Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П’ЕР КАРДЭН ПАБЫВАЎ У МНОГІХ КРАІНАХ, ДЗЕ ПАНУЕ ДЫКТАТУРА. ЦЯПЕР ПРЫЕХАЎ У БЕЛАРУСЬ


Валер Каліноўскі, Менск

З асаблівай павагай да 80-гадовага кутур’е паставіліся і беларускія мытнікі ды памежнікі ў аэрапорце Менску, адпусьціўшы таго на прыём да А.Лукашэнкі проста з трапу самалёта, не праверыўшы пашпарту і багажу. Аляксандар Лукашэнка назваў спадара Кардэна “сапраўдным сябром Беларусі, які дапамагае пераадольваць наступствы Чарнобылю і з энтузіязмам прапагандуе ў Францыі беларускую культуру”. Афіцыйна паведамлялася, што падчас перамоваў А.Лукашэнкі і П.Кардэна абмяркоўвалася магчымасьць паказу ў Менску кардэнаўскага спэктаклю “Трыстан і Ізольда” і арганізацыі стажыровак у Парыжы для спэцыялістаў Беларускага цэнтру моды.

Свой прыезд П’ер Кардэн назваў візытам ветлівасьці. Папярэдні раз ён быў у Менску яшчэ ў савецкі час, васямнаццаць гадоў таму. Пасьля паездкі па горадзе ён прыйшоў да высновы, што “шмат працуе Аляксандар Лукашэнка дзеля адбудовы сталіцы Беларусі, паляпшэньня яе архітэктурнага аблічча і экалягічнай уладкаванасьці”. Камплімэнтарны тон прэсавай канфэрэнцыі спадара Кардэна ў Мастацкім музэі сапсавала, відаць, толькі пытаньне “Свабоды” наконт таго, ці не бянтэжыць спадара Кардэна, які атрымаў ордэн з рук А.Лукашэнкі, што таго Эўракамісія ў нядаўняй заяве назвала апошнім дыктатарам Эўропы. Калі пытаньне прагучала, міністар культуры Беларусі Леанід Гуляка паспрабаваў перашкодзіць адказу П’ера Кардэна:

(Гуляка: ) “Гэтае пытаньне ніякіх адносінаў да візыту спадара Кардэна ня мае. Палітычных пытаньняў спадар Кардэн не вырашае. Пытаньне здымаецца”.

Аднак рэмаркі міністра Гулякі спадар Кардэн не зразумеў ці праігнараваў, такім чынам адказаўшы на пытаньне:

(Кардэн: ) “Я амбасадар цярпімасьці, я не займаюся палітыкай. Перш за ўсё я чалавек кантактаў, якіх я не падзяляю ні паводле рэгіянальных, ні паводле палітычных меркаваньняў… Я хачу разумець кожную асобу. Я наведваў камуністычныя краіны, калі сам быў капіталістам. Упершыню пабываў у СССР у 1963 годзе, наведваў Кубу, Манголію, пабываў усюды ў сьвеце. І гэта не мая функцыя — тлумачыць прычыны чыёйсьці палітыкі. Я мяркую, што мне не належыць дыскутаваць пра паводзіны любога кіраўніка дзяржавы. Ведаеце, мне даволі складана было патрапіць у СССР, сустрэцца зь Фідэлем Кастра, наведаць усе камуністычныя краіны, а таксама Лібію. Таму мяне цяжка западозрыць у нейкіх сувязях з гэтымі краінамі”.

П’ер Кардэн зазначыў, што перш за ўсё ён хоча спрыяць усталяваньню разуменьня паміж людзьмі. Пра нейкія канкрэтныя праекты супрацоўніцтва зь Беларусьсю ён не казаў.

Ордэн Францыска Скарыны зацьверджаны Пастановай Вярхоўнага Савету Беларусі яшчэ ў красавіку 1995 году. Ордэн прызначаны для ўзнагароджаньня за посьпехі на ніве нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, а таксама за заслугі ў галіне культуры і гуманітарнай дзейнасьці і ня мае аналягаў у савецкай наградной сыстэме. Першым кавалерам ордэна у лютым 1997 году стаў мастак Міхаіл Савіцкі, другім – на той час дырэктар і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатру балета Валянцін Елізар’еў. Адным з апошніх узнагароджаных стаў мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі Філарэт, які атрымаў ордэн з рук Аляксандра Лукашэнкі сёлета ў кастрычніку. Ордэнам узнагароджваліся і грамадзяне заходніх дзяржаваў – напрыклад, удзельнікі дабрачыннага праекту “Дзеці Чарнобыля” Віктор Міца, Эды Роўч і Лінда Ўолкер. Аднак здаецца, найбольш ляўрэатаў самага галоўнага беларускага гуманітарнага ордэна сярод расейскіх грамадзянаў – Барыс Ельцын, Юры Лужкоў, Рэм Вяхіраў, дзяржсакратар Павал Барадзін, кампазытар Аляксандра Пахмутава, рэктар Маскоўскага ўнівэрсытэту Віктар Садоўнічы ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG