Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЕВАМУ РУХУ “ЗУБР” СПОЎНІЛАСЯ ТРЫ ГАДЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Акцыя-пэрформанс “Канчатковы дыягназ”, маршы пратэсту “Так жыць нельга”, “За лепшае жыцьцё” — толькі некаторыя буйныя грамадзка-палітычныя падзеі, якія рыхтаваліся й праводзіліся з удзелам руху “Зубр”. Кожная зь іх для многіх зуброўцаў завяршаецца арыштамі, судамі й пакараньнямі. Але вынікам такога супрацьстаяньня з уладамі ёсьць прыток у рух супраціву новых сяброў. З гэтых меркаваньняў вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў “Зубр” адзначае й чарговую гадавіну стварэньня, — кажа каардынатар руху Яўген Афнагель.

(Афнагель: ) “У нас, у Беларусі, гэта самы лепшы сродак агітацыі. У нас няма доступу да СМІ. Таму вулічныя акцыі — гэта тое, што мы заўсёды ставілі на першае месца. У тым ліку й пэрформансы, і шэсьці, і дэманстрацыі. Гэтак будзе й надалей”.

Паводле спадара Афнагеля, як непалітычная арганізацыя “Зубр” ня будзе ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах непасрэдна. Але намерваецца падтрымаць аб’яднаны апазыцыйны рух і заклікае ўсе дэмакратычныя сілы выйсьці на выбары адзіным блёкам.

(Афнагель: ) “Таму што аб’яднаны дэмакратычны блёк можа перамагчы на выбарах. І мы яго абавязкова падтрымаем на тым участку працы, дзе можам прынесьці найлепшую карысьць. Але падтрымаем толькі адзіны дэмакратычны блёк”.

Ад сёлета “Зубр” распачынае супрацоўніцтва з апазыцыйнымі моладзевымі арганізацыямі Ўкраіны. Яны намерваюцца заручыцца ўзаемнай падтрымкай падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне й парлямэнцкіх у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG