні ў гіт-парад, гучалі ня толькі ў сеціве, але і маглі быць пачутыя праз радыё. Хаця тут у кожнага і свае мэты, але на сёньняшні дзень у нас праца атрымліваецца”.
(Падбярэскі: ) “Ці стае ў вас сілаў, часу на той “Тузін” дзеля таго, каб у яго межах запрэзэнтаваць у найбліжэйшым часе нешта новае? І што гэта можа быць?”
(Будкін: ) “Натуральна, гэта могуць быць дыскі па выніках хаця бы тых жа галасаваньняў, нейкая падборка песень, якія, напрыклад, перамагалі. Цяпер вядзецца праца ў гэтым кірунку. Я думаю, у гэтым годзе дыск мусіць зьявіцца. Наконт канцэртаў, я думаю, яшчэ ранавата задумвацца, але такая форма таксама можа мець права на існаваньне”.
(Вецер Мэханічны: ) “Наш праект дастаткова малады, мушу зазначыць. Для большасьці карыстальнікаў таго ж беларускага сеціва мы яшчэ новыя, да нас яшчэ прыглядаюцца, мы яшчэ працуем над тым, каб прынамсі тое, што ўжо прадэкляравана, зрабіць лепш. Таму вельмі шмат сілаў проста выдаткоўваецца на тое, каб замацоўваць пазыцыі, той тэмп, які мы ўжо ўзялі. Адносна тых пазасецявых праектаў: акрамя “Тузіну”, зроблены шэраг сайтаў беларускіх музыкаў: маладога гурту “Сівер”, дуэту “Аляксандра і Канстанцін”, таксама сайт этна-фолк гурту “Гуда”.
(Падбярэскі: ) “Дзякуй! Я пажадаю вам посьпехаў, росту гэтага праекту, больш сьмелага ўваходжаньня ў беларускі музычны рынак”.